Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Каўбасныя" рэйсы з Усходу


Маштабнае абясцэньваньне беларускага рубля і адкрытая беларуска-расейская мяжа зрабілі беларускі спажывецкі рынак надзвычай прывабным для многіх расейцаў. У выходныя жыхары памежных раёнаў Бранскай, Смаленскай ды Пскоўскай абласьцей робяць камэрцыйныя рэйсы ды скупляюць тут малако, тварог, мяса, курыныя яйкі, мінэральную ваду ды іншыя прадукты. Гэтыя закупы абыходзяцца ім прыкладна на траціну таньней, чым дома, нават з улікам дарожных выдаткаў. Тым часам у беларускіх спажыўцоў гэта выклікае незадавальненьне, бо ў крамах часта ўзьнікае дэфіцыт многіх прадуктаў.


ГОМЕЛЬШЧЫНА: "За 2 тысячы расейскіх рублёў я ў Беларусі прадуктаў вышэй галавы набяру"


Жыхары сумежных з Гомельшчынай расейскіх раёнаў масава скупляюць беларускія харчовыя й прамысловыя тавары. Аўтамашыны зь лічбавымі кодамі 32 — суседняй Бранскай вобласьці — штодня паркуюцца ля буйных гандлёвых цэнтраў і рынкаў Гомеля.

Кіроўца Аляксандар са сваякамі прыехаў у Гомель з Навазыбкава, да якога няма і сотні кілямэтраў:

"Гэта я прыехаў са сваякамі — пантофлі трэба купіць, з прадуктаў — каўбаскі ў вас добрыя, мы заўсёды іх бярэм. І малако, і сыру крыху — і сяго, і таго".

Расеец кажа, што раней і ён сам, і ягоныя знаёмыя з Навазыбкава, Клінцоў, Злынкі рэдка прыяжджалі ў Гомель на закупы. Дэвальвацыя ж беларускага рубля зрабіла харчовыя ваяжы выгаднымі:

пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:56 0:00
Наўпроставы лінк

"Вось цяпер часьцяком. Раней мы рэдка прыяжджалі, таму што грошы былі амаль аднолькавыя па кошце. А цяпер курс высокі, і нам выгадна езьдзіць да вас. Адна наша тысяча расейская — вашых 220 тысяч. Вельмі выгадна. Калі я сваіх 2 тысячы памяняю, то вашых выходзіць 440 тысяч. Я тут вышэй галавы набяру чаго заўгодна".

"Абмяняць расейскія рублі на беларускія можна на мяжы альбо на мясцовых рынках у Расеі".

Суразмоўца кажа, што расейскія грошы ён мяняе на беларускія на мяжы альбо нават у сябе на рынку ў Навазыбкаве.

Кошты на харчы ў Беларусі ніжэйшыя, чымсьці ў Расеі:

"Калі тут мы мяса бралі, такое дабрэннае, самае дарагое, па 170—200 расейскіх рублёў за кілё, то ў нас мяса каштуе 300—400. Дорага! Пакуль тут у вас цярпець яшчэ можна".

Пасьля расейцаў на некаторыя прадукты ўтвараецца дэфіцыт


Набегі расейцаў на гомельскія крамы спрычыніліся да некаторага дэфіцыту харчовых прадуктаў. У прыватнасьці, перабоі зь мясам здараюцца ў фірмовых крамах агракамбінату "Сож", Жлобінскага й Калінкавіцкага мясакамбінатаў. У чэргах стаяць і гамельчукі, і прыежджыя расейцы.

Некаторыя гамельчукі наагул лічаць, што не інфляцыя, а менавіта наплыў расейцаў спрычыніўся да зьнікненьня шэрагу прадуктаў з прылаўкаў і росту коштаў на іх.
Гаворыць гомельская пэнсіянэрка спадарыня Вера:


Лічу, што з-за наплыву расейцаў у нас даражэюць харчы
"У нас цяпер наплыў расейцаў, і яны ў нас скупляюць прадукты. Таму яны ў нас і даражэюць. Ня ведаю, як там інфляцыя, а расейцаў у нас надзвычай шмат. Для нас, карэнных беларусаў, гэта кепска".

Афіцыйныя ўлады Гомеля сьцьвярджаюць, што 10 адсоткаў таваразвароту ў рэгіёне даюць менавіта расейскія пакупнікі. Прынамсі, такая лічба называлася на нарадзе ў аблвыканкаме. І гэта без уліку таго, што самі беларускія грамадзяне таксама вывозяць харчы на продаж у Расею.


МАГІЛЁЎШЧЫНА: "Расейцы ніколі не шыкавалі, а цяпер яны ствараюць галечу і ў Беларусі"


Жыхары Крычаўскага раёну Магілёўшчыны вінавацяць расейцаў у зьбядненьні асартымэнту тавараў у мясцовых крамах, а таксама ў высокіх коштах на рынку.

Як сьцьвярджаюць жыхары райцэнтру, выбар харчоў на прылаўках крамаў бяднее бліжэй да вечара ў працоўныя дні. У выходныя на асобныя групы прадуктаў у крамах бывае нават дэфіцыт:

"Дапусьцім, і тых жа каўбас, і асабліва малочных прадуктаў. Прадаецца й разьмятаецца дужа многа. Расейцы ж прыяжджаюць. На рынку высокія цэны на гародніну, бульбу — хоць нібыта й сэзон. Зноў жа з-за таго, што Расея пад’яжджае й раскупляе", — апавядае пра сытуацыю з харчамі жыхар Крычава Мікалай.

У райвыканкаме не адмаўляюць, што ў мясцовых крамах пакупнікі з суседняй краіны — частыя госьці, аднак не згаджаюцца, што выбар харчовых тавараў звужаецца. Сытуацыю тлумачыць супрацоўніца гандлёвага сэктару аддзелу эканомікі:

"Ніводная крама не дапускае пустых паліц. Расейцы ёсьць. Раней іх было болей. Цяпер стала значна меней. Было болей у ліпені".

Карэспандэнт: "У нас, відаць, таньнейшыя тавары, чым у Расеі?".

Супрацоўніца райвыканкаму: "Ну, так. Балазе і курс высокі. Яны прыехалі сюды, грошы памянялі. Яны ў іх падвоіліся. Яны ж ня толькі набываюць адно найменьне — каўбасу, дапусьцім, — а ўсё, што ім неабходна. Прыехалі, купілі й паехалі назад".

Мы становімся галотай, бо бесталковая палітыка
Найчасьцей у раён па харчы наведваюцца жыхары суседніх Смаленскай і Бранскай абласьцей Расеі, кажа спадар Мікалай. Колькасьць машын з нумарамі гэтых рэгіёнаў, паводле яго, павялічылася ўтрая.

"Гэта самыя адсталыя вобласьці. Там жа галеча. Яны ж ніколі не шыкавалі. А цяпер усё прыйшло да таго, што мы становімся галотай, бо бесталковая палітыка. Сёньня за адзін расейскі рубель у рэгіёне даюць 250—260 беларускіх. Яны тысячу памянялі, і ў іх ужо 260 тысяч нашых, таму яны ўсё і скупляюць".

Падобная сытуацыя і ў іншых памежных раёнах Магілёўшчыны. Усё болей машын з расейскімі нумарамі зьяўляецца ля крамаў нават у Магілёве й Бабруйску. Ад мяжы гэтыя гарады за сто — сто пяцьдзесят кілямэтраў. Крычаў жа — за трыццаць. Мытнага кантролю на мяжы няма.


БЕРАСЬЦЕЙШЧЫНА: У Расею — 42 000 тон мяса, а ў рэгіёне — ажыятаж за кіляграмы


Ажыятажны попыт на мяса яшчэ на мінулым тыдні спарадзіў чэргі ў крамах Берасьця. Людзі куплялі адразу па 5—7 кіляграмаў, бо зьявіліся чуткі, што мяса падаражэе.

Не дазваляюць фінансы купляць мяса на кірмашы. Магу вось толькі курыцу хіба купіць раз на месяц
У выніку мяса пачало зьнікаць з паліцаў, што спарадзіла яшчэ большую паніку. Тлумачыць яе прычыны перад насельніцтвам мусіў старшыня Берасьцейскага аблвыканкаму Канстанцін Сумар. Паводле яго, мясакамбінаты Берасьцейшчыны ня выканалі плян паставак мяса ў дзяржаўныя крамы абласнога цэнтру. Згодна гэтым плянам, месячная патрэба Берасьця ў сьвініне складае 40 тон. Аднак шмат якія мясакамбінаты проста праігнаравалі заяўкі берасьцейскіх крамаў. А тым часам у Расею з рэгіёну было вывезена 42 тысячы тон сьвініны і ялавічыны.

Старшыня аблвыканкаму сабраў кіраўнікоў мясакамбінатаў на нараду, пасьля якой мяса ў берасьцейскія крамы пачало вяртацца, але ўжо па вышэйшых коштах. Пакупнікі пра гэта кажуць нэрвова:

(Спадарыня): "Не дазваляюць фінансы купляць мяса на кірмашы. Магу вось толькі курыцу хіба купіць раз на месяц".

(Другая спадарыня): "Я вось купіла кіляграм паляндвіцы, але гледзячы па коштах, ня ведаю, як часта змагу цяпер яе набываць".

На сёньня сярэдні кошт мяса ў крамах Берасьцейшчыны — 30—40 тысяч за кіляграм.


Мікалай Петрушэнка: "Цяпер беларуская эканоміка — адкрыты кірмаш для Расеі"


Мікалай Петрушэнка, актывіст грамадзянскай кампаніі "Наш дом" жыве на Віцебшчыне. Ён перакананы, што сытуацыю ў памежных рэгіёнах абцяжарваюць пралікі беларускай улады:

"Інакш і быць ня можа, бо беларуская эканоміка нагадвае адкрыты кірмаш для Расеі. Мае сябры і знаёмыя тэлефануюць з Расеі і заяўляюць: "Вой, як добра, у вас такія танныя прадукты…". Я ім адказваю, што, можа, і добра, але толькі не для нас. Беларусаў палохае, што так будзе цягнуцца й далей. Нам, беларусам, трэба думаць пра надзейнасьць беларускага рубля.

Гэтая задача стаяла перад нашай Беларусьсю яшчэ і 20 гадоў таму. Гэта ж мы ўжо праходзілі. Давер да беларускага "зайчыка" цалкам страчаны. Няма даверу і да кіраўніцтва на чале з Лукашэнкам і Мясьніковічам. Я лічу, што гэты рэжым зьняў зь сябе адказнасьць за высокія цэны й пустыя паліцы ў дзяржаўным гандлі".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG