Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мікола Статкевіч. Партрэт на фоне кратаў


Каго судяць за Плошчу: абвінавачаныя і асуджаныя ў крымінальнай справе аб масавых беспарадках 19.12.10 вачыма сяброў, калегаў, сваякоў.


Калі вясной пачынае квітнець бэз, бацька абавязкова прыносіць нам раскошныя букеты з бэзу розных колераў. Ён зь дзяцінства любіць гэтыя духмяныя кветкі. А летам часта купляе для нас маленькія букецікі ярка-блакітных васількоў. Яму падабаюцца гэтыя тыпова беларускія кветкі, да таго ж ён любіць перакінуцца парай слоў з бабулькамі, якія іх прадаюць. Ён увогуле любіць размаўляць з пажылымі людзьмі, асабліва зь вяскоўцамі.


Бацька нарадзіўся і вырас у сяле Лядна Слуцкага раёну, таму ён добра ведае, як жывуць і працуюць вясковыя людзі. Ён любіць слухаць, як шуміць поле, засеянае жытам, як шумяць бярозы і ліпы на ветры. Яму вельмі падабаецца сельская ежа, тыповыя беларускія прадукты: капуста, буракі, бульба, сала, кіслае малако. Калі мы былі малыя, бацька любіў з намі зьбіраць грыбы, у якіх выдатна разьбіраецца, лавіць рыбу або проста вандраваць. Бацька добра ведае Беларусь, аб’езьдзіў усе куткі краіны, ведае гісторыю амаль кожнага гарадка, ганарыцца беларускай мовай, культурай і людзьмі.



Пасьля заканчэньня сельскай школы бацька паступіў вучыцца на інжынэра ў МВІЗРУ ў Мінску — зараз гэта Ваенная акадэмія. Ён хацеў быць абаронцам сваёй краіны, хацеў быць афіцэрам, шанаваў афіцэрскую годнасьць. За гады навучаньня ён прызвычаіўся кожны дзень займацца спортам, дагэтуль бегае кожны дзень некалькі кілямэтраў і робіць фізычныя практыкаваньні. Пасьля заканчэньня МВІЗРУ яго разьмеркавалі ў Мурманскую вобласьць, таму два гады мы з бацькамі пражылі за Палярным кругам. Там бацька займаўся навукай, пісаў кандыдацкую дысэртацыю ў галіне супрацьпаветранай абароны.

У нас дома вельмі шмат кніг па ягонай спэцыяльнасьці, напісаных бацькам пад псэўданімам. Пра тое, што гэта яго кнігі, я даведалася ўжо дарослаю, калі спыталася, чаму ў нас столькі кніг аднаго аўтара, і ён проста сказаў, што гэта яго кнігі. Ён ніколі не рабіў вялікага шуму вакол сваіх навуковых дасягненьняў, нягледзячы на тое, што напісаў больш за 60 навуковых працаў, быў узнагароджаны як лепшы афіцэр супрацьпаветранай абароны Паўночна-Эўрапейскай часткі СССР і меў мэдалі. Яму прадракалі выдатную навуковую і ваенную кар'еру.

Калі на пачатку 80-х мы вярнуліся ў Менск, то некалькі гадоў жылі ўчатырох у 9-мэтровым пакоі ў інтэрнаце, потым атрымалі яшчэ адзін пакой. Толькі калі мне было ўжо адзінаццаць, мы нарэшце атрымалі кватэру, гэта было вялікае сьвята.

Пратэст прадпрымальнікаў у Менску, 21 студзеня 2008, Мікола Статкевіч і Сяргей Скрабец

У Менску бацька паступова пачаў усё болей займацца грамадзкім жыцьцём. Ён распрацаваў канцэпцыю стварэньня беларускага войска, якая была рэалізаваная пасьля распаду СССР. У 1991 годзе бацька выйшаў з камуністычнай партыі, выступіў супраць путчу, стварыў Беларускае згуртаваньне вайскоўцаў (БЗВ). У 1992 г. ён арганізаваў шматтысячную прысягу афіцэраў на вернасьць Беларусі, што прымусіла ўрад прывесьці да прысягі Беларусі ўсіх афіцэраў сілавых структур. Гэта было важным крокам да незалежнай арміі, таму што да той пары беларускія афіцэры знаходзіліся под прысягай неіснуючаму СССР.

Мікола Статкевіч у судзе. Травень 2008 году


Ідэя аб’яднаньня апазыцыі ўжо тады была адным з асноўных прынцыпаў ягонага палітычнага жыцьця. У далёкім 1992 годзе бацька дамогся падпісаньня ўладамі і апазыцыяй сумеснага Антыкрызіснага пагадненьня ў абарону незалежнасьці. Бацька заўсёды імкнуўся і будзе імкнуцца аб’яднаць апазыцыю дзеля дасягненьня сумесных мэтаў, не дапусьціць разрозьненьня. Якраз таму ўлады так моцна баяцца менавіта яго — тады, нават у тыя "дзікія 90-я гады", яму ўжо ўдалося ўсіх аб’яднаць дзеля незалежнасьці краіны. Гэта значыць, што гэта можа атрымацца зноў, нягледзячы на новых і новых бессумленных "засланых казачкоў", якімі кішэла тады і кішыць цяпер апазыцыйная палітыка. Таму ўлады заўсёды перашкаджалі яму ісьці на выбары, ціснулі на сябраў ягонай каманды. Бо ён, у адрозьненьне ад многіх дэмагогаў, сапраўды ставіць мэту аб’яднацца і можа гэтага дамагчыся.

У 1993 годзе, будучы ў свае 36 гадоў ужо падпалкоўнікам, бацька павінен быў абараняць доктарскую дысэртацыю, але за месяц да плянаванай абароны яго звольнілі. Прычына — ён выступіў супраць таго, каб Беларусь накіроўвала сваіх салдатаў на чужыя войны. Нягледзячы на звальненьне, ён здолеў дабіцца, каб парлямэнт адмовіўся адпраўляць нашых салдат у "гарачыя кропкі", якіх тады было вельмі шмат.

Тым салдатам, якім гэта выратавала жыцьцё, зараз павінна быць 35—37 гадоў. Ці ўспамінаюць яны або іхнія бацькі, што гэтыя хлопцы маглі б пакінуць сваё жыцьцё альбо зрабіцца інвалідамі на якой-небудзь аўганскай альбо таджыцкай мяжы, ахоўваючы інтарэсы іншай краіны? А іхнія маці мелі б той жа лёс, як маці "афганцаў", якія вярнуліся пакалечанымі з чужой вайны? Я часта думаю пра тое, што, магчыма, нехта з тых хлопцаў, якім мой бацька тады ўратаваў жыцьцё, зараз служыць у сілавых структурах, кіруе допытамі. Такога ўзросту быў і адзін "так-званы-афіцэр", які дапытваў майго бацьку, сыстэматычна адбіваючы яму ногі ніжэй калена. Сапраўды нявызнаныя шляхі Твае, Госпадзе.

Мой бацька, не сумняваючыся, загубіў сваю выдатную навуковую і ваенную кар’еру, таму што ня мог пайсьці супраць свайго сумленьня. Таму што ён надае вельмі вялікае значэньне таму, што называецца — адказнасьць за жыцьці іншых і годнасьць афіцэра. І я ведаю, што ён ніколі не шкадаваў аб гэтым і ніколі не казаў, што трэба было б тады паводзіць сябе па-іншаму.

Зьмены ўлады бацька імкнецца дасягнуць мірным шляхам. Ён не прызнае гвалту, заўсёды заступаецца за людзей, дапамагае. Пасьля таго як абраны ў 1994 годзе прэзыдэнт Лукашэнка пачаў незаконна перакройваць Канстытуцыю і вынішчаць апазыцыю, мой бацька, не сумняваючыся, уступіў у апазыцыйны рух і быў абраны старшынёй Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада).

З таго часу ён узначальваў больш за 30 шматтысячных мірных дэманстрацый за незалежнасьць Беларусі, за што меў каля 30 адміністратыўных арыштаў. Напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў 2001 і 2006 гадоў супраць яго ўзбуджаліся крымінальныя справы, каб перашкодзіць яго ўдзелу ў выбарах у якасьці кандыдата ў прэзыдэнты. У 2005 годзе яго асудзілі на 3 гады абмежаваньня свабоды. Пасьля "хіміі" ён працягнуў палітычную дзейнасьць, нягледзячы на тое, што ўлады рабілі ўсё, каб прыбраць яго з палітычнай арэны.

Адмова ад любога гвалту — важны прынцып, якога мой бацька трымаецца ў палітычным жыцьці. Тым больш абсурднае абвінавачаньне, якое яму зараз выстаўлена. Ён ніколі і нікога не заклікаў да беспарадкаў ці біцьця нейкіх вакон. Наадварот, ён патрабаваў перамоваў з уладамі. Гэта вельмі добра відаць на відэа з Плошчы-2010, дзе ён патрабуе, каб улады выйшлі на перамовы. На відэа таксама выдатна бачна, што дэманстрацыя праходзіла мірна — нягледзячы на дзясяткі тысяч удзельнікаў, не былі пашкоджаны ніякія машыны, вітрыны крамаў, пакуль некалькі нанятых бессумленных жывёл не разьбілі перад камэрамі некалькі вакон у Доме ўраду, каб улады мелі прычыну чарговым разам брутальна разагнаць дэманстрантаў. Шкада маладых хлопцаў, якія павяліся на гэтую правакацыю.

19 сьнежня 2010 году. Плошча


Улады баяцца майго бацькі, таму высунута гэтае абсурднае абвінавачаньне, таму цягам месяцаў абсечаны ўсе кантакты са зьнешнім сьветам. Улада баіцца таго, што ў сьнежні, нягледзячы на 16 гадоў прапаганды, нягледзячы на страх і на холад, на вуліцы выйшлі дзясяткі тысяч людзей, каб паказаць, што яны хочуць свабоды, хочуць жыць у цэнтры Эўропы 21 стагодзьдзя, а не ў Савецкім Саюзе сталінскіх часоў. Улада баіцца майго бацькі і таго, што ён сапраўды можа аб’яднаць апазыцыю, можа стаць на чале дэманстрацыі, можа дасягнуць зьмены ўлады.

Я вельмі спадзяюся, што судзьдзя Людміла Грачова, якая будзе судзіць бацьку, будзе судзіць сумленна і па закону. Я ведаю, што беларускія судзьдзі зазнаюць вялікі ціск, але я ведаю, што, тым ня менш, ёсьць сумленныя людзі, якія і ў такой нялёгкай сытуацыі не забудуць, што такое сумленьне і годнасьць. Як гэтага ніколі не забывае мой бацька.

Кацярына Статкевіч, дачка Міколы Статкевіча







Усе партрэты на фоне кратаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG