Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Усё роўна будзем езьдзіць у Польшчу — альтэрнатывы няма…»


З 28 лістапада пачалі дзейнічаць уведзеныя ўрадам новыя абмежаваньні на замежныя паездкі. Зараз на ўласным аўта перасякаць мяжу можна не часьцей чым раз на восем дзён. Такім чынам улады спрабуюць абмежаваць несанкцыянаваны вываз аўтамабільнага паліва.

На пагранічным пераходзе «Брузгі — Кузьніца Беластоцкая» сёньня зусім няма чаргі.

Усе, хто сёньня ехаў у Польшчу на ўласным аўта праз пагранічны пераход «Брузгі — Кузьніца Беластоцкая», былі ўражаныя адсутнасьцю чаргі пры ўезьдзе на памежны пераход. Кіроўцы, якія спыняліся, каб набыць страхоўку, апавядалі, што даўно такога ня памятаюць.

Спадарыня, якая пад’ехала на старэнькім «Фольксвагене», кажа што апошні раз езьдзіла пяць дзён таму.

Спадарыня: «Апошні раз была вялікая чарга. Мы прыехалі сюды а 20-й гадзіне ўвечары, а мяжу праехалі толькі а 8-й раніцы…»

Пытаюся ў спадароў — што яны думаюць пра новыя абмежаваньні перасячэньня мяжы?

Спадар: «Для мяне, вядома, гэта вельмі дрэнна, бо калі мне трэба ехаць, я тут па іх міласьці павінен яшчэ восем дзён чакаць. А мне вось і заўтра яшчэ трэба ехаць, а я цяпер гэтага не магу».

Іншы спадар: «Гэта ўсё вельмі незразумела. Я лічу, што тут парушаюцца правы чалавека, па-першае. А па-другое, у гэтым няма ніякай дэмакратыі — чалавек павінен быць свабодны, ехаць тады, калі яму трэба, і на тым, на чым падабаецца. Так увесь сьвет жыве…»

Асабліва людзей кранае тое, што зараз яны ў месяц могуць зрабіць замест 5–6 паездак толькі 4–5, а страхоўка на машыну як раней, так і цяпер каштуе больш за 70 даляраў на месяц.
Раз яны абмежавалі колькасьць паездак, то няхай бы прадавалі страхоўку на адну паездку, а не на цэлы месяц.

Спадарыня: «Гэта 50 эўра, прыкладна каля 80 даляраў. Раз яны абмежавалі колькасьць паездак, то няхай бы прадавалі страхоўку на адну паездку, а не на цэлы месяц…»

Ніхто з тых, хто едзе сёньня ў Польшчу, не хавае, што, прадаўшы там паліва і цыгарэты, а потым зрабіўшы закупы, значна падтрымлівае свой сямейны бюджэт.

Спадар: «Вядома, заробкі нашыя не адпавядаюць таму, каб на іх можна было пражыць. Вось людзі і едуць туды. Тыя, хто жыве побач з Расеяй, едуць у Расею, а хто побач зь Літвой — у Літву. А хто ў цэнтры Беларусі жыве — я наагул ня ведаю, як яны жывуць…»

Спадарыня: «Калі ёсьць дзіця, то на наш мільён нічога ня купіш. Таму вязем адтуль найперш харчы, парашкі пральныя, рознае начыньне, нават тыя ж пампэрсы там значна таньнейшыя…»

Многія з маіх суразмоўцаў выказвалі здагадку, што з увядзеньнем новых абмежаваньняў чэргі могуць зьменшыцца, але ўсе перакананыя, што людзі надалей будуць імкнуцца туды езьдзіць.

Спадарыня: «Мне здаецца, усё роўна людзі паедуць, альтэрнатывы няма. А тым болей зараз, перад Калядамі, зьніжкі ў крамах пачнуцца — усе паедуць».

Спадар: «Вядома, каб тут атрымлівалі нармальны заробак, то людзі б трымаліся сваіх працоўных месцаў і ўсё было б нармальна, а так…»
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG