Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Магілёве запалохваюць актывістаў апазыцыі


Пагражаць адміністрацыйнай адказнасьцю за ўдзел у несанкцыянаваных мерапрыемствах актывістам апазыцыі пачалі ўчора, 2 ліпеня. Участковыя міліцыянты наведваліся да апазыцыянэраў і прасілі іх не зьяўляцца 3 ліпеня ў раёне плошчы Леніна.

Некаторым актывістам тэлефанавалі:

"Мне патэлефанавалі, прадставіліся супрацоўнікамі Камітэту дзяржаўнай бясьпекі і ва ўльтыматыўнай форме заявілі: "Мы вам раім ня ўдзельнічаць у несанкцыянаваных акцыях, у адваротным выпадку вы будзеце прэвэнтыўна затрыманыя на час правядзеньня акцыяў". Калі я пачаў казаць, што мы жывём у свабоднай дэмакратычнай краіне й можам удзельнічаць ува ўсім, то яны адказалі: "Глядзіце, каб вы не адсьвяткавалі сёньняшняе сьвята ў іншым месцы". Гэта яны ад бясьсільля пагрозамі рассыпаюцца. Трэба ісьці і ўдзельнічаць", кажа актывіст грамадзянскай кампаніі "Гавары праўду" Сяргей Лапуцін.

З "гаварыпраўдаўцаў" папярэдзілі Аксану Закрэўскую і Аксану Самуйлаву.

Да актывісткі Свабоднага прафсаюзу мэталістаў Галіны Лісіцынай прыходзіў участковы. Яе ён засьпеў у двары, калі яна прыехала па справах з бальніцы:

"Ён сказаў, што я ў яго сьпісах і яго абавязалі са мной правесьці гутарку, каб я не хадзіла на несанкцыянаваныя мітынгі і калі будуць нейкія выступы, каб я яму паведаміла. Я пачала яго сароміць. Вы, кажу, прыйшлі да сталай жанчыны толькі для таго, каб правесьці выхаваўчую гутарку. Ды я падтрымліваю тую моладзь, якая выходзіць на плошчу Леніна". Я ў яго запыталася: а калі б мяне не было дома, што б рабілі? Ён адказаў: "Начальству я б паведаміў, што вы не адчынілі дзьверы", зазначае Галіна Лісіцына.

Папярэдзілі пра адказнасьць за ўдзел у несанкцыянаваных мерапрыемствах журналіста і актывіста Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі "Грамада" Ігара Барысава, яго аднапартыйцаў Максіма Кавалёва ды Аляксандра Лёгенькага, а таксама маладафронтаўца Валянціна Лабачова. Прыходзіў участковы і да шматдзетнай маці Натальлі Шкадун. Дзьверы тая не адчыніла.

Усе актывісты, якіх папярэдзілі аб адказнасьці за ўдзел у несанкцыянаваных мерапрыемствах, удзельнічалі ў магілёўскіх маўклівых акцыях пратэсту "Рэвалюцыя праз сацыяльную сетку". Апошняя зь іх адбылася 29 чэрвеня і сабрала каля паўтысячы чалавек. Яна стала самай масавай з усіх дагэтуль. Праходзілі акцыі ў сквэры насупраць плошчы Леніна.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG