Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міжбанк "лёг", абменьнікі пустыя


Зьдзелкі на пазабіржавым валютным рынку ў Беларусі ў аўторак спыніліся пасьля пастановы Нацбанка аб абмежаваньні маржы ў межах 2% да афіцыйнага курсу.

Пра гэта паведамляе агенцтва "Інтэрфакс-Захад" са спасылкай на ўдзельнікаў рынку:

"Пазабіржавы і міжбанкавы валютныя рынкі канчаткова ляглі. Зьдзелак няма. Экспарцёры не хочуць прадаваць валюту па такім курсе. Удзельнікі рынку або ў шоку, або сьмяюцца і чакаюць адмены гэтага рашэньня (наконт маржы ў 2% ), якое на валютным рынку ўжо назвалі недасканалым", — заявіў агенцтву прадстаўнік аднаго з беларускіх банкаў.

Прадстаўнікі банкаў канстатуюць, што разам з адсутнасьцю зьдзелак адсутнічаюць і каціроўкі безнаяўнага курсу на пазабіржавым рынку.

"Сытуацыя на валютным рынку цяпер – гэта агонія, якая разьвіваецца па сьпіралі", — заявіў агенцтву кіраўнік адной з буйных прыватных кампаній-імпартэраў.

"Зусім нядаўна мы ўжо праходзілі такога роду забароны, што прывяло толькі да двухразовага і нават амаль трохразовага падзеньня курса беларускага рубля за няпоўныя 2 месяцы. У сёньняшняй сытуацыі рынак пакуль замер, але рынкавы курс усё роўна будзе: праз "ценявыя" безнаяўныя схемы або "чорны" наяўны рынак – людзям трэба працаваць. Зразумела адно: наступствам апошніх рашэньняў уладаў стане яшчэ больш імклівае падзеньне беларускага рубля. Чым больш забаронаў, тым ніжэйшы курс",— канстатаваў кіраўнік кампаніі.

"Усе чакаюць адмены гэтай забароны і правядзеньня свабодных рынкавых таргоў валютай на біржы", — сьцьвярджае суразмоўца. Ён перакананы, што ў адваротным выпадку "будзе паралізаваная праца не толькі прыватнага сэктара, як гэта ўжо адбылося, але і ўсёй эканомікі ў цэлым.

"Сфэра прыватнага бізнэсу вельмі глыбока інтэграваная ў працу дзяржсэктара. Структура нацыянальнай эканомікі такая, што ўжо нельга штучна зрабіць дзеяздольным дзяржсэктар і задушыць прыватны бізнэс", — патлумачыў прадпрымальнік.

На рынку наяўнай валюты таксама зацішша, людзі не сьпяшаюцца несьці валюту ў банкі і па новым курсе.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG