Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Класкоўскі пацьвердзіў, што ў калёніі яму пагражалі згвалтаваньнем


Як правялі першы дзень на волі вызваленыя 14 верасьня палітзьняволеныя, ці пасьпелі адчуць смак свабоды, чым зьбіраюцца займацца далей?

Аляксандар Малчанаў
Аляксандар Малчанаў, які адбываў пакараньне ў Магілёўскай калёніі, яшчэ ўчора ўвечары дабраўся да роднага Барысава. У свой першы дзень на волі зьбіраецца сустрэцца зь сябрамі:

«Раніцай я наагул свабоды гэтай і не адчуў, ніякіх разьняволеных эмоцый не было. Я ня мог разабрацца ў сваіх пачуцьцях, але зараз ужо зона засталася ў далёкім мінулым, хоць у памяці яшчэ ўспаміны, але як адзін са змрочных момантаў у біяграфіі — маўляў, гэта было калісьці даўно… А зараз трэба ўлівацца ў звыклы рытм жыцьця. Трэба ўладкавацца на працу, думаю аднавіцца на вучобе ў Міжнародным гуманітарным эканамічным інстытуце».

Зьміцер Новік
Зьміцер Новік, які адбываў пакараньне ў Шклоўскай калёніі, толькі позна ўначы дабраўся са Шклова ў родныя Баранавічы, мінуўшы Менск. І гэта першае яго інтэрвію Радыё Свабода. Думкі ягоныя ўсё яшчэ там:

«Быў беспрэцэдэнтны ціск, вельмі жорстка нас прымушалі напісаць прашэньні, з пагрозамі і гвалтам. Можна сказаць, што нашы шклоўскія вязьні не паддаліся, але давялося шукаць кампраміс. Я, да прыкладу, напісаў: „Прашу вызваліць ад далейшага адбываньня пакараньня“, і больш нічога. Без прызнаньня віны, безумоўна. Гэта наагул не абмяркоўвалася. Але калі я пісаў радок „без прызнаньня віны“, мне казалі, што гэта наагул „не пракоціць“, напішы хаця б так. З упэўненасьцю магу сказаць, што людзі, якія напісалі прашэньні, выйшлі ў першай партыі. Наша ўжо партыя — гэта людзі, якія не хацелі здавацца».

Зьміцер Новік некалі служыў ва ўнутраных войсках, быў ахоўнікам у Баранавіцкай і Навасадзкай калёніях. І можа параўнаць, як абыходзяцца са звычайнымі крымінальнікамі і палітычнымі вязьнямі:

«Нас пастаянна слухалі — мяне, Статкевіча. Загадалі наагул не гаварыць на тэму палітыкі, толькі пра побыт, і то толькі станоўча, што ў цябе ўсё добра. Інакш імгненна абрубаецца званок. Праверкі па некалькі разоў на дзень, прыдзіркі на роўным месцы, ператрусы плянавыя і раптоўныя, абмежаваньні ўва ўсім, у тым ліку і ў кантактах. „Шасьцёркі“, „стукачы“ паўсюль. Ва ўсім гэтым угадваюцца мэтады айчыннага гестапа, якое абазначаецца трыма літарамі. Вельмі брудныя мэтады працы».

Аляксандар Класкоўскі
Аляксандар Класкоўскі, які адразу пасьля вызваленьня паехаў да сям’і ў Бялынічы, таксама думкамі яшчэ там:

«Нават яшчэ і не адчуў, што гэтае вызваленьне адбылося. Прашэньня я не падпісваў. Думаю, і шмат хто з вызваленых не падпісваў. На імя Аляксандра Рыгоравіча ні заяваў ніякіх, ні прашэньня ў ніякім выглядзе я не пісаў. Казалі, маўляў, не прызнавай віны. Але пазьней ужо ніхто нічога не прасіў і не прапаноўваў. У калёніі ведалі, з кім можна працаваць, а нам канкрэтна пагражалі».

І хоць Аляксандар Класкоўскі кажа, што цяжэй за ўсё было ў сьледчым ізалятары КДБ, дзе са зьняволенымі працавала група «Альфа», у Шклове было таксама не салодка. Прычым у калёніі былі тры хвалі ціску:

«Першая хваля адбылася пасьля таго, як Аляксандар Рыгоравіч наведваў Шклоўскую папяровую фабрыку. Другая хваля ціску — калі вызвалілі першых дзевяць вязьняў. Тады, як я разумею, паступіла зь Менску дырэктыва закруціць гайкі. Ну, а трэцяя хваля — калі ніхто ўжо нічога не прапаноўваў, а пад пагрозамі і ціскам прымушалі».

У інтэрвію «Эўрарадыё» спадар Класкоўскі пацьвердзіў, што у калёніі яму пагражалі згвалтаваньнем, калі ён адмовіцца падпісваць прашэньне аб памілаваньні.«Так, так. Там болей, як я зразумеў, вырашылі праз іншых зьняволеных дзейнічаць. У розных калёніях ёсць розныя людзі. Пакараньне празь іх, скажам так….».

Да некаторых вязьняў родныя і сваякі ў першы дзень на волі проста не падпускалі журналістаў — маўляў, дайце адчуць свабоду. Маці аднаго вызваленага шчыра прызналася:

«Ён заняты. Ён зараз са сваёй каханай дзяўчынай».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG