Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пакараныя за Народны сход


Уладзімер Кацора і Ўладзімер Няпомняшчых.
Уладзімер Кацора і Ўладзімер Няпомняшчых.
Суд Цэнтральнага раёну Гомеля пакараў сёньня штрафамі сяброў аргкамітэту Народнага сходу: Уладзімера Кацору — 350 тысячамі рублёў, Уладзімера Няпомняшчых — 175 тысячамі. Іх абвінавацілі ў парушэньні парадку арганізацыі й правядзеньня несанкцыянаванага масавага мерапрыемства.

У суд Уладзімера Кацору й Уладзімера Няпомняшчых прывезьлі пад вартай з ізалятара часовага ўтрыманьня. Міліцыя пасадзіла іх за краты прэвэнтыўна. Уладзімер Кацора трымаў у ізалятары сухую галадоўку. У суд прыйшлі ягоныя жонка, дачка, брат, сястра, а таксама багата паплечнікаў.

Суд над Уладзімерам Кацорам і Ўладзімерам Няпомняшчых
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:15 0:00
Наўпроставы лінк

Адміністрацыйную справу супраць спадара Кацоры разглядала судзьдзя Марына Дамненка. У міліцэйскім пратаколе было пазначана, што тры запрашэньні на Народны сход ад імя Ўладзімера Кацоры былі выяўленыя ў гандлёвым цэнтры «Сакрэт» — акурат насупраць Цэнтральнага райаддзелу міліцыі. А ўсяго Ўладзімер вырабіў і распаўсюдзіў з уласнай ініцыятывы 20 тысяч такіх запрашэньняў.

Спадар Кацора выказаў недавер судзьдзі Дамненцы з тае прычыны, што яна неаднаразова разглядала справы грамадзкіх актывістаў і выносіла ім незаконныя абвінаваўчыя прысуды. Судзьдзя адхіліла адвод. Тады Ўладзімер Кацора наагул адмовіўся адказваць на любыя пытаньні судзьдзі.

Марына Дамненка зачытала матэрыялы справы і адразу абвясьціла вырак: ня арышт, як зазвычай, а штраф — 10 базавых велічыняў, што складае 350 тысяч рублёў.

Кацора: «Можа, таму, што мы так трымаліся, і быў такі вырак. Наагул я скажу, што грамадзкасьць павінна ведаць, што ёсьць кропкі, цэнтры супраціву. І падзеі 8 кастрычніка паказалі, што такія цэнтры ёсьць і ў Гомелі. І гэта добра. Беларусь зараз стаіць на парозе вялікіх пераменаў».

Пасьля сухой галадоўкі Ўладзімеру цяжка гаварыць:

«Гэта ня першая галадоўка і ня першая сухая. У мяне была асобная камэра. Па маёй просьбе ў камэры адключылі ваду, каб не было спакусы. Зараз даюць тут матрац, коўдру, прасьціны».

Уладзімера Няпомняшчых судзіла Алена Цалкова. Уладзімера міліцыянты затрымалі позна ўвечары 7 кастрычніка і таксама адправілі ў ізалятар. Актывіст пацьвердзіў у судзе, што на праспэкце Леніна сапраўды прыклеіў налепку пра Народны сход на слупе вулічнага асьвятленьня. Не пагадзіўся ён, аднак, з кваліфікацыяй учынку. Заявіў, што Народны сход праводзіўся на падставе Закону Рэспублікі Беларусь «Аб рэспубліканскіх і мясцовых сходах». Тым ня менш судзьдзя пакарала спадара Няпомняшчых штрафам — як за парушэньне парадку арганізацыі масавага мерапрыемства.
За кошт штрафаў гэтая дзяржава й жыве. На іншае ня здольная — мазгоў не хапае.


Няпомняшчых: «Суткі не далі з тае прычыны, што эканамічная сытуацыя ў краіне вельмі кепская і трэба папраўляць становішча Колі й ягонага таты за кошт штрафаў.

За кошт штрафаў гэтая дзяржава й жыве. На іншае ня здольная — мазгоў не хапае».

Сястра спадара Кацоры, якая ніяк не зьвязаная з грамадзкім рухам, лічыць, што пакараньне брата і спадара Няпомняшчых адносна невялікімі штрафамі, а ня арыштам, зьвязанае зь цяперашняй эканамічнай і сацыяльнай сытуацыяй у краіне:

«Там ужо „наверсе“ баяцца — людзей баяцца, народу баяцца, я так думаю. На ўсякае дзеяньне ёсьць супрацьдзеяньне. І яно больш моцнае, чымсьці было да гэтага. Народ ня можа жыць па-старому».

Гомельскі праваабаронца, юрыст Леанід Судаленка, які назіраў за судамі, так камэнтуе пакараньне грамадзкіх актывістаў:

«Гомельскія арганізатары выканалі ўсе патрабаваньні закону пра мясцовыя сходы. Тым ня менш іх караюць — у народных сходах шукаюць прыкметы масавага мерапрыемства. Улады бессаромна падмяняюць законы. каб ня даць людзям сабрацца й публічна сказаць пра сацыяльна-эканамічнае становішча ў нашай краіне».
Леанід Судаленка (у плашчы) побач з Уладзімерам Кацорам (у белай куртцы) пасьля суду.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG