Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд над Статкевічам, Вусам, Пазьняком, Класкоўскім, Квяткевічам, Грыбковым, Буланавым. Трэці дзень

абноўлена

13 траўня ў судзе Ленінскага раёну Менску працягваўся разгляд крымінальнай справы супраць былых кандыдатаў у прэзыдэнты Міколы Статкевіча і Дзьмітрыя Вуса, а таксама супраць удзельнікаў Плошчы Андрэя Пазьняка, Аляксандра Класкоўскага, Аляксандра Квяткевіча, Арцёма Грыбкова, Дзьмітрыя Буланава, якіх вінавацяць ва ўдзеле ў масавых беспарадках.

Працяг працэсу — а 10-й гадзіне 14 траўня.

18.00 Пазьняку паказалі фотаздымкі і ён сябе пазнаў.

17.39 Пачалі агалошваць 4 том. Пратакол затрыманьня Буланава. Абвінавачаны Буланаў сябе пазнаў на фотаздымках. Патлумачыў, што на першым здымку бачна, што шкло ўжо разбіта.

Характарыстыка на Буланава. Суседзі характарызуюць станоўча. Характарыстыка з інстытуту — прапусаў заняткі і адлічаны. Буланаў патлумачыў: гэта было яго рашэньне.

Пратакол затрыманьня Грыбкова. Фота, на якіх дзеяньні Грыбкова каля ўваходу ў Дом ўраду. Фотаздымкі: Грыбкоў наносіць удары нагой. Ён сябе пазнае і прызнае, што біў нагамі па агароджы у дзьвярах. Сьпіртныя напоі ўжывае зь дзяцячага ўзросту, сындром залежнасьці.

Абвінавачаны Грыбкоў кажа, што гэта поўная лухта. Так, былі пратаколы, але праблем з ужываньнем не было.

Судзьдзя паказвае сьпіс, колькі разоў Грыбкова затрымлівалі за адміністрацыйныя парушэньні. Характарыстыка з апошняга месца жыхарства станоўчая. Характарыстыка Грыбкова з працы ў краме «Гіпа» станоўчая.

Судзьдзя заўважыла, што Менск (раней Грыбкоў жыў у Карэлічах) на Грыбкова падзейнічаў выключна станоўча.

17:40 Пракурор зачытвае іншае тлумачэньне Класкоўскага: «Я быў адзін дома, ужыў сьпіртныя напоі, вырашыў пайсьці на мітынг. Апрануў пад куртку міліцэйскі кіцель. Ударылі па галаве. Прызнаю, што дазволіў сабе абразы на адрас міліцыянтаў. Заклікаў ня біць людзей, сышоў зь мітынгу, калі зразумеў, што нічога тут добрага ня будзе. Раскайваюся і прашу хадайнічаць аб вызваленьні мяне».

Класкоўскі адказвае пракурору, што яго некалькі сутак вадзілі па кабінэтах, адзін палкоўнік прапанаваў напісаць гэта ў форме заявы ў трох экзэмплярах. Пасядзі дзён 10, падумай і напішы.

Пракурор: Вы добраахвотна пісалі гэта, без прымусу?

Класкоўскі: Так, я працягваў тую ж лінію, што і тады, калі даваў першае тлумачэньне.

17.25 Зачытваюць тлумачэньне Класкоўскага, як ён апынуўся на плошчы. «Я прагаласаваў каля 15 гадзінаў за Саньнікава. перад мітынгам у бары выпіў піва з сябрамі». Класкоўскі адказвае пракурору, што бар не наведваў і не памятае, калі ў яго бралі такое тлумачэньне. Кажа, што быў моцна зьбіты і яму далі нешта падпісаць без адваката. Кажа, што не ўжываў алькаголь. Яму пагражалі 15 гадамі і ён сьвядома так сказаў.

Пракурор
настойвае: які сэнс вам было казаць, што вы былі нецьвярозы? Навошта было прыдумляць, што вы ўжывалі сьпіртное?

Класкоўскі:
Я лічыў, што піва пазбаўляе мяне ад адказнасьці за арганізацыю масавых беспарадкаў.

17.05
Прыйшоў праграміст, зноў запускаюць відэа. Зноў відэа спынілася, нейкія непаладкі. Праграміст кажа, што яму патрэбна яшчэ 20 хвілін. Судзьдзя вырашыла далей зачытваць матэрыялы справы, а відэаролік праглядзець заўтра раніцай. Зачытвае загад аб звальненьні Аляксандра Класкоўскага з МУС. Зачытвае характарыстыку Класкоўскага з месца жыхарства. «Сьпіртным не злоўжываў». Характарыстыка з працы (транспартная фірма) станоўчая.

Пратакол вобшуку ў Квяткевіча. Пратакол агляду дыску з падзеямі 19 сьнежня зь дзеяньнямі Квяткевіча. На фота ён наносіць удар па дзьвярах Дома ўраду. Зачытваюць характарыстыку Квяткевіча. Згадана, што раней прыцягваўся да крымінальнай адказнасьці. Быў вызвалены па амністыі. За што прыцягваўся да адказнасьці не названа.

17.04 Пракурор зноў запускае відэаролік. Адвакаты кажуць, што гэтае відэа ўжо было, толькі ў другім фармаце. Судзьдзя сказала сакратару паклікаць праграміста. Чакаюць праграміста.

16.57
Паседжаньне аднавілася. Прыгатаваліся глядзець відэа, але экран усталяваны так, што публіка нічога ня бачыць. Судзьдзя сказала, што гэта будзе відэа з удзелам Класкоўскага ў акцыі.

Адвакат:
На відэа бачна, што вы маеце цялесныя пашкоджаньні. Калі вы іх атрымалі?

Класкоўскі
тлумачыць, што непадалёк ад помніка Леніну ён стаяў і слухаў мітынг, а тут выскачылі амапаўцы і ўдарылі ззаду яго гумавай палкай.

Адвакат:
А праз які час было зьнята гэтае відэа?

Класкоўскі:
Не магу сказаць, час хутка бяжыць. Можа 10 хвілінаў, а можа і 40.

16.32
Судзьдзя абвясьціла перапынак на 10 хвілін, потым прапануе паглядзець відэа.

16.15
Суд пачаў агалошваць трэці том справы. Адносна Класкоўкага. Пратакол ператрусу ў кватэры. Забраныя міліцэйская куртка, фуражка, бушлат. Была прызначана экспэртыза кампутара Класкоўскага. Знойдзены файлы з відамі акцый. У Класкоўскага забраныя жазло супрацоўніка ДАІ, нагрудныя знакі.

16.10 Вус
пытаецца: ніводнага правапарушальніка не было знойдзена з тых, хто наносіў гэтыя траўмы. Таму ён лічыць, што гэтыя экспэртызы і паказаньні сфальшаваныя. Хадайнічае запатрабаваць відэазапісы з камэр вакол Дома ўраду і праглядзець. Абаронцы падтрымліваюць, абвінавачаныя таксама. Пракурор супраць. Заля сьмяецца. Судзьдзя робіць заўвагу залі і пагражае выдаліць. Судзьдзя кажа, што пакуль рана пра гэта вырашаць. Вось калі мы праглядзім відэа са справы, тады будзем вырашаць.

16.05
Адвакаты ўдакладняюць нумары і даты экспэртызаў, якія нібыта супярэчаць: ранейшым дням адпавядаюць большыя нумары, што немагчыма, калі б справаводзтва вялося паступова. Судзьдзя вывучае дакумэнты.

Судзьдзя пытаецца, што рабіць? Месяц чакаць адказу ад мэдэкспэртаў? Адвакат прапануе выклікаць для тлумачэньняў экспэртаў. А каго менавіта? Іх 30 чалавек.

15.43
Пачалі агучваць матэрыялы справы. Том другі. Заключэньні экспэртаў. Траўмы пацярпелага Караваева не пацьверджаныя. Адносна Булавацкага. (Тое, што чытае судзьдзя Грачова, у залі не чуваць)…Не прадстаўляецца магчымасьці адказаць на пытаньні… Адносна Масальскага. Дыягназ «ушыб цемянной вобласьці» ацаніць немагчыма. Зноў немагчыма вызначыць. Дыягназ пра чэрапна-мазгавую траўму не пацьверджаны. Адносна Лявіцкага. Цялесных пашкоджаньняў не зафіксавана. дыягназ не пацьверджаны. Адносна Палавінкіна. Цялесных пашкоджаньняў не выяўлена. Дыягназ не пацьверджаны. Адносна Сакача. Дыягназ не зьяляецца даказаным. Дыягназ Камара
пра ўшыб ня можа быць пацьверджаны. Адносна Давідовіча, дыягназ пра ўшыб ніжняй сківіцы не пацьверджаны, немагчыма засьведчыць.
Адносна Зінкевіча. Дыягназ немагчыма пацьвердзіць. Адносна Кашталанава, пра гематому левага бядра: з-за даўніны часу немагчыма вызначыць. Адносна Волкава, цялесных пашкоджаньняў не зафіксавана, дыягназ пацьвердзіць немагчыма. Адносна Бажка, цялесных пашкоджаньняў ня знойдзена, немагчыма пацьвердзіць.
Адносна Маскалёва, вывіць, ці атрымаў траўму, немагчыма.
Адносна Лушчыка, нейкіх траўмаў не выяўлена. Адносна Ксянзова, немагчыма выявіць цялеснае пашкоджаньне. Адносна Лісоўскага, дакладна выявіць траўму немагчыма. Адносна Жызноўскага, выявіць дыягназ немагчыма. Адносна Заека, выявіць траўму немагчыма. Адносна Сарока, дыягназ «ушыб мяккіх тканак галавы» пацьвердзіць немагчыма.

15.40 Скончылі чытаць пратаколы. Прычына няяўкі аднаго пацярпелага невядомая.

14.05
Аднавілася паседжаньне. Зачытваюць паказаньні тых пацярпелых, якія адсутнічаюць.

Пра гематому правага бядра, якую атрымаў на плошчы, распавёў адзін з пацярпелых (прозьвішча неразборліва). далей агалошваюцца паказаньні Кашталанава.

Кашталанаў — намесьнік камандзіра палку АМАП. «Мы прыбылі да галоўнага ўваходу Дома ўраду і пачалі адцясьняць натоўп. Нам супрацьдзейнічалі. Спачатку яны сумеліся ад нашага зьяўленьня, а потым убачылі, што нас не шмат і пачалі наступаць. У гэты момант я атрымаў удар. Я знаходзіўся ў цэнтры і кіраваў дзеяньнямі асабовага складу.»

«Атрымалі загад падзяліць мітынгоўцаў, чуў каманды зь іх боку: „Бі“, „Наперад“. Пасьля вяртаньня ў частку мне аказалі мэдычную дапамогу.

Пракурор зачытвае паказаньні яшчэ аднаго пацярпелага (прозьвішча не разборліва). „У наш адрас мітынгоўцы пачалі лаяцца, кідалі ў нас бутэлькамі і біліся палкамі“. Хто біў па шклу, я не запомніў. Адносна траўмаў я зьвярнуўся ў шпіталь МУС, які дыягназ мне паставілі, я не памятаю.»

Пратакол допыту пацярпелага Давідовіча, камандзіра ўзвода. «Увагі на шкло на дзьвярах Дома ўраду я не зьвяртаў. Памятаю, як нехта з аратараў заклікаў мітынгоўцаў прарывацца да Дома ўраду. Але што пэўна было сказана і хто сказаў, не памятаю. На нас кінуліся мітынгоўцы. Прычым нам у вочы сьляпілі ліхтарыкамі і таму я не бачыў твараў. Калі мы адцясьнялі натоўп, некаторыя супраціўляліся, а некаторыя проста ўцякалі. Мне давялося затрымліваць мітынгоўцаў, Яны пры гэтым паводзілі сябе вельмі агрэсіўна. Я зьвярнуўся ў шпіталь МУС, мне паставілі дыягназ ушыб сківіцы. На наступны дзень я выйшаў на працу».

Паказаньні пацярпелага Комара. «Мітынгоўцы выкрыквалі розныя зьняважлівыя словы на адрас міліцыі. Пачалі на нас нападаць, спрабавалі выхапіць з рук нашы шчыты. Адзін ударыў мяне па галаве, другі па калене. Апісаць іх падрабязна не змагу. калі стаялі насупраць мітынгоўцаў, яны крычалі: «Міліцыя з народам».

Пратакол допыту пацярпелага Лявіцкага. «Супраць нас прымалі сілавыя захады, штурхалі. Мне пашкодзілі локаць. Прадметаў у руках мітынгоўцаў я ня бачыў. Мне дапамогу аказалі у шпіталі МУС».

Пратакол допыту пацярпелага Масальскага.«Нас білі нагамі, рукамі, вудамі. Бакавым зрокам я бачыў справа ўспышку полымя, але што там гарэла, я не памятаю. Мне па касцы ўдарылі тры разы, нехта з калег мяне схапіў за вопратку і выцягнуў з натоўпу».

Пратакол допыту пацярпелага Караваева. «Частка мітынгоцаў паспрабавала прарвацца. Адзін зь іх нанёс мне ўдар па галаве. У мяне ўтварылася нязначная гематома. У шпіталі МУС мне аказалі дапамогу, у іншую мэдустанову па лячэньне не зьвяртаўся, паколькі траўма была нязначнай».

Наступны пацярпелы (прозьвішча прагучала неразборліва). Мітынгоўцы крычалі «Свабоду Беларусі», «Свабодныя выбары», «Міліцыя з народам». Што да траўмаў, я зьвярнуўся у шпіталь МУС. Ушыбленая грудная клетка яшчэ балела месяц.

Пратакол допыту пацярпелага Тарасевіча. «Што менавіта крычалі дэманстранты, не памятаю. Пачалі біць ў шчыты. Я паваліўся, хто менавіта мяне пхнуў, не памятаю. Мы вярнуліся да службовага аўтатранспарту, а потым зноў пайшлі расьсякаць натоўп. пры гэтым супраціву дэманстранты не аказвалі. Я зьвярнуўся у шпіталь МУС, дзе мне паставілі дыягназ: ушыб плечавога суставу. Па лячэньне не зьвяртаўся».

Наступны пацярпелы (прозьвішча неразборліва). МІтынгоўцы крычалі: «Міліцыя з народам», «Лукашысты», «Фашысты» і іншыя лёзунгі. У першых шэрагах былі самыя актыўныя. Мне ўдарылі чымсьці па галенастопу. Атаку нам удалося адбіць. Нашы шэрагі стаялі, а часткі ўнутраных войскаў пачалі выціскаць мітынгоўцаў з плошчы. Кагосьці пэўна з найбольш актыўных дэманстрантаў не запомніў. На наступны дзень зноў выйшаў на службу«.

Пракурор зачытвае пратакол чарговага пацярпелага. «Атрымаў удар па калене. Нам сьвяцілі ў твары нейкімі ліхтарыкамі, спрабавалі прарваць наш ланцуг сваёй масай. Нам удалося адбіць атаку. Я непасрэднага удзелу ў затрыманьнях ня браў. У шпіталі параілі амбуляторнае лячэньне. На наступны дзень зноў выйшаў на службу.»

Паказаньні пацярпелага Сьмірнова.

Паказаньні пацярпелага Яфанава. «Нехта нанёс удар па праваму калену. Зьвярнуўся ў шпіталь МУС.»

Зачытваюць паказаньні пацярпелага Шпакава. «Наносілі актыўныя ўдары нагамі, рукамі. Калі мы пакідалі плошчу, мітынгоўцы крычалі: „Міліцыя з народам“. Потым справа была спроба прарыву, адбылося сілавое сутыкненьне. Калі я затрымліваў аднаго мітынгоўца, другі паспрабаваў мне перашкодзіць і нанёс мне ўдар па руцэ. Мне паставілі дыягназ: траўма рукі. У шпіталь не зьвяртаўся».

Пацярпелы Лісоўскі. «Падчас нападу на нас мітынгоўцаў, мяне ўдарылі па галаве. Пасьля ўдару ў мяне доўгі час балела галава. Накіраваўся ў шпіталь МУС. Потым стала лепей і я ня стаў зьвяртацца у лякарню адносна траўмы».

Пратакол допыту пацярпелага Ксёнзава. Ударылі па галаве і ў плячо. Па лячэньне не зьвяртаўся.

Пратакол допыту пацярпелага Заека. Атрымаў два ўдары па галаве падчас абароны ўваходу ў Дом ураду. Потым зьвярнуўся у шпіталь МУС. Шпіталізацыю не прапаноўвалі.

Пратакол допыту Маскалёва. Атрымаў удар на назе. Па лячэньне не зьвяртаўся. Нага дагэтуль баліць.

12:56 У судзе абвешчаны перапынак да 14 гадзіны.

12.45
Дае паказаньні пацярпелы Гушча. Ён распавёў, як невядомы падчас прарыву мітынгоўцаў праз ланцуг ударыў яго па назе. Яго агледзелі ў шпіталі МУС — ушыб левага калена.

Пракурор:
Ці чулі вы пагрозы на свой адрас?

Гушча:
Так, увесь час.

Гушча кажа, што мітынгоўцы білі нагамі, рукамі па шчытах, кідалі плястыкавымі бутэлькамі, у яго патрапілі. Нікога з абвінавачаных ня змог пазнаць. Бачыў на плошчы дручкі, бутэлькі, ледасек ці скрабок.
Адвакат: А вы можаце адрозьніць арматуру ад драўлянай палкі?

Гушча: Не, бо было далёка. мэтраў 20-30.

Адвакат:
Але арматуру вы бачылі?

Гушча: Нешта ляжала. Там шмат ляжала, да 60 кавалкаў. мяркуючы па справе.

Адвакат: Вы бачылі?

Гушча: Ня памятаю.

12:40 Наступны пацярпелы Лушчык.
Сказаў, што яго ўдарылі ледасекам і некалькі разоў па галаве рукамі. Праходзіў стацыянарнае лячэньне. Паводле пацярпелага, пасьля разгону мітынгу можна было безь перашкодаў сысьці ў любым напрамку — на вакзал, да гатэля «Менск» і гэтак далей.

Кажа, што людзі прыйшлі з пэўнай мэтай, агрэсіўна настроеныя. Было людзей шмат. Ён ня бачыў, як ішлі людзі на плошчу. Колькасьць мітынгоўцаў ён не лічыў, але бачыў, што плошча была цалкам запоўненая. Колькі было міліцыянтаў, ня можа сказаць.

Абвінавачаны Буланаў
пытае: апішыце прыстасаваньне, якім вас ударылі, пра якое вы сказалі, што гэта быў ледасек.

Лушчык:
Гэта такое прыстасаваньне на пруце для колкі лёду на ходніку.

Гэта, відаць, скрабок, а не ледасек?

Лушчык: Так, такі скрабок.

12.17
Дапытваюць пацярпелага Віталя Піліпейку. Кажа, што мітынгоўцы перашкаджалі міліцыянтам ужо на падыходзе да Дома ўраду. Ён паваліўся, яму нанесьлі некалькі ўдараў. Калегі дапамаглі падняцца. Білі рукамі, нагамі па шчытах падчас прарыву ланцугу. Білі таксама ці то чаранкамі ад рыдлёвак, ці то палкамі. Перад ім была група мужчын у кажухах 35-40 гадоў. Крычалі: «Бі мянтоў!» і праводзілі пальцам па горле. Міма праходзілі бабуля зь дзядулем, мужчыны сказалі ім прайсьці. каб не перашкаджаць. «Тыя сышлі і на нас кінуліся гэтыя мужчыны. Адзін зь іх ужыў нейкі балёнчык», — кажа Піліпейка.

Потым ён бачыў, як адзін мітынговец кінуў у міліцыянтаў кавалак арматуры. Зьвярнуўся да мэдыкаў, быў у шпіталі МУС.

Паводле пацярпелага, на ганку было каля 80-90 чалавек, якія білі шкло. Яму запомніліся лёзунгі: «Бі мянтоў» і «Наперад».

На плошчы бачыў дручкі, кавалкі лёду, кавалкі арматуры. Кажа, што мітынгоўцы прарываліся ў Дом ураду.

Адвакаты
пытаюцца: навошта мітынгоўцы білі вас па шчытах, калі вы іх адціскалі? Піліпейка ня ведае.

Адвакат: Чаму вы вырашылі, што яны прарываліся ў Дом ураду?

Піліпейка: Бо мы былі на іх шляху. Мне так падалося.

Адвакат: Вы некага з Дома ўраду выцягвалі?

Піліпейка: Не.

А што там былі за бабуля зь дзядулем? Яны былі ўдзельнікамі мітынгу?

Піліпейка: Ня ведаю. Але магчыма што так, былі ўдзельнікамі. Ім было недзе за 70 гадоў.

Вус запытаўся, ці прарвалі б мітынгоўцы міліцэйскі ланцуг, калі б гэтыя 50 тысяч павялі кандыдаты на прэзыдэнта? Піліпейка сказаў, што ня ведае.

11.57 Пацярпелы Сакач дае паказаньні. Кажа, што каля 22.00 прыбыў да Дому ўраду, у эфіры прагучала, што б’юць шкло. Падчас руху супраць яго дзеяньняў не было, але ён бачыў, як б’юць па шчытах іншых. Калі паўсталі каля Дома ўраду, людзі пачалі біць па шчытах. Яго схапілі за шчыт, пацягнулі за шлем, ударылі па руцэ. Ён ужываў гумовую палку. На вуліцы Савецкай перагрупаваліся і пайшлі падзяляць натоўп на 2 часткі. Агрэсіўных адсеклі, суправаджалі ў спэцтранспарт. Зьняліся і паехалі. Пасьля ўсяго зьвярнуўся да мэдыкаў — балела левая рука. У шпіталі МУС агледзелі, пералому не было, вызначылі ўшыб сустава.

Хто менавіта ўдарыў яго і біў іншых міліцыянтаў, ён сказаць ня можа. Чым яго ўдарылі, сказаць ня можа. «Рукой ці нагой. нейкім цяжкім прадметам». Людзі крычалі: «Сыходзьце, чаго вы сюды прыйшлі? Мы ўсё роўна туды пройдзем».
«Дзейнічалі ўзгоднена, як мне падалося. Калі мы расьсякалі натоўп, пад нагамі валяліся розныя прадметы, у тым ліку прыстасаваньні для колкі лёду».

Адвакаты пытаюцца:
Ці вы бачылі кагосьці, хто кіраваў мітынгоўцамі?

Сакач:
У сэктары майго агляду ня бачыў.

Адвакат:
Калі б яны захацелі, прарвалі б ваш ланцуг?

Сакач:
Калі б усе разам пайшлі, то магчыма і так.

Сакач нікога з падсудных не апазнаў. Пра затрыманьні сказаў: «Хто хацеў сысьці, мог сысьці, а хто не хацеў, таго мы затрымлівалі».

11. 27 Пацярпелы Ігар Зінкевіч
сказаў, што бачыў на плошчы Класкоўскага. Ён запомніўся, бо быў ля яго, некалькі разоў ударыў у шчыт, сказаў, чаго ты сюды прыйшоў, ідзі дахаты. Абвінавачаны сказаў некалькі зьняважлівых слоў, потым адышоў. Зінкевіч кажа, што пазьней яму пырснулі ў вочы парашком з вогнетушыцеля, у яго забалелі вочы і ён зьвярнуўся па мэдычную дапамогу, а потым паехаў у шпіталь.

Пракурор: Калі вы адцясьнялі людзей, яны супраціўляліся?

Зінкевіч: Больш-менш так, а потым пачаліся хвалі прарыву.

Пацярпелы кажа, што крыху глядзеў на Дом ураду, чуў гукі разьбітага шкла. Ён кажа, што Класкоўскі быў апрануты ў цывільную куртку, міліцэйскай формы на ім ня бачыў. Абвінавачаны быў агрэсіўны, але прыкмет ап’яненьня не было. Ён запомніўся, бо падыходзіў, а потым Зінкевіч бачыў відэа ў інтэрнэце і пазнаў яго.

Пракурор
заўважыў супярэчнасьці ў паказаньнях Зінкевіча адносна Класкоўскага і зачытвае іх. Там ён казаў, што запомніў Класкоўскага, бо той быў у міліцэйскай вопратцы. Ён зьняў курту з пляча. Зінкевіч убачыў пагон лейтэнанта міліцыі. Класкоўскі заклікаў далучыцца да іх, але Зінкевіч не адрэагаваў, і тады Класкоўскі пачаў яго зьневажаць. На пытаньне чаму паказаньні адрозьніваюцца, Зінкевіч сказаў, што шмат часу прайшло. Яго паказаньні адпавядаюць рэчаіснасьці.
Адвакат таксама просіць агучыць частку паказаньняў падчас сьледзтва. Пракурор супраць. Суд задаволіў хадайніцтва.

Зачытвае: Людзі крычалі «Міліцыя з народам», «Лукашысты», «Фашысты». Насупраць стаялі людзі ў кажухах. Там я ўбачыў чалавека ў міліцэйскай вопратцы, я пазьней даведаўся, што гэта быў Класкоўскі. Нехта зь мітынгоўцаў мяне ўдарыў, потым пырснулі з вогнетушыцеля…

Адвакат: Чаму тады вы не казалі, што Класкоўскі да вас падыходзіў, абражаў і нават некалькі разоў ударыў па шчыце? Сёньня вы кажаце ўвогуле, што ён быў у цывільным.

Зінкевіч: Вы перапыталі і я згадаў, і сказаў. Прайшло шмат часу і я ня ўсё памятаю.

Адвакат: А лаянка ад Класкоўскага была на ваш асабісты адрас ці ўвогуле?

Зінкевіч адказвае, што ня памятае. Ён кажа, што ня бачыў у яго цялесных пашкоджаньняў. Супраць Класкоўскага не ўжываў сілу, нават тады, калі ён наносіў удары па шчыце. Ён ня чуў, каб Класкоўскі арганізоўваў натоўп. Кажа, што на ганку Дома ўраду было больш журналістаў, чым мітынгоўцаў. Ён ня ведае, хто затрымліваў мітынгоўцаў, бо яго там не было.

Класкоўскі пытаецца, чым была выкліканая агрэсія? Зінкевіч кажа, што ня ведае. Класкоўскі выказвае шкадаваньне, што відэа абрэзана і там ня бачна, чаму ён пачаў абражаць гэтага міліцыянта.

11.08
У судзе дае паказаньні пацярпелы Волкаў. Кажа, што прыбыў на працу, рушыў на Кастрычніцкую плошчу, адтуль, па загадзе, на плошчу Незалежнасьці. Знаходзіўся ў транспарце. Каля 22.00 паступіла каманда выйсьці і рухацца да ганку. Падышлі і пачалі адціскаць людзей. Як спыніліся, да іх неаднаразова падыходзілі людзі, білі палкамі па шчытах, нагамі. Праз 15 хвілінаў адышлі, потым зноў была каманда разьдзяліць мітынгоўцаў. Быў у першым шэрагу. Кажа, што там яму нанесьлі ўдар па правым калене. Пад’ехаў транспарт і пачалі загружаць мітынгоўцаў. Да 4 гадзінаў раніцы знаходзіўся каля рэзыдэнцыі. Потым зьвярнуўся да лекара, дзе яму аказалі дапамогу.

Паводле пацярпелага Волкава мітынгоўцы паводзілі сябе агрэсіўна, білі па шчытах палкамі і нагамі. Скандавалі: «Далоў дзейную ўладу!» і іншыя лёзунгі. Яго нехта ўдарыў нагой у правае калена. Нікога з абвінавачаных там ня бачыў. Сам нікога не затрымліваў. Як выглядала плошча калі сыходзілі, не зьвяртаў увагі.

Адвакат: Адных загрузілі ў транспарт, а з астатнімі што рабілі?

Волкаў: Адцясьнілі з плошчы, і далей іх лёс мне невядомы.

Адвакат: Як вам нанесьлі ўдар — гэта адзін чалавек да вас падскочыў ці ўсе разам?
Волкаў: Падыходзілі — адыходзілі, вось і ўдарылі.

Адвакат: А чаму вы адышлі ад ганку?

Волкаў: Атрымалі загад і адышлі.

Волкаў кажа, што яго шэраг таксама спрабавалі прарваць. Ён не ўжываў ніякіх спэцсродкаў.

Абвінавачаны Вус пытаецца пра ўзрост тых, хто нападаў. Волкаў кажа, што ім каля 30 гадоў. Ён ня чуў, каб тыя, каго білі дубінкамі, крычалі «Ня біце, мы свае».

Абвінавачаны Класкоўскі пытаецца пра тое, як адціскалі натоўп ад ганку Дома ўраду. Пацярпелы пацьвердзіў, што адціснулі, але агрэсіўныя дзеяньні працягваліся. Ён кажа, што атрымаў загад адыйсьці і яму не перашкаджалі.

10.44
Пачаўся допыт пацярпелага камандзіра аддзяленьня амапаўцаў Скарахода. У 16 гадзінаў ён прыбыў на Кастрычніцкую плошчу, быў у рэзэрве, сядзеў у транспарце. Адтуль пераехалі на вуліцу Бэрсана. Паступіў загад экіпіравацца і рушыць да Дома ўраду. Калі гэта было, ня памятае. Спачатку проста стаялі. Потым мітынгоўцы паспрабавалі прарваць наш ланцуг: наносілі ўдары нагамі і рукамі. Падчас адной спробы прарвалі ланцуг, я паваліўся, невядомыя сарвалі зь мяне каску. супрацоўнікі палку адцясьнілі натоўп і я змог падняцца і ўстаць у шэрагі. Мы адышлі на вуліцу Савецкую, адтуль па загаду пайшлі расьсякаць натоўп. Калі мітынгоўцаў мы расьсеялі, я даклаў камузводу пра пашкоджаньні. Потым 4 дні я быў у шпіталі.

Пракурор: Ці бачылі вы, як білі шкло на ўваходзе?

Скараход: Так, павярнуўся на 2 сэкунды і бачыў, як білі палкамі па вокнах. Нікога з абвінавачаных там ня бачыў. Там былі мужчыны 25-30 гадоў, некаторыя ў зімовых шапках, шчыльна апранутыя, было ўражаньне, што рыхтаваліся.

Пракурор: А ці лёгка было запомніць нападнікаў на вас з улікам колькасьці мітынгоўцаў?

Скараход: Цяжка. Я бачыў толькі 1-2 шэрагі.

Пракурор: А ўспышкі фотаапаратаў былі, вам перашкаджала гэта бачыць?

Скараход: Так, успышкі былі.

Адвакат Станкевіч: Чаму вы вырашылі, што яны былі арганізаваныя?

Скараход: Бо яны перамаўляліся паміж сабой, браліся за рукі, разганяліся і ўразаліся ў нас, зьневажалі нас.

Скараход кажа, што раней браў удзел у такіх акцыях, ён кажа, што ў паводзінах мітынгоўцаў не было нічога новага.

Адвакат: Як паводзілі сябе людзі, калі вы адціскалі іх ад помніку?

Скараход: Некаторыя супраціўляліся, некаторыя не, проста адыходзілі.

Адвакат: Ці чулі вы загады ў натоўпе прарывацца і супраціўляцца?

Скараход: Ня памятаю, каб нехта заклікаў, проста ўсе разам наступалі. Мы стаялі, а яны падыходзілі і наносілі ўдары.
Адвакат: А калі вы даведаліся пра біцьцё шкла?

Скараход:
У транспарце мы пачулі па радыёстанцыі, што там адбываецца.

Адвакат: Вы чулі загад спыніць і захапіць тых, хто б’е шкло?

На гэта пытаньне сьведка дакладна не адказаў. Сказаў, што там знаходзіліся супрацоўнікі міліцыі. Іх было дастаткова. Ён ня бачыў, што яны рабілі.

Адвакат: Ці вы ўжывалі фізычную сілу і спэцсродкі?

Скараход: Так. Біў гумавай палкай. Адціскаў шчытом.

Абвінавачаны Вус пытаецца, вы кажаце, што тыя, хто нападаў на вас былі ўзросту 30-40 гадоў. А вы маглі вызначыць іх як супрацоўнікаў спэцслужбаў?

Скараход: Не.

10.15
Пачаўся допыт пацярпелага Дзьмітрыя Булавацкага. Ён распавядае, як мітынгоўцы пачалі кідаць у іх бутэлькі, лёд, ставіць падножкі, вырываць з шэрагаў, калі яны выстраіліся каля ўваходу ў Дом ураду. Яны адышлі да пэдунівэрсытэту, там атрымалі загад расьсекчы натоўп. Расьсеклі, узялі ў кальцо найбольш агрэсіўных і пачалі «іх загрузку ў транспарт».

Пракурор:
грубая нецэнзурнай лаянкай вас абражалі?

Булавацкі:
Увесь час.

Пракурор:
Як вы пацярпелі?

Булавацкі:
Сарвалі каску і рукамі нанесьлі некалькі ўдараў па галаве.

Пракурор:
Ці бачылі вы ў руках дэманстрантаў драўляныя палкі, іншыя прадметы?

Булавацкі:
Палак непасрэдна перад сабой ня бачыў, бачыў вуды, а ў канцы. далей, бачыў людзей з палкамі, якія імі размахвалі.

Пракурор:
А ў якім месцы вы расьсеклі натоўп?

Булавацкі:
З боку пэдунівэрсытэту, зьлева.

Пракурор:
Якую вам аказвалі дапамогу?

Булавацкі:
Лекар агледзеў, убачыў разрыў верхняй губы, за пару дзён прайшло.

Пракурор:
Экспэртызу праходзілі?

Булавацкі:
Так.

Адвакат: Дзе вы былі на плошчы?

Булавацкі: Па ўсёй плошчы.

Адвакат: Вы сказалі, што ўзялі ў кальцо агрэсіўную групу. Дзе была гэта група?

Булавацкі: Ад помніка да правага крыла будынку і ўправа таксама.

Адвакат: Ці быў тады мароз?

Булавацкі: Не заўважаў.

Адвакат: Як вас сустрэлі?

Булавацкі: Усе разам сталі кідаць бутэлькі.

Адвакат: Якія бутэлькі?

Булавацкі: Ня ведаю. У бутэльках нешта было.

Адвакат: Ад бутэлек ніхто не падаў?

Булавацкі: Не, ніхто. Сталі адразу ставіць падножкі, вырываць з шэрагаў, сарвалі шлем і ўдарылі рукамі па галаве.

Адвакат перапытвае пра групу людзей, якая, паводле пацярпелага, размахвала палкамі. Хто гэта? Сьведка адказвае, што гэта былі тыя, хто спачатку адышоў, а потым яны наблізіліся і наносілі ўдары па амапаўцах.

Булавацкі сказаў, што бачыў абвінавачанага Аляксандра Класкоўскага.

«Стаяў у форме ДАІ, белая кашуля і зімовы бушлат. Узлахмачаны, твар чырвоны. Крычаў у наш бок нешта, прыкладна: «Хлопцы, што вы робіце? Давай, удар мяне, я адвучыўся…» Але даслоўна ня памятаю. Каб ён біў каго, ня бачыў. Мяне ня біў дакладна.


Адвакат: Чаму да вас агрэсіўна паставіліся?

Булавацкі: Я сам зьдзіўляюся. Нашы супрацоўнікі рэагавалі на гэта спакойна.

Адвакат: А якія лёзунгі крычалі абвінавачаныя?

Булавацкі: Ня памятаю. З абвінавачаных бачыў толькі Класкоўскага на плошчы.

Адвакат: Ці вы выкарыстоўвалі спэцсродкі?

Булавацкі: Так, адціскаў шчытом.

Адвакат: А спэцсродкі?

Булавацкі: Не.

Адвакат: Вы непасрэдны удзел у затрыманьні абаронцаў прымалі?

Булавацкі: Не.

Адвакат: Калі вы сышлі з плошчы?

Булавацкі: Калі плошчу расчысьцілі.

Адвакат: А што вы да таго рабілі?

Булавацкі: Проста стаялі.

Булавацкі кажа, што ня памятае, хто яму наносіў удары. Пасьля разгону мітынгоўцаў на плошчы быў сьнег, але перамяшаны зь нейкім сьмецьцем.

Адвакат: Ці наносілі вам удары па шчыце?

Булавацкі: Так, увесь час білі нагамі.

Задае пытаньні абвінавачаны Буланаў, цікавіцца абставінамі разгону і прадметамі, якія ён бачыў на плошчы. Булавацкі кажа пра палкі па ўсёй плошчы. За помнікам, перад помнікам? Паўсюль.

10.09 Адвакат Федарчук, абаронца Дзьмітрыя Вуса, заявіў хадайніцтва пра тое, што ў Вуса забралі падчас сьледзтва пашпарт. Адвакат просіць суд умяшацца і вярнуць Вусу пашпарт, а таксама прыняць меры да сьледзтва, якое не вяртае пашпарт. Вус падтрымаў хадайніцтва і патлумачыў, што ня можа бяз пашпарта атрымаць дапамогу на сына. Суд вырашыў не задавальняць хадайніцтва, пакінуць пашпарт у справе, а Вусу даць даведку, каб мог атрымаць грошы.

10.04 Працэс аднавіўся. Судзьдзя пытаецца пра наяўнасьць у залі пацярпелых. Частка зь іх знаходзяцца ў адпачынку, частка адкамандзіравана, адзін на лячэньні. Усяго ёсьць 8 пацярпелых.

У залі сваякі, сябры абвінавачаных, прадстаўнікі замежных амбасадаў, студэнты юрфаку. Падрыхтаваны экран для прагляду відэа і запрошаныя пацярпелыя амапаўцы, якія занялі дзьве першыя лавы. Такім чынам будзе працяглы допыт пацярпелых.

Судзьдзя Людміла Грачова. Абвінаваўца Чумукавец.

Суды за Плошчу

Суд над Статкевічам, Вусам, Пазьняком, Класкоўскім, Квяткевічам, Грыбковым, Буланавым. Першы дзень
Суд над Статкевічам, Вусам, Пазьняком, Класкоўскім, Квяткевічам, Грыбковым, Буланавым. Другі дзень

Дзьмітры Буланаў

Дзьмітры Буланаў
26 гадоў. Пакутуе на шэраг хранічных хваробаў, сярод іх рэўматызм, небясьпечныя алергічныя рэакцыі; праз гэта яго жыцьцё цяпер пад пагрозай.

Нарадзіўся ў Менску 25 жніўня 1984 году. Скончыў менскі мэдычны каледж № 2, два гады працаваў мэдбратам у інфэкцыйным шпіталі.

Вучыўся ў Інстытуце сучасных ведаў на факультэце мастацтваў, вывучаў выканаўчае майстэрства.

Палітыкай не займаўся, сябрам палітычных партыяў і рухаў ніколі ня быў.

Падчас разгону мірнай акцыі 19 сьнежня яго затрымалі і зьбілі, расьсеклі галаву. Асуджаны на 10 сутак арышту. Пасьля вызваленьня з ізалятара на Акрэсьціна быў затрыманы паўторна 12-га студзеня 2011 г. толькі за тое, што адмовіўся ісьці на допыт без афіцыйнай позвы.

Утрымліваецца ў турме на вуліцы Валадарскага.

Аляксандар Квяткевіч

Аляксандар Квяткевіч
Нарадзіўся 4 лютага 1987 году.

Скончыў базавую 168-ю менскую школу, затым прафэсійна-тэхнічную вучэльню па спэцыяльнасьці "сталяр-станочнік". Працаваў на вытворчасьці — вырабляў кампрэсары для машын.

На плошчу прыйшоў выпадкова, пажадаўшы паглядзець, як будуць разгортвацца падзеі.

Быў затрыманы, адбыў 12-суткавы арышт за ўдзел у акцыі 19 сьнежня.

4 студзеня затрыманы як падазраваны. Абвінавачаньне выстаўленае паводле крымінальнага артыкула "масавыя беспарадкі".

Знаходзіцца пад вартай у СІЗА КДБ.

Аляксандар Класкоўскі

Аляксандар Класкоўскі
Нарадзіўся 26 верасьня 1978 году.

Скончыў Менскую сярэднюю школу № 55, паступіў на факультэт журналістыкі БДУ, потым атрымаў вышэйшую юрыдычную адукацыю.

У 1999 годзе паступіў у ДАІ Ленінскага раёну Менску на пасаду інспэктара ДПС. Быў звольнены ў 2005 годзе.

Затрыманы ў ноч на 21 сьнежня 2010 г. у сябе дома.

Зьмешчаны пад варту ў СІЗА КДБ.

Дзьмітры Вус

Дзьмітры Вус
Нарадзіўся ў 1971 годзе ў Менску.

Юрыст, завочна скончыў Гарадзенскі ўнівэрсытэт па спэцыяльнасьці «Правазнаўства».

З 16 гадоў працаваў рабочым на заводзе «Інтэграл», пасьля будаўніком.

1999–2003 гг. Дэпутат Менскага гарсавету дэпутатаў.

2007 г. Таксама ішоў на дэпутата, але яго не зарэгістравалі.

2008 г. Вылучаўся на дэпутата ў Палату прадстаўнікоў.

2010 г. Удзельнічаў у мясцовых выбарах, але не прайшоў у Менгарсавет.

Ачольвае выдавецтва «Трывіюм».

Жанаты, мае двух сыноў.

Беспартыйны.

Мікола Статкевіч

  • 12 жніўня 1956 году Нарадзіўся ў вёсцы Лядна Слуцкага раёну Менскай вобласьці ў сям'і настаўнікаў.
  • 1978 Скончыў Менскую вышэйшую інжынэрную зэнітна-ракетную вучэльню.
  • 1986 Абараніў кандыдацкую дысэртацыю.
  • Працаваў выкладчыкам Менскай вышэйшай інжынэрнай зэнітна-ракетнай вучэльні.
  • Люты 1991 На знак пратэсту супраць падзей у Вільні выйшаў з КПСС.
  • 1991 Сябра Цэнтральнай рады і выканаўчага камітэту Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада).
  • 1995 Старшыня БСДП (НГ).
  • 1991-1995 Стваральнік і кіраўнік Беларускага згуртаваньня вайскоўцаў.
  • 2000 Удзельнічаў у выбарах у Палату прадстаўнікоў.
  • 2005 Асуджаны на тры гады абмежаваньня волі за арганізацыю 18-19 кастрычніка 2004 году ў Менску вулічнай акцыі супраць афіцыйных вынікаў парлямэнцкіх выбараў і рэфэрэндуму. Па амністыі тэрмін абмежаваньня волі быў скарочаны на год.
  • Кіраўнік аргкамітэту ў справе стварэньня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада).​
  • 2010 Статкевіч вылучаўся кандыдатам у прэзыдэнты. Пасьля пратэстаў на Плошчы яго арыштавалі і затым асудзілі да 6 гадоў з адбыцьцём тэрміну пакараньня на падставе ч. 1 арт. 293 Крымінальнага кодэксу (арганізацыя масавых беспарадкаў, якія суправаджаліся гвалтам над асобай, пагромамі, падпаламі, зьнішчэньнем маёмасьці і ўзброеным супрацівам прадстаўнікам улады). З тэрміну ён адседзеў 5 гадоў, катэгарычна адмовіўся пісаць на імя Лукашэнкі прашэньне аб памілаваньні, аднак усё адно выйшаў на волю пасьля ўказу апошняга.
  • 2011 Адбываючы тэрмін зьняволеньня, Мікола Статкевіч узяў шлюб з Марынай Адамовіч. Дзьве ягоныя дачкі ад першага шлюбу жывуць у Нямеччыне.
  • 2017 Статкевіча затрымліваюць і зьмяшчаюць у СІЗА перад Днём Волі.
  • 31 траўня 2020 Статкевіча затрымалі па дарозе на выбарчы пікет Сьвятланы Ціханоўскай. Спачатку яго пакаралі адміністрацыйным арыштам на 15 сутак, да якіх пасьля дадалося яшчэ столькі ж. Аднак па адбыцьці гэтага тэрміну палітыка ня вызвалілі, а перавялі ў СІЗА № 1 Менска і выставілі абвінавачаньне паводле крымінальнага артыкулу 342. Ён зноў адмаўляецца пісаць Лукашэнку прашэньне на памілаваньне, называе яго ўзурпатарам і дыктатарам, вітае канвой на закрытым судзе ў Гомлі нацыянальным воклічам «Жыве Беларусь!»​.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG