Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд просіць лінгвістаў разлушчыць фразу пра плошчу


Сёньня Вышэйшы гаспадарчы суд можа вырашыць лёс "Аўтарадыё", праца якога была прыпыненая. Судовы разгляд запатрабаваў лінгвістычнага аналізу фразы пра плошчу з рэклямнага роліка Саньнікава, які па радыё прагучаў.

Да гэтага адбыліся ўжо тры судовыя пасяджэньні, і на апошнім судзьдзя Валеры Шобік заўважыў, што мае намер як мага хутчэй завяршыць справу, бо разумее, што радыё – гэта суб'ект гаспадараньня, і яно церпіць страты ад спыненьня вяшчаньня.

Прадметам апошняга судовага разьбіральніцтва стала фраза "Лёс краіны вырашаецца не на кухні, а на плошчы", якая ўтрымлівалася ў агітацыйным роліку кандыдата ў прэзыдэнты Андрэя Саньнікава. Бакі спрачаліся, ці зьяўляецца гэта фраза заклікам прыйсьці на канкрэтную плошчу ў пэўны час, і ці можа быць яна ў пэўным кантэксьце заклікам для экстрэмісцкай дзейнасьці. Міністэрства інфармацыі і прадстаўніца абвінавачваньня Марына Папова такім чынам аргумэнтавалі сваю пазыцыю:

"Відавочна, што дадзеная фраза гучала падчас найбольш актыўных палітычных падзеяў у краіне, падчас выбарчай кампаніі, калі аўдыторыя палітызаваная. І, безумоўна, кожны разумеў, што слова "плошча" азначае толькі адно: прыйсьці 19 сьнежня на плошчу для ўдзелу ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве».

На замову Міністэрства інфармацыі сваё пісьмовае лінгвістычнае заключэньне зрабіў дырэктар Інстытуту мовазнаўства, член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Аляксандар Лукашанец. "Аўтарадыё", са свайго боку, запрасіла на судовае паседжаньне кандыдата філялягічных навук, судовага экспэрта Аксану Шчарбакову. Судзьдзя Валеры Шобік наўпрост задае пытаньне экспэрту Шчарбаковай:

"З пункту гледжаньня лінгвістыкі, паводле вашага меркаваньня, прымаць да ўвагі абставіны, зьвязаныя з канкрэтнай палітычнай сытуацыяй, вы не палічылі правільным?"

"Я не магу прымаць да ўвагі нейкія пэўныя абставіны. Ці пабудзіў бы мяне гэты ролік – маўляў, трэба пайсьці на плошчу? Ды ніколі ў жыцьці! Тую інфармацыю, якую я аналізавала на "Аўтарадыё", менавіта ў той форме, якая гучала на радыё, я б не ўспрыняла ніяк".

Заключэньні лінгвістаў Аляксандра Лукашанца і Аксаны Шчарбаковай адрозьніваліся. Аксана Шчарбакова неаднаразова падкрэсьлівала, што яна аналізавала тэкст, а не кантэкст. Судзьдзя вырашыў на сёньняшняе паседжаньне запрасіць і спадара Лукашанца. Дырэктар "Аўтарадыё" Юры Базан выказаў такое меркаваньне

"Відаць, ёсьць неабходнасьць запрашэньня дырэктара Інстытуту мовазнаўства. Хаця ў самім заключэньні, як вы чулі, няма катэгарычнасьці сьцьверджаньня, што ў гэтай фразе ёсьць заклікі да масавых беспарадкаў. Там ёсьць намёк, што, магчыма, хтосьці мог так зразумець".

І яшчэ адна акалічнасьць. На наўпроставае пытаньне абаронцы "Аўтарадыё", чаму ні Беларускае радыё, ні дзяржаўныя выданьні "Советская Белоруссия", "Минский курьер", "Рэспубліка" не атрымалі папярэджаньняў за тую ж самую фразу пра кухню і плошчу, адказ прадстаўнікоў Міністэрства інфармацыі быў такі: тыя выданьні разтыражавалі фразу, калі Андрэй Саньнікаў яшчэ не атрымаў папярэджаньня пракуратуры, да 9 сьнежня, а "Аўтарадыё" – пасьля папярэджаньня Генпракуратуры.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG