Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд над Статкевічам, Вусам, Пазьняком, Класкоўскім, Квяткевічам, Грыбковым, Буланавым. Пяты дзень

абноўлена

16 траўня ў судзе Ленінскага раёну Менску праходзіў разгляд крымінальнай справы супраць былых кандыдатаў у прэзыдэнты Міколы Статкевіча і Дзьмітрыя Вуса, а таксама супраць удзельнікаў Плошчы Андрэя Пазьняка, Аляксандра Класкоўскага, Аляксандра Квяткевіча, Арцёма Грыбкова, Дзьмітрыя Буланава, якіх вінавацяць ва ўдзеле ў масавых беспарадках.

19.45 Аб’яўлены перапынак да 10:00 17 траўня.

19.40 Адвакат Вуса хаданічала, каб суд зьвярнуўся да апэратара сотавай сувязі. Трэба высьветліць, адкуль Вус званіў Статкевічу. Абвінвачваньне кажа, што з плошчы, Вус цьвердзіць, што з хаты. Хадайніцтва падтрымалі ўсе, акрамя пракурора. Судзьдзя адхіліла просьбу.

Адвакат Стакевіча хадайнічала, каб у суд выклікалі Лябедзьку, каб ён распавёў, што адбывалася на плошчы. Хадайніцтва падтрымалі ўсе, акрамя пракурора. Судзьдзя просьбу адхіліла. Праўда, судзьдзя паабяцала вярнуцца да гэтага хадайніцтва пазьней.

19.10 Зачытваюць праслушку. Саткевіч ня супраць.

19:00 Чытаюць праткаолы допытаў.

18.38 Пасьля 10-хвіліннага перапынку працэс аднавіўся. Чытаюць расшыфроўку запісаў перамоваў Статкевіча.


Статкевіч тлумачыць, што на плошчы зьбіраліся заснаваць рух за свабодныя выбары.


18.23 Пачынаюць праглядаць новае відэа з пл.Незалежнасьці. Відеарепартаж tut.by. Дыктар размаўляе з карэспандэнтам.

Наступны фрагмэнт: галасы Саньнікава і Халіп. Саньнікаў: Клічце афіцэраў для перамоваў!

17.02 — 17.55 Зноў глядзяць відэа.

Судзьдзя зачытвае словы Статкевіча, дзе ён заклікае на плошу. Статкевіч тлумачыць, што гэта цытата з выступу на БТ, што выступаў было 2 па 30 хвілінаў кожны.

Судзьдзя кажа, што будзем глядзець толькі фрагмэнты, бо абвінавачаньне выстаўленае не паводле усіх выступаў, а толькі часткі.

Працягваюць шукаць канкрэтны кавалак відэа. Пракурор кажа, што тэхнічна немагчыма выбраць кавалак.

Статкевіч ня супраць, каб не праглядаць.

Адвакат : Удакладніце, што вы мелі на ўвазе, калі сказалі, «вярні тое, што скараў, а то мы прыйдем і забярэм».

Статкевіч тлумачыць: Я меў на ўвазе, што беларускі народ забярэ тое, што яму належыць. Праз выбары, магчыма. Спадзяюся, ўлада сама зразумее, што трэба вяртаць. Прыйшло 10 тысяч — не зразумела, прыйдзе 170 тысяч — зразумеюць, што трэба вяртаць. Нікуды ня дзенуцца.

Судзьдя зачытвае словы Статкевіча падчас другога выступу па БТ.

Статкевіч пацьвярджае гэтыя словы.

Вус таксама пацьвярджае.

Адвакаты ня супраць ня слухаць увесь 30-хвілінны дыск, а толькі пэўныя фрагмэнты. Судзьдзя кажа, што паспрабуюць менавіта гэтак.

Знайшлі кавалак выступу Статкевіча перад выбарцамі ў Магілёве: «Падчас змаганьня ў камуністычнай Польшчы адзін публіцыст напісаў, што законымі сродкамі змагацца з недэмакратычным рэжыма немагчыма, бо законы пішуцца адмыслова супраць гэтага».

Статкевіч на відэа: «Гэтая ўлада разумее толькі калі на яе націснуць. Мы будзем патрабаваць свайго. Мы маем права на публічны пратэст і на вольныя выбары. Таму — вярні, што скраў. Я там буду і будзем дамагацца, каб зрабілі свабодныя выбары».

Адвакат: Патлумачце адносна цытаты пра Польшчу.

Стакевіч: Я неаднойчы гэта цытаваў, калі казалі, што Плошча недазволена. Я казаў, што ўжо даўно акцыі у цэнтры Менску ды іншых гарадоў не дазваляюцца. Я меў на ўвазе, што і гэтая акцыя ня будзе дазволеная.

Судзьдзя чытае цытаты Статкевіча з інтэрвію Радыё Свабода, што акцыя будзе мірная. Чытае па-беларуску.

Гучыць голас Статкевіча з плошчы (інтэрвію для «Свабоды»): «Тыя, хто прыйшоў сюды, яны дапамагаюць іншым перамагчы страх…»

Гучыць голас Статкевіча зь відэа «Свабоды»: «У рэжыму няма грошай для дыктатуры. Калі мы проста разыдземся, яны захаваюць уладу. Давайце дамовімся: калі мы ня хочам яшчэ 5 гадоў дыктатуры, трэба пратэставаць. І яшчэ, чым болей людзей прыйдзе на Плошчу, тым меней сабе напіша Лукашэнка. Зьбярэмся, паглядзім і будзем вырашаць».

16.48 Перапынак закончыўся, зноў праглядаюць відэа.

Прагучаў голас Статкевіча: «Дарагія суайчыньнікі. У нас праблема — камень на дарозе. 19 сьнежня — дзень вялікай уборкі. Прыходзьце на Плошчу. Я гатовы ўзяць адказнасьць».

Адвакат Станкевіч просіць паказаць ня толькі гэты кавалачак, а ўвесь фрагмэнт выступу на дэбатах.

Судзьдзя: Скажыце дзе пэўна.

Адвакат: Я ня ведаю, бо мне не паказвалі для прагляду відэа са справы. Трэба праглядаць увесь выступ Статкевіча, а не толькі кавалак.

Судзьдзя пагадзілася. Праглядаюць.

Статкевіч у выніку сказаў судзьдзе, што увесь кавалак з дэбатаў, дзе ён быў, паказалі. Зараз шукаюць, дзе казаў Вус.


16.32 Перапынак на 10 хвілінаў.

16.30 Ідзе прагляд тэледэбатаў паміж кандыдатам на прэзыдэнта, якія былі на БТ.

16.18 Скончыўся прагляд чарговага відэафрагмэнта.

Судзьдзя кажа пра выступы Стакевіча па БТ: «19 сьнежня прыходзьце. А ты вярні нам тое, што скраў — выбары». Зьбіраюцца праглядаць відэафрагмэнт выступу Статкевіча.

16.15 Пытаньне на відэа: Ці магчымы ахвяры на плошчы 19 сьнежня? Гэта пытаньне вам як афіцэру… Каму будуць выгадны 10-20 трупаў, якія будуць на Кастрычніцкай ці Прывакзальнай плошчы пасьля таго, як некаторыя асобы выстраляць па натоўпу з аўтамата?

Статкевіч: Адкуль у вас такая інфармацыя? Прашу зьвярніцеся ў праваахоўныя органы, што такое рыхтуецца. Мужчына сказаў пра правакацыю, я прапаную супрацоўнікам КДБ , якія тут здымаюць пагаварыць з ім. Ёсьць тут з КДБ? Пагаварыце зь ім. Не трэба нас пужаць. Калі нас пужаюць, гэта значыць, нас баяцца.

15.17 Працягваюць праглядаць відэа з сустрэчы Статкевіча і Вуса з выбарцамі. Удзельнікі сустрэчы задаюць пытаньні Дзьмітрыю Вусу.

14.07 — 15.10 Паседжаньне аднавілася. Працягваюць глядзець відэа. Статкевіч адказвае на пытаньні выбарцаў.

Пытаньне: Як з дапамогай Плошчы можна зьмяніць уладу? Чаго можна дамагчыся?


Статкевіч: Уяўляеце, калі выйдзе шмат людзей. Людзі ж думаюць, што іх мала, а тут пабачаць, што іх шмат. Магчыма, ўлада падумае, што трэба даць справядлівыя выбары. Ва ўсіх эўрапейскіх краінах гэтак было. Спачатку выходзіла няшмат — моладзь, потым дарослыя выйшлі і пайшло. Кожная краіна праз гэта прайшла: людзям давялося падняцца і забраць уладу. І мы атрымалі ўладу, але з Масквы. І таму гэта не цэнім. А зараз грамадзтва прыходзіць да разуменьня, што трэба ўладу адстаяць. Так і будзе. Гэты крычыць, лаяцца, але іншага не дадзена. Я б таксама хацеў проста, без праблемаў, каб было, але няма іншага выйсьця.

Голас мужчыны сталага веку. Мне 76 год. Я чытаю ўсе праграмы. Скажыце, вы самі пісалі сваю праграму ці хто?

Статкевіч: Я сваю сам напісаў. Мне дапамог жыцьцёвы досьвед, у тым ліку з «хіміі».

Пытаньне: За што вы маглі б сказаць дзякуй Лукашэнку?

Статкевіч: За відавочнае — што краіна Беларусь ёсьць. Але ён мусіў гэта зрабіць. Паабяцалі крамлёўскі прастол і ён пабег і ўсю краіну туды гнаў. Але зьмяніўся — зараз самы патрыёт.


Пытаньне: Дзе браць грошы для рэформы?


Статкевіч: Першае, гэта дзелавы і інвэстыцыйны клімат, калі па-закону ўсе вырашаецца, а не праз аднаго чалавека. Інвэстыцыі да нас не ідуць, бо закону няма, судоў няма. Чыноўнікаў у нас у 3 разы болей, чым нават у Савецкім Саюзе. І яшчэ: у нас 9 спэцслужбаў. Навошта на 9 мільёнаў насельніцтва? 170 тысяч толькі ў сыстэме МУС.


13.07 У судзе абвешчаны перапынак да 14.00


12.23 Пачынаецца прагляд чарговага відэа.
Адзін з выступаў Статкевіча і Вуса перад выбарцамі.

«Мы проста распавядаем, як адбываюцца ў нас выбары. Вы можаце любіць ці не любіць сваіх начальнікаў, але калі немагчыма іх мяняць, то усё будзе працягвацца як зараз. Дробныя начальнікі будуць красьці і рабіць добрыя справаздачы, а гэты ім дазваляе.

Нічога не дзейнічае ў гэтай сыстэме. Як мы можам гэта спыніць? Выйсьці на Плошчу і паказаць, што мы супраць. Вось наша прапанова, наш погляд на сытуацыю».

З выступу Вуса: Лукашэнка не адказвае на лісты. Таму я тут і стаю, бо ведаю гэтую сыстэму знутры. Ёсьць намесьнікі па ідэалёгіі, якія адказваюць за тое, каб забясьпечыць вылучэньне ў выбарчыя камісіі. Мне мой супрцоўнік Калганаў, які быў такім чыноўнікам, распавядаў, як гэта робіцца. Іх выклікаюць і задаюць параметры. Ужо перадаюць запіскі, што прыйшла разнарадка на 77% для Лукашэнкі. Усе паднявольныя.


12.19 Адвакат Тацяна Станкевіч
просіць Статкевіча патлумачыць, за што яго звольнілі з вайсковай вучэльні.

Той згадвае, што ўжо падрыхтаваў доктарскую, і тут выступіў з заявай, што беларусаў нельга пасылаць у гарачыя кропкі, яны ўжо наваяваліся досыць.«Мяне за тры дні звольнілі».

Потым Вярхоўны Савет падпісаў Дамову «Аб калектыўнай бясьпецы», але без гэтага пункту пра тое, што беларускія вайскоўцы могуць туды езьдзіць. «Я ганаруся, што дамогся»

Адвакат: А што вы скажыце пра вашыя заявы пра ціск на ўлады?

Статкевіч:
Я лічу, што мірная акцыя таксама ціск. Штурмы — гэта захоп улады. А я заклікаў да мірнага ціску. Як на Майдане ў Кіеве людзі пратэставалі, ціснулі на ўладу і дамагліся перавыбараў. Гэта цалкам законныя дзеяньні.


12.06 Перайшлі да 6-га тому справы.

Даведка з Менгарвыканкаму пра тое, што ім не падавалі заявак на правядзеньне масавых акцый 19 сьнежня і яны дазволаў не давалі.

Пастанова пра ператрус у Статкевіча.

Судзьдзя пытаецца у бакоў, што яшчэ трэба агалосіць?

На просьбе пракурора зачытвае пратакол ператрусу ў АДА «Трыліўм».

Адвакаты нічога зачытаць ня просяць.


12.00
У справе нават фігуруе папера пра тое, што Вус не заплаціў сваечасова дзяржпошліну, як сябра Таварыства рыбаловаў і паляўнічых. Прызнае, сказаў, што было спазненьне, але аплаціў.

11.51
Пачалі вывучаць пяты том справы. Пратакол затрыманьня абвінавачанага Статкевіча ад 19 сьнежня.

Характарыстыкі асобы: «На ўліку нідзе не стаіць…» Да адміністрацыйнай адказнасьці прыцягваўся за парушэньні правілаў руху. ст 56. Характарыстыка са сьледчага ізалятару:

«Парадак не парушаў, на заўвагі рэагуе правільна. Упарты , фізычна здаровы».

Афіцыйнае папярэджаньне Статкевічу ад пракуратуры Беларусі за выступ па БТ з заклікам прыйсьці на Плошчу, што такі заклік супярэчыць закону, пра магчымае прыцягненьне да адказнасьці.

Зачытанае яшчэ адно папярэджаньне Статкевічу.

11.45
Прагляд відэа скончыўся. Адвакат Пазьняка называе час і кажа, што тут бачна, што Пазьняк стаіць, нічога не робіць і атрымлівае ўдар дубінкай.

Далей ідуць кадры сутычак зь міліцыяй, але Пазьняка там няма.

Адвакат: Вы пазналі сябе, калі атрымалі дубінкай?

Пазьняк: Так, гэта я. Проста стаяў і тут удар.

Адвакат: А што гэтаму папярэднічала?

Пазьняк: Я проста стаяў.

Адвакат: На 34-ай хвіліне запісу ёсьць фрагмэнт, дзе паказана сутычка мітынгоўцаў з міліцыяй. Вы там сябе бачыце?

Пазьняк: Не.

Адвакат: На 35-й хвіліне фрагмэнт, як вас падымаюць і вы кажаце, што вы пацярпелы. Чаму вы паваліліся?

Пазьняк:
Я не памятаю дакладна, што адбылося.


11.26
Зноў праглядаюць відэа з падзеямі на плошчы 19 сьнежня. Прысутным у залі нічога ня бачна.

11.20 Працэс аднавіўся.
Яшчэ два сьведкі з Бабруйску не зьявіліся. Зачытаныя іх заявы, каб агучылі іх паказаньні ў судзе.

Пратакол допыту сьведкі Ларысы Пашкевіч,
якая была 18 сьнежня на сустрэчы з Статкевічам і Вусам: Было на сустрэчы каля 30 чалавек, большасьць прыйшлі разам з кандыдатамі. Пра праграму Статкевіч фактычна нічога не сказаў, крытыкаваў Лукашэнку за няўдзел у дэбатах. Адкрыта заклікаў выйсьці на Плошчу. Гэта было шмат разоў. Раней я была на сустрэчы з Някляевым, там было каля 50 чалавек. Някляеў часткова казаў пра праграму.

Сьведка Тамара Кунцевіч, кіраўнік Бабруйскага таварыства вэтэранаў:
Выступ Статкевіча пабудаваны на крытыцы Лукашэнкі, таксама што ў выбарчых камісіях няма прадстаўнікоў іншых кандыдатаў. Адкрыта заклікаў некалькі разоў прыйсьці на Плошчу, каб націснуць на ўладу. Ад Вуса заклікаў на Плошчу не было. Таксама я прысутнічала на сустрэчы зь Някляевым, там было каля 100 чалавек. Нэгатыўных выказваньняў на адрас Лукашэнкі я не пачула. Быў мяккі заклік прыйсьці на Плошчу.

11.00 Адвакат Станкевіч
заўважае: усе паказаньні напісаны па шаблоне. Перапынак 15 хвілін

11.55 Сьведка Марыя Карпекіна, працуе ў СШ № 23 Магілёва, сакратар.
Ад выступу Статкевіча было ўражаньне, што акцэнт рабіўся не на праграму, а на заклік да Плошчы. «Не турбуйцеся, я чалавек вайсковы і ведаю, як абыходзіцца зь вялікі масамі людзей», — казаў Статкевіч паводле Карпекінай. «Я успрыняла гэта негатыўна», — заявіла на допыце сьведка.

Сьведка Натальля Бакуль, настаўніца інфарматыкі ў СШ № 23:
«З выступу Статкевіча зрабілася ўражаньне, што акцэнт рабіўся на тым, што будзе вальшаваньне на выбарах і каб прыходзілі на Плошчу.. „Я чалавек вайсковы і абучаны“… „Мы ведаем пра наш пройгрыш на выбарах і заклікаем націснуць на ўладу“. — казаў Статкевіч. Я ўспрыняла гэта нэгатыўна. Да таго ж пытаньні, якія я задавала, засталіся без адказу. Я ня мела намеру далучыцца да заклікаў Статкевіча». Паводле сьведкі, Статкевіч казаў пра «каляровую рэвалюцыю» з Беларусі.

Сьведка Тацяна Сінкачна, тэхнічны супрацоўнік СШ № 23 Магілеву. «Складалася ўражаньне, што Статкевіч робіць акцэнт не на праграме, а на закліках на Плошчу. Сэнс ягоных заклікаў: я нічога не баюся, я чалавек вайсковы дасьведчаны, абувучаны. Мы загадзя ведаем пра наш пройгрыш, але хочам пра сябе заявіць. Пытаньні Статкевічу ён пакінуў без адказу. Я ведала пра заведама незаконныя заклілі Статкевіча і ня мела намеру далучацца».

10.50 Пракурор зачытвае паказаньні Макарчука.
Ён удзельнічаў у «недапушчэньні мітынгуючых да Дому ўраду 19 сьнежня.» Паказаў, што ў міліцыянтаў кідалі сьнежкі. Таксама, што бачыў мужчыну ў міліцэйскай куртцы, які яго абражаў. «Аднак па маёй амуніцыі ён не біў». Пазьней з мэдыяў Макарчук даведаўся, што гэта Класкоўскі.

З пратаколу допыту:
«Што дакладна ён вам казаў? Што вылічыць мяне, знойдзе і гэтак далей. Таксама ён зьневажаў маіх калегаў, што былі побач».

Пратакол допыту сьведкі Сёмачкіна, намесьніка дырэктара школы па ідэалёгіі.
Быў на сходзе з удзелам Статкевіча і Вуса. Паказаў, што гучалі ад Статкевіча заклікі выйсьці на Плошчу, бо будзе фальшаваньне выбараў. «Толькі гэтак можна націснуць на ўладу, праз гэта прайшлі ўсе краіны», — казаў Статкевіча. Сьведка паказаў, што пытаньні да кандыдата пры гэтым заставаліся без адказу. У яго, Сёмачкіна, прыйсьці на мітынг жаданьня не было.


10.40
Чатыры сьведкі не зьявіліся.

Судзьдзя пытаецца, што рабіць?

Пракурор прапануе зачытаць іх паказаньні. Абвінавачаныя не супраць. Судзьдзя кажа, што паколькі сьведкі жывуць у Магілёве, то вырашыла агалосіць іх паказаньні. Такое ж рашэньне адносна паказаньня пацярпелага міліцыянта Макарчука з Гарадзенскай міліцыі, які «знаходзіцца ў доўгай службовай камандзіроўцы».


10.27 Пачынаецца допыт сьведкі Юрыя Васілені. П
рацуе ў Бабруйску ў школе-інтэрнаце для дзяцей-сірот.

Пракурор: у мітынгу 19 сьнежня вы бралі ўдзел?

Сьведка:
Не, не хапала мне яшчэ на гэта губляць час.

Адвакаты: Вы ў сувязі з чым туды пайшлі на сустрэчу?

Сьведка:
Проста паслухаць.

Адвакаты: А дзе тады вы працавалі? Нідзе тады не працаваў, уладкоўваўся на працу.

Адвакат: Вы сказалі, што заля падзялілася на тых, хто за і супраць. А як прыблізна падзялілася заля?

Сьведка:
Сказаць пэўна не магу, былі выступоўцы і «за» і «супраць» кандыдатаў. Магчыма 30 на 70.

Судзьдзя ўдакладняе: Калі гэта было?

Статкевіч падказвае:
18 сьнежня 2010 года быў сход у Палацы моладзі. Допыт сьведкі закончыўся.


10.25 Аляксандр Класкоўскі
просіць зрабіць заяву паводле відэаздымкаў, якія былі паказаныя 14 траўня на судзе адносна яго. Класкоўскі кажа, што відэа сфальшавалі, здымалі часткова схаванай камэрай, яму растлумачылі правы толькі на першым кавалку, а што зьнята астатняе, тым не было папярэджана. Просіць выклікаць падпалкоўніка Меньшыкава, каб той патлумачыў, якія чынам зьявіўся гэты відэазапіс. Класкоўскі кажа, што ён на 80% сфальшаваны.

Абвінавачаныя і адвакаты падтрымалі хадайніцтва, пракурор супраць. Судзьдзя адмаўляе.

10.16 У суд явіўся сьведка Васіленя. Вус хадайнічае:
у матэрыялах няма характарыстыкі, дыплёмаў, грамат, якія мяне характарызуюць як асобу. Прашу далучыць да справы. Адвакат пералічае гэтыя дакумэнты. Характарыстыка з АДО «Ірыліўм» — вельмі станоўчая, у тым ліку там паведамляецца пра дабрачынную дзейнасьць Дзьмітрыя Вуса. Таксама характарыстыка з Менгарсавету — зноў вельмі станоўчая.

Таксама просяць далучыць да справы копіі пасьведчаньня дэпутата, ганаровай граматы, лісты ўдзячнасьці са школы за дабрачынную дзейнасьць, копію пасьведчаньня непаўнагадовых сыноў, якія знаходзіцца на ўтрыманьні, копію інваліднасьці 2-ой групы маці Вуса. Ніхто не пярэчыць, суд вырашыў далучыць матэрыялы.

10.11
Заля запоўнена больш чым на палову. Сваякі, некалькі журналістаў, прадстаўнікі амбасады Нямеччыны, назіральнікі і АБСЭ, праваабаронцы. Абвінавачаныя ў дадзены момант кантактуюць з адвакатамі.

10.00
Пачалі запускаць людзей у залю.

Судзьдзя Людміла Грачова. Абвінаваўца Чумукавец.

Суды за Плошчу

Суд над Статкевічам, Вусам, Пазьняком, Класкоўскім, Квяткевічам, Грыбковым, Буланавым. Першы дзень
Суд над Статкевічам, Вусам, Пазьняком, Класкоўскім, Квяткевічам, Грыбковым, Буланавым. Другі дзень

Суд над Статкевічам, Вусам, Пазьняком, Класкоўскім, Квяткевічам, Грыбковым, Буланавым. Трэці дзень

Суд над Статкевічам, Вусам, Пазьняком, Класкоўскім, Квяткевічам, Грыбковым, Буланавым. Чацьвёрты дзень

Дзьмітры Буланаў

Дзьмітры Буланаў
26 гадоў. Пакутуе на шэраг хранічных хваробаў, сярод іх рэўматызм, небясьпечныя алергічныя рэакцыі; праз гэта яго жыцьцё цяпер пад пагрозай.

Нарадзіўся ў Менску 25 жніўня 1984 году. Скончыў менскі мэдычны каледж № 2, два гады працаваў мэдбратам у інфэкцыйным шпіталі.

Вучыўся ў Інстытуце сучасных ведаў на факультэце мастацтваў, вывучаў выканаўчае майстэрства.

Палітыкай не займаўся, сябрам палітычных партыяў і рухаў ніколі ня быў.

Падчас разгону мірнай акцыі 19 сьнежня яго затрымалі і зьбілі, расьсеклі галаву. Асуджаны на 10 сутак арышту. Пасьля вызваленьня з ізалятара на Акрэсьціна быў затрыманы паўторна 12-га студзеня 2011 г. толькі за тое, што адмовіўся ісьці на допыт без афіцыйнай позвы.

Утрымліваецца ў турме на вуліцы Валадарскага.

Аляксандар Квяткевіч

Аляксандар Квяткевіч
Нарадзіўся 4 лютага 1987 году.

Скончыў базавую 168-ю менскую школу, затым прафэсійна-тэхнічную вучэльню па спэцыяльнасьці "сталяр-станочнік". Працаваў на вытворчасьці — вырабляў кампрэсары для машын.

На плошчу прыйшоў выпадкова, пажадаўшы паглядзець, як будуць разгортвацца падзеі.

Быў затрыманы, адбыў 12-суткавы арышт за ўдзел у акцыі 19 сьнежня.

4 студзеня затрыманы як падазраваны. Абвінавачаньне выстаўленае паводле крымінальнага артыкула "масавыя беспарадкі".

Знаходзіцца пад вартай у СІЗА КДБ.

Аляксандар Класкоўскі

Аляксандар Класкоўскі
Нарадзіўся 26 верасьня 1978 году.

Скончыў Менскую сярэднюю школу № 55, паступіў на факультэт журналістыкі БДУ, потым атрымаў вышэйшую юрыдычную адукацыю.

У 1999 годзе паступіў у ДАІ Ленінскага раёну Менску на пасаду інспэктара ДПС. Быў звольнены ў 2005 годзе.

Затрыманы ў ноч на 21 сьнежня 2010 г. у сябе дома.

Зьмешчаны пад варту ў СІЗА КДБ.

Дзьмітры Вус

Дзьмітры Вус
Нарадзіўся ў 1971 годзе ў Менску.

Юрыст, завочна скончыў Гарадзенскі ўнівэрсытэт па спэцыяльнасьці «Правазнаўства».

З 16 гадоў працаваў рабочым на заводзе «Інтэграл», пасьля будаўніком.

1999–2003 гг. Дэпутат Менскага гарсавету дэпутатаў.

2007 г. Таксама ішоў на дэпутата, але яго не зарэгістравалі.

2008 г. Вылучаўся на дэпутата ў Палату прадстаўнікоў.

2010 г. Удзельнічаў у мясцовых выбарах, але не прайшоў у Менгарсавет.

Ачольвае выдавецтва «Трывіюм».

Жанаты, мае двух сыноў.

Беспартыйны.

Мікола Статкевіч

  • 12 жніўня 1956 году Нарадзіўся ў вёсцы Лядна Слуцкага раёну Менскай вобласьці ў сям'і настаўнікаў.
  • 1978 Скончыў Менскую вышэйшую інжынэрную зэнітна-ракетную вучэльню.
  • 1986 Абараніў кандыдацкую дысэртацыю.
  • Працаваў выкладчыкам Менскай вышэйшай інжынэрнай зэнітна-ракетнай вучэльні.
  • Люты 1991 На знак пратэсту супраць падзей у Вільні выйшаў з КПСС.
  • 1991 Сябра Цэнтральнай рады і выканаўчага камітэту Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада).
  • 1995 Старшыня БСДП (НГ).
  • 1991-1995 Стваральнік і кіраўнік Беларускага згуртаваньня вайскоўцаў.
  • 2000 Удзельнічаў у выбарах у Палату прадстаўнікоў.
  • 2005 Асуджаны на тры гады абмежаваньня волі за арганізацыю 18-19 кастрычніка 2004 году ў Менску вулічнай акцыі супраць афіцыйных вынікаў парлямэнцкіх выбараў і рэфэрэндуму. Па амністыі тэрмін абмежаваньня волі быў скарочаны на год.
  • Кіраўнік аргкамітэту ў справе стварэньня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада).​
  • 2010 Статкевіч вылучаўся кандыдатам у прэзыдэнты. Пасьля пратэстаў на Плошчы яго арыштавалі і затым асудзілі да 6 гадоў з адбыцьцём тэрміну пакараньня на падставе ч. 1 арт. 293 Крымінальнага кодэксу (арганізацыя масавых беспарадкаў, якія суправаджаліся гвалтам над асобай, пагромамі, падпаламі, зьнішчэньнем маёмасьці і ўзброеным супрацівам прадстаўнікам улады). З тэрміну ён адседзеў 5 гадоў, катэгарычна адмовіўся пісаць на імя Лукашэнкі прашэньне аб памілаваньні, аднак усё адно выйшаў на волю пасьля ўказу апошняга.
  • 2011 Адбываючы тэрмін зьняволеньня, Мікола Статкевіч узяў шлюб з Марынай Адамовіч. Дзьве ягоныя дачкі ад першага шлюбу жывуць у Нямеччыне.
  • 2017 Статкевіча затрымліваюць і зьмяшчаюць у СІЗА перад Днём Волі.
  • 31 траўня 2020 Статкевіча затрымалі па дарозе на выбарчы пікет Сьвятланы Ціханоўскай. Спачатку яго пакаралі адміністрацыйным арыштам на 15 сутак, да якіх пасьля дадалося яшчэ столькі ж. Аднак па адбыцьці гэтага тэрміну палітыка ня вызвалілі, а перавялі ў СІЗА № 1 Менска і выставілі абвінавачаньне паводле крымінальнага артыкулу 342. Ён зноў адмаўляецца пісаць Лукашэнку прашэньне на памілаваньне, называе яго ўзурпатарам і дыктатарам, вітае канвой на закрытым судзе ў Гомлі нацыянальным воклічам «Жыве Беларусь!»​.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG