Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КДБ працягвае ператрусы

абноўлена

Cупрацоўнікі КДБ вечарам 28 сьнежня правялі ператрус на кватэры бацькоў лідэра «Правага альянсу» Юрася Карэтнікава. Дома была толькі маці Юрася. Забралі вінчэстэр, дакумэнты, зьвязаныя зь дзейнасьцю «Правага альянсу», а таксама перадвыбарчыя матэрыялы. Таксама супрацоўнікі КДБ пакінулі позву для Юрася зьявіцца на допыт 30 сьнежня.

Супрацоўнікі КДБ правялі ператрус на кватэры экс-кандыдата ў прэзыдэнты Віталя Рымашэўскага.

Пра гэта паведаміў актывіст Дзяніс Садоўскі. Ператрус цягнуўся амаль паўтары гадзіны ў прысутнасьці жонкі. Забралі перадвыбарчыя выступы экс-кандыдата.

Віталь Рымашэўскі знаходзіцца пад вартай у сьледчым ізалятары КДБ. Яго, як і іншых чатырох кандыдатаў ды іх давераных асобаў, падазраюць у арганізацыі масавых беспарадкаў.

Учынілі ператрус і на кватэры бацькоў Паўла Севярынца ў Віцебску. Невядомыя пазванілі ў дзьверы і прадставіліся супрацоўнікамі водаканалу. Пасьля таго, як ім адчынілі, яны прад’явілі пастанову пракурора Менску, распавяла маці Паўла Тацьцяна Севярынец. Людзі ў цывільным сказалі, што іх цікавіць усё, што зьвязана з 19 сьнежня. Яны забралі, да прыкладу, дзьве з паловай тысячы агітацыйных улётак за Віталя Рымашэўскага, ноўтбук і стары кампутар Севярынца, якім ён практычна не карыстаўся.

Як паведаміла жонка экс-кандыдата ў прэзыдэнты Алеся Міхалевіча, які таксама ўтрымліваецца ў сьледчым ізалятары КДБ, супрацоўнкіі КДБ спрабавалі зрабіць ператрус у гаражы маці кандыдата. Аднак маці знаходзіцца за межамі Беларусі, і яны вырашылі апячатаць дзьверы гаража да яе вяртаньня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG