Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Васілевіч, Федаркевіч, Малчанаў прашэньняў аб памілаваньні не пісалі


Алег Федаркевіч, Ільля Васілевіч, Дзьмітрый Буланаў і Аляксандар Малчанаў.
Алег Федаркевіч, Ільля Васілевіч, Дзьмітрый Буланаў і Аляксандар Малчанаў.
Прыкладна а 20-й гадзіне вечара з магілёўскага вакзалу ў Менск выправіліся чацьвёра былых ужо палітзьняволеных — Алег Федаркевіч, Ільля Васілевіч, Аляксандар Малчанаў і Зьміцер Буланаў. Першыя інтэрвію на волі яны далі карэспандэнтам Радыё Свабода.

Алег Федаркевіч — бадай, самы старэйшы па ўзросьце з усіх зьняволеных за ўдзел у падзеях 19 сьнежня. Пра сваё вызваленьне Алег Федаркевіч распавёў:

«Прыйшоў начальнік атраду на вытворчасьць, павеў у кабінэт. Ідзем хвілін 10, ён кажа: „А чаму ты не запытваесься, куды я цябе вяду?“ Я адказваю, што чалавек паднявольны… Калі зайшлі ў кабінэт, ён кажа, што я вольны».

Карэспандэнтка: «А ці пісалі вы прашэньне аб памілаваньні?»

«Не, не пісаў, але ў калёніі толькі гэтым і займаліся начальнікі, што прасілі напісаць прашэньне».

Ільля Васілевіч, наадварот, самы малады вязень — 6 жніўня ў Магілёўскай калёніі № 19 сустрэў ён свае 20-годзьдзе. Ён родам з Баранавічаў, сябруе зь іншым палітвязьнем — Фёдарам Мірзаянавым. Ільля вучыўся ў Менскім політэхнічным каледжы, быў старастам групы, выдатнікам. Але па характары Ільля надзвычай упарты ў добрым сэнсе гэтага слова:

«Прыйшоў начальнік атрада ў вытворчую зону, павёў у кабінэт і кажа: „Гэта твой сьветлы дзень, ты цяпер вольны“».

Карэспандэнтка: «Я ведаю ад вашай маці, што шмат разоў дамагаліся ад вас прашэньня, але вы ні за што не пагаджаліся. Маці казала, што ведае свайго сына, і ён ніколі на гэта ня пойдзе».

«Так, нічога яны ад мяне не дамагліся, хаця прапаноўвалі напісаць кшталту: „прашу разгледзець пытаньне аб маім вызваленьні згодна з заканадаўствам“. І казалі, што, маўляў, тут няма ніякай зьдзелкі з сумленьнем. Я адказваў, што гэта вырашаць мне, і ні зь якім прашэньнямі да Лукашэнкі я не зьбіраюся зьвяртацца».




Аляксандар Малчанаў родам з Барысава. Яны разам са Зьмітром Новікам былі самымі першымі асуджаныя за падзеі 19 сьнежня. У яго толькі маці сталага веку, інвалід. Але вытрымка і сіла волі ў Аляксандра таксама нязломныя:

«Вельмі радаснае пачуцьцё — быць на волі. Я прадчуваў гэта, бо на Лукашэнку вельмі моцна ціснулі. Мяне шмат разоў прымушалі напісаць прашэньне. Апошні раз прапаноўвалі літаральна ўчора, пяць гадзін трымалі ў штабе, казалі, што нікуды не пайду, пакуль не напішу. Але яны нічога ад мяне не дамагліся».



Яшчэ ў сераду раніцай да Зьмітра Буланава ў Магілёўскую калёнію прыяжджалі маці Клаўдзія Якаўлеўна зь нявестай Дзімы Надзеяй. Яны прывезьлі перадачу, якую ў калёніі прынялі. А пад вечар, пад’яжджаючы ўжо да Менску, жанчыны даведаліся пра радасную падзею — вызваленьне Зьмітра. Праўда, сам Зьміцер прадчуваў сваё вызваленьне:

«Я ведаў раней аб вызваленьні, за некалькі дзён Я падпісаў прашэньне, але без прызнаньня віны. Падыходзілі да мяне разоў 10, угаворвалі. У выніку дзеля сям’і я напісаў, але віны не прызнаў».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG