Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Не зважаючы на журналісцкую этыку


Назіральнікі ад Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека і Ўсясьветнай арганізацыі супраць катаваньняў сёньня выступілі з супольнай заявай. Яны зьвяртаюць увагу на тое, што беларускія афіцыйныя мэдыі праводзяць кампанію дыскрэдытацыі кіраўніка праваабарончай арганізацыі «Вясна» Алеся Бяляцкага. Прадстаўнікі міжнародных арганізацыяў называюць яе «абразьлівай кампаніяй паклёпу».

Міжнародныя экспэрты канстатуюць: дзяржаўныя СМІ Беларусі прадстаўляюць справу Алеся Бяляцкага так, нібыта ўжо даказана, што праваабаронца вінаваты ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў і ў крадзяжы бюджэту донараў. Такі падыход дзяржаўных журналістаў да асьвятленьня гэтага працэсу абсалютна ня дзівіць старшыню камісіі па этыцы Беларускай асацыяцыі журналістаў Анатоля Гуляева:

«Я хацеў бы з гэтай нагоды згадаць і той матэрыял, які адразу пасьля падзеяў 19 сьнежня быў надрукаваны ў „Советской Белоруссии“, ці як яна там цяпер завецца. Яго перадрукавала „Звязда“ ды іншыя газэты. Яшчэ не было ні вынікаў, ні суду, ні сьледзтва, а апазыцыйныя кандыдаты ў прэзыдэнты ўжо былі абвінавачаныя ні больш ні менш як у арганізацыі дзяржаўнага перавароту».

У заяве прыводзяцца і канкрэтныя прыклады вольнага абыходжаньня з матэрыяламі. Так, на тэлебачаньні ў сюжэце пра справу Алеся Бяляцкага паказалі фатаграфіі са сьвяткаваньня Новага году ў памяшканьні «Вясны». Здымкі ўзялі з кампутараў, якія канфіскаваў КДБ. Відавочна, КДБ перадае іх афіцыйным СМІ, — робяць выснову экспэрты.

Альбо яшчэ адзін прыклад. БелТА распаўсюдзіла матэрыял «Як „праваабаронца“ Бяляцкі зрабіў для сябе прыгожае жыцьцё», і яго перадрукавалі многія дзяржаўныя газэты. У матэрыяле некалькі разоў сьцьвярджаецца, што Бяляцкі валодаў вялікімі грашыма. Аднак ва ўсім артыкуле, адзначаюць міжнародныя экспэрты, няма ніводнай (!) лічбы.

Такія факты выходзяць за рамкі журналісцкай этыкі, лічыць доктар юрыдычных навук, прафэсар Міхаіл Пастухоў. Ён кажа, што праўдзівасьць і аб’ектыўнасьць у выкладаньні інфармацыі — адны з асноўных прынцыпаў журналісцкага кодэксу гонару:

«Важна падаваць матэрыял аб’ектыўна. І недапушчальна выкладаць матэрыял, каб дагадзіць якому-небудзь пункту гледжаньня — ці гэта будуць дзяржаўныя інтарэсы, ці карпаратыўныя, ці то асабістыя. У тых двух прыкладах якраз і назіраецца яўны адыход ад базавых прынцыпаў журналісцкай этыкі».

Анатоль Гуляеў называе сябе вэтэранам журналістыкі. І кажа:
Я для сябе зрабіў выснову — там, дзе ёсьць дзяржаўныя СМІ, няма прафэсійнай этыкі

«Я для сябе зрабіў выснову — там, дзе ёсьць дзяржаўныя СМІ, няма прафэсійнай этыкі. А там, дзе ёсьць прафэсійная этыка, ня можа быць дзяржаўных СМІ».

На маё пытаньне, на якой падставе КДБ перадаў дзяржаўнаму тэлебачаньню прыватныя фатаздымкі, начальнік цэнтру інфармацыі і грамадзкіх сувязяў КДБ Беларусі Аляксандар Антановіч адказаў так:

«Чамусьці ўсе адразу бачаць тут КДБ. Гэта думка людзей, якія чамусьці вырашылі, што інфармацыя пайшла ад нас. Хутчэй за ўсё, яна трапіла зь іншых крыніц. У нас жа цяпер усе любяць паразьмяшчаць усё ў сваіх блогах, яшчэ дзе-небудзь, каб пакрасавацца ў якіх-небудзь „Кантактах“, „Аднаклясьніках“ і г.д.».

А вось аўтара артыкула «Як „праваабаронца“ Бяляцкі зрабіў для сябе прыгожае жыцьцё» Дзяніса Паляванава знайсьці немагчыма. У БелТА кажуць, што штатнага супрацоўніка з такім прозьвішчам у іх няма.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG