У дзяцінстве Саша быў вельмі добрым, спагадлівым, клапатлівым хлопчыкам. Жылі мы небагата ў матэрыяльным пляне, і я, і бацька шмат працавалі, каб падняць дзяцей. Я рабіла на чатырох працах, прыбірала офісы. А Саша заўсёды мне дапамагаў, не саромеўся такой працы. Не было ніводнага дня, каб пасьля школы, пасьля вучэльні Саша не прыходзіў да мяне на працу дапамагчы. Я прыбірала ў Кастрычніцкім выканкаме, і ён, не заходзячы дадому паесьці, каб не губляць час, прыходзіў да мяне дапамагчы. Казаў: "Мамачка, я спачатку табе дапамагу, а потым дадому разам пойдзем...".
Як і ўсе хлопчыкі, у дзяцінстве вельмі цікавіўся тэхнікай, займаўся футболам.
Вельмі любіць працаваць з дрэвам. У нашай кватэры шмат рэчаў, якія Саша змайстраваў сваімі рукамі — вельмі прыгожыя палічкі для кніг, для абутку, тумбачкі, зэдлікі, і нават будку для сабакі вельмі арыгінальную змайстраваў. У кватэры была майстэрня — Саша заўсёды нешта з дрэва выпілоўваў, рэзаў, стругаў, выразаў. Заўсёды імкнуўся зьдзівіць нас нейкімі прыгожымі драўлянымі рэчамі, аздабляў іх разьбой па дрэве. Пасьля вучэльні Саша працаваў на дрэваапрацоўчым прадпрыемстве, і менавіта праца з дрэвам яму вельмі падабалася. Вельмі перажываў, калі закрылася дрэваапрацоўчае прадпрыемства, дзе ён працаваў. Знайшоў іншую працу — ужо нешта зьвязанае з мэталаапрацоўкай. Але для душы дома працягваў займацца з дрэвам.
Яшчэ захапляўся Саша лепкай — з гліны, з плястыліну. Знаходзіў па тэлебачаньні розныя адмысловыя пазнавальныя праграмы, рабіў вельмі прыгожыя сувэніры нам на ўсе сьвяты.
Палітыкай мой сын ніколі не цікавіўся. На Плошчу прыйшоў выпадкова, захацеў паглядзець, як будуць разгортвацца падзеі. Яго затрымалі
Лісты мы атрымліваем, як і ўсе, нейкім дзіўным парадкам. Саша піша, што ў камэры спачатку было чацьвёра, цяпер яны там утрох. Піша, што хлопцы ладзяць паміж сабой, жывуць дружна, падтрымліваюць адзін аднаго, дзеляцца перадачамі, разам гатуюць салаткі, нейкія стравы. З пэрыёдыкі да іх даходзіць толькі "Советская Белоруссия".
У кожным лісьце Саша дасылае свае малюнкі: мне малюе прыгожыя кветкі, а свайму дзевяцігадоваму пляменьніку Мішу — коміксы, то чалавека-павука, то жабак нейкіх — сюжэты розныя з мультфільмаў.
Ведаеце, пачытаеш дзяржаўныя газэты, паглядзіш тэлевізар — і робіцца страшна. Беларускае тэлебачаньне зрабіла з гэтых хлопцаў нейкіх мацёрых крымінальнікаў... Нават суседзі, якія ведаюць майго сына, абурыліся той хлусьнёй, якую паказала пра Сашу БТ
Перажываю, вядома, за яго. Тым больш калі Міхалевіч распавёў пра катаваньні ў сьледчым ізалятары КДБ, Класкоўскі пацьвердзіў. Калі б хоць далі паглядзець на яго, то стала б лягчэй, а то ўвесь час думаш-думаеш, як там, што там. Хутчэй бы суд, будзе магчымасьць хоць пабачыць Сашу. Плачу кожны дзень... Але зараз галоўнае — каб ён вытрымаў гэтае выпрабаваньне, не зламаўся.
Алена Квяткевіч, маці Аляксандра
Аляксандар Квяткевіч нарадзіўся 4 лютага 1987 году. Скончыў 168-ю менскую школу, потым прафэсійна-тэхнічную вучэльню па спэцыяльнасьці "сталяр-станочнік". Працаваў на вытворчасьці — вырабляў кампрэсары для машын. Палітыкай не цікавіўся, на Плошчу прыйшоў выпадкова. Быў затрыманы, адбыў 12-суткавы арышт за ўдзел у акцыі 19 сьнежня. 4 студзеня затрыманы як падазраваны, выстаўлена абвінавачаньне па частках 1 і 2 артыкула 293 Крымінальнага кодэксу РБ ("масавыя беспарадкі"). Знаходзіцца пад вартай у СІЗА КДБ.