Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алег Воўчак: Гэта вялікае кляймо, гэта другая «віцебская» справа


Алег Воўчак
Алег Воўчак
У працэсе над абвінавачанымі ў тэрарызьме Дзьмітрыем Канавалавым і Ўладзіславам Кавалёвым завершыліся судовыя слуханьні.

З апошнім словам выступіў адзін з абвінавачаных Уладзіслаў Кавалёў. Ён па-ранейшаму не прызнае сябе вінаватым у арганізацыі і правядзеньні тэракту. Пацьвердзіў ранейшыя сьведчаньні, што ўсе паказаньні зрабіў пад прымусам і пад пагрозай сьмяротнага пакараньня. Ён таксама заявіў, што перакананы ў невінаватасьці Канавалава. Дзьмітрый Канавалаў адмовіўся даваць паказаньні падчас судовага працэсу, таксама ён адмовіўся прамаўляць і апошняе слова. Пра хаду і вынік судовага працэсу з кіраўніком праваабарончага цэнтру «Прававая дапамога насельніцтву» Алегам Воўчакам гутарыла Галіна Абакунчык.

— Як можна ацаніць выступ абвінавачанага Кавалёва і тое, што Канавалаў адмовіўся і ад сьведчаньняў, і ад апошняга слова?

— Паводле практыкі нашага прававога цэнтру, практычна кожны наш кліент сьведчыць пра тры складнікі свайго абвінавачаньня: выкарыстоўваецца гвалт, шантаж, ілжэсьведчаньні, а таксама робіцца ціск на бліжэйшых сваякоў. Гэта адбываецца досыць часта і вельмі распаўсюджна. Тое, што Кавалёў заяўляў на пачатку і на завяршэньні суду, ён заявіў пасьлядоўна. Ён дакладна паведаміў, дзе і ў якім кабінэце адбывалася зьбіцьцё, на якім паверсе. Ён дакладна назваў прыкметы тых людзей, якія гэта рабілі. Але пракуратура гэтым не займалася, бо пракуратура ідзе на повадзе ў крымінальнага вышуку гэтых сакрэтных спэцслужбаў.

А тое, што Канавалаў адмовіўся ад апошняга слова, можа сьведчыць, што ён псыхічна нездаровы пасьля ўсяго гэтага зьбіцьця. Бо ён неяк рэагаваў бы. Бо калі зусім не рэагаваць, ведаючы, што пагражае сьмяротнае пакараньне, то чалавека альбо запалохалі і зламалі, ці ня ведаю, што зь ім маглі зрабіць за чатыры месяцы. Але ўсе доказы, здабытыя такім шляхам, ня могуць стаць падставаю для прыгавору суду.

— Судовы працэс аб тэрарызьме ў сучаснай Беларусі праводзіцца ўпершыню. З гледжаньня праваабаронцаў і юрыстаў, наколькі прафэсійна і пісьменна гэта адбываецца?
Гэта сорам, сорам усёй праваахоўчай сыстэмы, ганьба перад Інтэрполам і ўсімі міжнароднымі спэцслужбамі

— Мы ўсе забываем, што першы працэс аб тэрарызьме быў над прадпрымальнікам Аўтуховічам, які атрымаў турму за пяць патронаў. Таму я лічу, што гэта другі працэс — і другі няўдалы. Ён крайне непісьменна падрыхтаваны і цалкам палітызаваны, гэтак жа, як і працэс Аўтуховіча. Няма аніякай лёгікі і ўвогуле — у мяне складваецца ўражаньне, што зьляпалі з таго, што было, і адправілі ў суд. Ведаючы, што суд прыме іх гледжаньне, і ня трэба напружвацца ды нешта думаць. Увогуле, канечне, гэта сорам, сорам усёй праваахоўчай сыстэмы, ганьба перад Інтэрполам і ўсімі міжнароднымі спэцслужбамі. Гэта вялікае кляймо, гэта другая «віцебская» справа. Я ўсюды ўжываю гэтае слова і нагадваю грамадзкасьці пра гэтую справу, калі з 15 чалавек двух расстралялі, а астатнія выйшлі з-за кратаў інвалідамі.

— Што азначае для беларускай грамадзкасьці хада працэсу і патрабаваньне сьмяротнага пакараньня, чым гэта небясьпечна для грамадзкасьці?

— Гэты судовы працэс паказаў, што людзі ў нашай краіне не абароненыя. І праваахоўныя органы, і суд, і сама дзяржава, якія абавязаныя абараняць чалавека, яны наадварот зьбіваюць, зьнішчаюць, ломяць лёсы людзей. І проста ў людзей няма абароны ўнутранымі даступнымі мэханізмамі — судовымі і праваахоўнымі. А міжнародная супольнасьць, я думаю, таксама дасьць ацэнку гэтаму працэсу. Але самае галоўнае людзі ўжо сказалі. Людзі на сто адсоткаў упэўненыя, што ўлада арганізавала гэты выбух, што яна датычная да ўсяго, і што гэта — невінаватыя людзі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG