Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Які эфэкт будзе мець вяртаньне амэрыканскіх эканамічных санкцыяў?


11 лютага набылі моц эканамічныя санкцыі Злучаных Штатаў Амэрыкі ў дачыненьні да беларускіх прадпрыемстваў «Лідзкая лякафарба» і «Полацк-Шкловалакно». Як можна ацаніць эканамічныя наступствы амэрыканскіх санкцыяў для беларускай эканомікі, чаму ў апошнія гады таваразварот паміж Беларусьсю і ЗША зьменшыўся ў 4 разы? Ці існуе агульная палітыка ЗША і Эўразьвязу да афіцыйнага Менску? На гэтыя пытаньні адказваюць аналітыкі Алесь Лагвінец і Андрэй Фёдараў.

Алесь Лагвінец
Андрэй Фёдараў
Віталь Цыганкоў

Цыганкоў: 11 лютага набываюць моц эканамічныя санкцыі Злучаных Штатаў Амэрыкі у дачыненьні да беларускіх прадпрыемстваў «Лідзкая лякафарба» і «Полацк-Шкловалакно». Гэтыя захады ЗША — рэакцыя на разгон мірнай акцыі апазыцыі 19 сьнежня ў Менску і масавыя арышты яе ўдзельнікаў.

Давайце паспрабуем ацаніць эканамічны эфэкт ад увядзеньня (ці, дакладней, аднаўленьня) амэрыканскіх санкцыяў.

Чаму таваразварот зьменшыўся ў 4 разы?


Фёдараў: Для адказу на гэтае пытаньне варта нагадаць разьвіцьцё падзеяў. У лістападзе 2007 году былі ўведзеныя санкцыі супраць канцэрну «Белнафтахім», празь некалькі месяцаў у красавіку 2008 году гэтыя санкцыі былі распаўсюджаныя на ўсе прадпрыемствы, што ўваходзяць у ягоны склад. Тады гэта выклікала вялікае абурэньне беларускіх уладаў, што прывяло да скарачэньня колькасьці дыпляматаў у амэрыканскай амбасадзе ў Менску і беларускіх прадстаўніцтвах у Вашынгтоне і Нью-Ёрку.

Але восеньню таго году, пасьля таго як у Беларусі адбыліся пэўныя перамены, былі вызвалены Аляксандар Казулін ды іншыя палітвязьні, ЗША наклала мараторый на санкцыі супраць прадпрыемстваў «Лідзкая лякафарба» і «Полацк-Шкловалакно». Прычым, наколькі вядома, амэрыканцы запыталіся ў беларускага боку, якія прадпрыемствы Менск хацеў бы вызваліць ад санкцыяў, і Менск паказаў менавіта на гэтыя прадпрыемствы. Таму да апошняга часу, да сёньняшняга дня гэтыя санкцыі ня дзейнічалі.

Ёсьць амэрыканскія дадзеныя па таваразвароце Беларусі і ЗША. У 2007 годзе, да санкцыяў, ён складаў прыблізна мільярд сто мільёнаў даляраў, станоўчае сальда на карысьць Беларусі складала 930 мільёнаў. У 2008 годзе, калі санкцыі ўжо дзейнічалі, таваразварот нават павялічыўся крыху. А ўжо ў 2009 годзе, калі санкцыі былі ўжо зьнятыя, таваразварот скараціўся да 700 мільёнаў даляраў, а летась — да 285 мільёнаў. Даволі складана сказаць, ці тут прамая залежнасьць ад санкцыяў. Магчыма, падчас мараторыю на санкцыі гэтыя прадпрыемствы, асьцерагаючыся, што санкцыі адновяцца, пераарыентаваліся на іншыя рынкі.

Цыганкоў: Думаю, ад санкцыяў ёсьць і пабочны, а ня толькі непасрэдны эфэкт. Амэрыканскі бізнэс не ідзе ў краіну, супраць якой кіраўніцтва ЗША ўводзіць санкцыі, інвэстыцыі не ідуць… Зь іншага боку, калі такі маленькі таваразварот паміж Беларусьсю і ЗША, то Беларусі ўжо няма чаго і губляць у адносінах з Вашынгтонам?

Лагвінец: Відавочна, што ўскосны эфэкт ад санкцыяў ёсьць. Складнікі прывабнасьці краіны ў міжнароднай эканоміцы наступныя — добрыя законы ўнутры краіны, гарантыі правоў маёмасьці, веданьне моваў, міжнародны аўтарытэт краіны. Выбарчыя працэсы ў Беларусі выклікаюць за мяжой адназначна нэгатыўную ацэнку, і гэта ўскосна ўплывае на эканамічныя рашэньні — разьвіваць адносіны з Беларусьсю альбо не.

Таму гэтыя санкцыі маюць істотны ўплыў, яны здольныя выклікаць сур’ёзныя нэгатыўныя наступствы. Таму беларускім уладам варта сур’ёзна задумацца.

«Беларусь сапраўды наўрад ці ёсьць у сьпісе галоўных прыярытэтаў амэрыканскай замежнай палітыкі»


Цыганкоў: Ці можна сказаць, што палітычныя адносіны Беларусі і ЗША цяпер замарожаныя, у іх не адбываецца нічога істотнага. Нават вяртаньне санкцыяў успрымаецца як нешта ардынарнае. Пры папярэднім прэзыдэнце Бушы кіраўніцтва ЗША часта выступала на беларускую тэму. Але Барак Абама, здаецца, ніколі нават ня вымавіў слова «Беларусь». Ці не палічыў Менск, што Вашынгтону зараз не да яго?

Фёдараў: Такая сытуацыя была да 19 сьнежня. Сапраўды, Беларусь ня ўзгадвалася ў выступах кіраўніцтва ЗША, але нельга сказаць, што там нічога не мянялася. Як мы ведаем, 1 сьнежня мінулага году ў Астане падчас саміту АБСЭ было падпісана пагадненьне паміж Беларусьсю і ЗША. Яно складалася з двух частак — першая тычыцца вываду зь Беларусі высокаўзбагачанага ўрану, другая адзначала неабходнасьць руху Беларусі ў кірунку дэмакратыі і правоў чалавека. Калі б Менск быў зусім не зацікаўлены у кантактах з ЗША, наўрад ці б гэтая другая частка была ўключана.
Ёсьць іншыя выклікі для амэрыканцаў, больш важныя і пагрозьлівыя.

Цыганкоў: Дарэчы, пасьля падзеяў 19 сьнежня ці гэтае пагадненьне дзейнічае?

Фёдараў: Што тычыцца другой часткі пра дэмакратыю і правы чалавека, то тут наўрад ці можна нешта сказаць. А наконт вываду ўрану — я мяркую, усё дзейнічае. Прынамсі, не было ніякай інфармацыі, што пагадненьне прыпыненае.

Лагвінец: Беларусь сапраўды наўрад ці ёсьць у сьпісе галоўных прыярытэтаў амэрыканскай замежнай палітыкі. Як урэшце і ўвесь наш рэгіён Цэнтральнай Эўропы. Ёсьць іншыя выклікі для амэрыканцаў, больш важныя і пагрозьлівыя.

«Ня толькі рэжым, але і большасьць грамадзянаў адлучаныя ад інтэнсіўных сувязяў з заходнімі партнэрамі»


Цыганкоў: Эўразьвяз вырашыў ня ўводзіць эканамічныя санкцыі, абмежавацца толькі візавымі. Ці можна сказаць, што ЗША і Эўропа гуляюць ролю добрага і кепскага паліцыянту і праводзяць агульную палітыку, толькі рознымі мэтадамі? Ці ўсё-такі рознагалосьсі паміж Брусэлем і Вашынгтонам у беларускім пытаньні ўсё ж існуюць?

Лагвінец: Сёньняшні беларускі рэжым у пэўнай ступені мае сваю гермэтычнасьць і абароненасьць ад вонкавага ўзьдзеяньня, бо ён у стане пераразьмяркоўваць рэсурсы ўнутры грамадзтва і зачыняць тыя дзіркі, якія выклікаюць найбольшыя праблемы.

Калі казаць пра адрозьненьні ў падыходах ЗША і Эўропы, то нельга сказаць, што нашмат павялічылася ўвага да Беларусі цягам апошніх месяцаў. Былі зроблены вельмі важныя заявы, але Эўразьвяз сапраўды сёньня не гатовы да ўвядзеньня эканамічных абмежаваньняў. Гэта абумоўлена, з аднаго боку, і пазыцыяй такіх краінаў як Літва, Латвія, Італія, а зь іншага — іншым разуменьнем сытуацыі і геапалітычных чыньнікаў у нашым рэгіёне. Я ня думаю, што ЗША могуць пайсьці яшчэ далей у накладваньні санкцыяў на беларускі рэжым. Яны пакуль проста вярнуліся да тых рашэньняў, якія былі прынятыя за часамі рэспубліканскай адміністрацыі, якая больш канкрэтна выказвалася па пытаньнях абароны правоў чалавека і распаўсюджваньня свабоды ва ўсім сьвеце.

Фёдараў: Сапраўды, Эўразьвяз у адрозьненьні ад ЗША ня можа прымаць такія рэзкія рашэньні, як ЗША, бо ў яго існуюць на гэты конт вялікія складанасьці — 27 краінаў мусяць гаварыць адным голасам. Але ў выніку атрымліваецца так, што Вашынгтон і Брусэль сапраўды гуляюць ролю злога і добрага паліцыянта.

Лагвінец: Пытаньне яшчэ ў тым, наколькі Захад гатовы сёньня рэальна павярнуцца да Беларусі і ўцягнуць беларускую грамадзянскую супольнасьць у больш шчыльныя кантакты. Праз павялічэньне вандровак, большае наведваньне беларусамі Захаду і наадварот. Мы ведаем, што ёсьць праблемы ў Эўразьвяза, каб прыняць пазытыўнае рашэньне па візавым пытаньні. Ёсьць вялікія праблемы і для беларускіх грамадзянаў, якія хочуць наведаць ЗША — ім вельмі складана атрымаць візы. Атрымліваецца, што ня толькі рэжым, але і большасьць грамадзянаў адлучаныя ад інтэнсіўных сувязяў з заходнімі партнэрамі.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG