Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Джын Шарп: калі людзі перастануць баяцца дыктатуры, яе справы – дрэнь


Маладыя людзі, якія адыгралі немалую ролю ў туніскай і эгіпецкай рэвалюцыях, былі знаёмыя з ідэямі гэтага чалавека. Радыё Свабода і New York Times на гэтым тыдні пацікавіліся лёсам 83-гадовага амэрыканскага вучонага Джына Шарпа, аўтара падручніка мірных рэвалюцый “Ад дыктатуры да дэмакратыі”.

У Амэрыцы пра Шарпа мала хто ведае, піша Шэрыл Столберг у газэце The New York Times ад 16 лютага.

Але ўжо не адно дзесяцігодзьдзе яго падручнік негвалтоўных рэвалюцый “Ад дыктатуры да дэмакратыі” ( “From Dictatorship to Democracy”) натхняе дысыдэнтаў многіх краінаў. Інструкцыі можна скачаць у інтэрнэце на 24 мовах, у тым ліку па-беларуску.

Шарпу сёньня 83 гады, гэты сівы згорблены дзядок жыве ў адным з рабочых раёнаў амэрыканскага гораду Бостан, вырошчвае архідэі, сам ходзіць па прадукты і дагэтуль так і не навучыўся карыстацца інтэрнэтам. Ён надзвычай сьціплы і адмаўляе значнасьць нейкіх сваіх заслугаў. Ён хутчэй мысьляр, чым рэвалюцыянэр, хаця ў маладосьці ўдзельнічаў у акцыях пратэсту супраць расавай дыскрымінацыі і адбыў 9 месяцаў турмы за адмову ісьці на Карэйскую вайну з ідэйных меркаваньняў. Па словах Шарпа, ніякіх кантактаў з эгіпецкімі актывістамі ён ня меў, а за падзеямі сачыў па канале CNN. Ён адзначае, што рэвалюцыя ў Эгіпце яго натхняе, але падкрэсьлівае: “Гэта зрабіў ня я, а эгіпецкі народ”. Вось як на просьбу Радыё Свабода Шарп падсумаваў падзеі ў Эгіпце:

Шарп: "Так, гэта быў вельмі адважны чын, яны прадэманстравалі сваю мужнасьць... У рэпартажах на CNN і ў іншых крыніцах шмат разоў паўтаралася, што людзі страцілі страх і менавіта гэтая акалічнасьць, паводле Гандзі, мае ключавое значэньне. Калі людзі страчваюць страх, справы дыктатуры – дрэнь. Адначасова ў вельмі вялікай ступені людзі здолелі захаваць негвалтоўны характар паводзінаў, нават тады, калі іх атакавалі, яны ўвесь час казалі – мірна, мірна, мірна. І гэта вельмі вялікае дасягненьне ў выпадку дэманстрацыяў, дзе было больш як мільён людзей, і гэта быў ключ да іхнай перамогі".

Адна з галоўных высноваў, да якой прыйшоў Шарп, вывучыўшы вопыт рэвалюцыянэраў тыпу Гандзі, сусьветную практыку барацьбы за грамадзянскія правы, тое, што барацьба за дэмакратыю павінна быць заснаваная на дакладна распрацаванай стратэгіі і крапатлівым плянаваньні. Паводле ягонага перакананьня, мірныя акцыі пратэсту найбольш эфэктыўныя, не з маральных меркаваньняў, а таму, што гвалт дае дыктатарам зручную падставу для рэпрэсій. «Калі вы выкарыстоўваеце гвалтоўныя мэтады, тлумачыць Шарп, вы змагаецеся той зброяй, якой ваш вораг валодае лепш за ўсё, і ў выніку вы станеце героем, але мёртвым».

У сваёй кнізе Шарп прыводзіць 198 мэтадаў негвалтоўных дзеяньняў, якімі грамадзяне супольна могуць змагацца з дыктатурай. Гэта, напрыклад, публічныя заявы з подпісамі вядомых людзей, вывешваньне сьцягоў і нашэньне сымбаляў, малітвы і богаслужэньні, высьмейваньне або «перасьлед»па пятах афіцыйных асобаў, братаньне з салдатамі, сатырычныя ўзнагароды, газэты і ўлёткі, мітынгі пратэсту ці маўклівыя акцыі, надпісы на зямлі камянямі ці кветкамі, байкот грамадзкіх падзеяў, забастоўкі, паварочваньне сьпінай або галадоўка, спыненьне членства ў грамадзкіх арганізацыях, адмова ад выплаты падаткаў…

Амэрыканскі навуковец зрабіў гэтыя высновы не як голы тэарэтык. Ён асабіста наведаў шмат месцаў, дзе людзі загінулі ў выніку масавых пратэстаў ( напрыклад, плошчу ў Вільні). У 1989 годзе ён прыляцеў у Кітай, каб на ўласныя вочы бачыць падзеі на плошчы Цяньаньмэнь. На пачатку дзевяностых прабраўся ў лягер паўстаўцаў у М'янме…

І хаця стары халасьцяк Шарп пачаў апошнія часам здаваць, а да таго ж яшчэ нядаўна патрапіў у аварыю, у яго шмат навуковых плянаў. Ён толькі што здаў у выдавецтва Оксфардзкага ўнівэрсытэту рукапіс сваёй кнігі «Слоўнік Шарпа: улада і барацьба, тэрміналёгія грамадзянскага супраціву ў часе канфліктаў». Кніга выйдзе ў сьвет увосень. Ён тлумачыць чытачам, што крыху нясьціплы загаловак далі кнізе рэдактары, а не ён. Аўтар жа далей працуе над новым рукапісам – пра Энштэйна. Вялікага вучонага таксама хвалявалі праблемы таталітарызму, і таму яго імя Шарп даў інстытуту, які ў свой час заснаваў. Энштэйн у свой час напісаў прадмову да першай кнігі Шарпа пра Гандзі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG