Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пракуратура папярэджвае арганізатараў Народнага сходу


Уладзімер Кацора
Уладзімер Кацора
Гомельскі грамадзкі актывіст Уладзімер Кацора атрымаў 2 лістапада папярэджаньне пракуратуры Савецкага раёну. Актывіста пісьмова папярэдзілі пра недапушчальнасьць парушэньня закону «Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь».

Кацора: «Мяне вельмі зьдзівіла, што ў папярэджаньні ёсьць сьцьвярджэньне: наяўныя матэрыялы й дакумэнты, у тым ліку арганізацыйнага характару, сьведчаць пра арганізацыю мной „масавых мерапрыемстваў на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, на якія дзеяньне закону „Аб рэспубліканскіх і мясцовых сходах“ не распаўсюджваецца“. У пракуратуры мне не змаглі ня толькі паказаць, але й назваць гэтыя „матэрыялы й дакумэнты“. Таму я й напісаў на папярэджаньні, што ня згодны зь ім».

Спадар Кацора перакананы, што мясцовыя ўлады, і пракуратура ў прыватнасьці, ніяк ня хочуць прызнаць права за грамадзянамі стаць ініцыятарамі народных сходаў, замацаванае ў адпаведным законе.

На думку актывіста, трэба не папярэджаньні выносіць чальцам арганізацыйных камітэтаў, а дапамагаць ім ладзіць такія сходы, альбо, у адваротным выпадку, імчацца ў парлямэнт і прасіць скасаваць закон «Аб рэспубліканскіх і мясцовых сходах».

8 кастрычніка за гадзіну да правядзеньня Народнага сходу на пляцоўцы ля ДК «Віпра» спэцназ затрымаў Уладзімера Кацору й даставіў яго ў Цэнтральны райаддзел міліцыі. Там маёр Шукель склаў на яго адміністрацыйны пратакол пра парушэньне закону аб масавых мерапрыемствах. Уладзімера накіравалі ў ізалятар часовага ўтрыманьня, дзе ён да суду трымаў сухую галадоўку.

11 кастрычніка судзьдзя Цэнтральнага раёну Марына Дамненка на падставе міліцэйскага пратаколу аштрафавала спадара Кацору на 350 тысяч рублёў. Гэты вырак актывіст аспрэчыў у абласным судзе.

Кацора: «Перад 8 кастрычніка я ад свайго імя распаўсюдзіў улёткі наконт правядзеньня Народнага сходу. Гэтым разам ніякага запрашэньня ад свайго імя я не рабіў. І тым ня менш пракуратура мяне папярэджвае. Відаць, сапраўды апасаецца, што 12 лістапада гамельчукі зноў прыйдуць на сход да ДК «Віпра».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG