Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскія СМІ ў Беларусі: пакуль бяз зьменаў


Ці зьмяніўся рэжым працы расейскіх мэдыяў у Беларусі пасьля таго, як 27 траўня, Аляксандар Лукашэнка запатрабаваў закрыць СМІ, якія нібыта распальваюць ажыятаж на спажывецкім і валютным рынках? Менавіта расейскія мэдыі кіраўнік беларускай дзяржавы назваў "найбольш агалцелымі", дадаўшы, што ў іх "найбольш гістэрыі".

Аляксандар Лукашэнка ў сваім выступе не назваў канкрэтна ніводнага СМІ. Маўляў, гэта стала б для іх дадатковай рэклямай. Аднак у тым жа выступе ён спаслаўся на тое, што, знаходзячыся зь візытам у Казахстане, бачыў некаторыя сюжэты расейскага тэлебачаньня пра становішча ў Беларусі. І яны Лукашэнку абурылі.

Уласны карэспандэнт 1 канала Расейскага тэлебачаньня ў Беларусі Дзьмітрый Наважылаў сказаў сёньня "Свабодзе", што працуе ў ранейшым рэжыме:

"Пакуль ніякіх зваротаў да нас, зь пятніцы ўжо прайшло тры дні, не было. Ні з Адміністрацыі прэзыдэнта, ні з МЗС, ні зь іншых органаў улады. Працуем гэтаксама, як і раней — у абсалютна штатным рэжыме.

Што да нашай ацэнкі — ацэначныя катэгорыі, на мой погляд, тут пакуль недарэчы. Тым больш, што і зваротаў, выклікаў, прадпісаньняў ніякіх не было".

Андрэй Качура, дырэктар прадстаўніцтва Ўсерасейскай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі ў Рэспубліцы Беларусь, таксама кажа, што да яго з органаў беларускай улады ніхто не зьвяртаўся:
Наша здымачная група з Масквы сёньня пасьпяхова атрымала акрэдытацыю

"Пакуль працуем у штатным рэжыме. Больш за тое, наша здымачная група з Масквы, якая прыехала сёньня працаваць для каналу "Расея — 24", пасьпяхова атрымала акрэдытацыю".

Тым часам на заявы Лукашэнкі адрэагавала Масква. Спачатку афіцыйны прадстаўнік расейскага МЗС Аляксандар Лукашэвіч заявіў, што такія выказваньні выклікаюць глыбокае шкадаваньне. А затым у расейскіх мэдыях са спасылкай на неназваную высокапастаўленую крыніцу ў Крамлі зьявілася інфармацыя пра тое, што забарона расейскіх СМІ ў Беларусі "ня можа не адбіцца на пераглядзе Расеяй сваёй пазыцыі ў пытаньні выдзяленьня Беларусі крэдыту".

Палітоляг, кіраўнік беларускага Аналітычнага цэнтру "EcooM" Сяргей Мусіенка на пытаньне "Свабоды", ці сапраўды Масква можа пайсьці на адмову даць Беларусі крэдыт, адказаў так:

Сяргей Мусіенка
"Расея — такая загадкавая краіна, што яна можа зрабіць усё. І нават такую з прававога пункту гледжаньня несправядлівую рэч, як адказваць пагаршэньнем эканамічнай сытуацыі ў Беларусі і разрывам эканамічных дамоўленасьцяў. Можа быць усё".

"Абсалютна рэальнай" называе магчымую адмову Расеі ад выдзяленьня крэдыту Беларусі дацэнт Маскоўскага дзяржаўнага інстытуту міжнародных дачыненьняў Кірыл Коктыш:
Кірыл Коктыш

"Бо калі беларускі бок першым зьвязаў мэдыі і крызіс, мэдыі і эканоміку, то Расеі застаецца выкарыстаць дадзены прыклад і прызнаць тое ж самае — што гэта рэчы зьвязаныя паміж сабою. І адказаць на абразу прыпыненьнем альбо падвешваньнем пытаньня пра выдачу крэдыту. Гэта даволі лёгка зрабіць".

Сёньня я спрабаваў зьвязацца і зь беларускім кіраўніцтвам друкаваных расейскіх мэдыяў, якія распаўсюджваюцца ў Беларусі. Найперш — "Комсомольской правды" в Белоруссии", якая мае тут найбольшы наклад. Аднак яе кіраўніцтва ўхілілася ад размовы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG