Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Крыміналісты АБСЭ наведалі дом, дзе знойдзена цела Бябеніна

абноўлена

Эксперты-крыміналісты АБСЭ, якія знаёмяцца з матэрыяламі праверкі акалічнасьцяў сьмерці журналіста Алега Бябеніна, сустрэліся зь беларускімі судмэдэкспэртамі.

"Экспэрты АБСЭ наведалі дом, дзе было знойдзена цела журналіста Бябеніна. Акрамя гэтага, яны сустрэліся зь беларускім судмэдэкспэртам, які рабіў ускрыцьцё цела", — паведаміў Інтэрфаксу першы намесьнік пракурора Менскай вобласьці Мікалай Пілінкевіч.

27 кастрычніка экспэрты АБСЭ сустрэліся зь сябрамі Алега Бябеніна, якія ня вераць у вэрсію пра самагубства журналіста, — каардынатарам "Эўрапейскай Беларусі" Зьмітром Бандарэнкам і Фёдарам Паўлічэнкам, сябрам Бябеніна.

Экспэрты-крыміналісты з Нарвэгіі і Швэцыі прыбылі ў Менск 25 кастрычніка на запрашэньне ўладаў Беларусі, каб азнаёміцца з праверкай акалічнасьцяў сьмерці журналіста "Хартыі-97"Алега Бябеніна.

3 верасьня заснавальніка сайту "Хартыя-97" Алега Бябеніна знайшлі ў пятлі на лецішчы пад Менскам.

Праверка прычынаў сьмерці журналіста працягнута да 3-га лістапада. У пракуратуры кажуць, што найбольш верагодная вэрсія — пра самагубства Бябеніна, але ў такую вэрсію ня вераць сябры і паплечнікі нябожчыка.

Экспэрты АБСЭ практычна завяршылі сваю працу, паведамілі БелаПАН у Генэральнай пракуратуры.

Паводле агенцтва, судоваму мэдыку і крыміналісту, якіх вызначыў цэнтральны офіс АБСЭ ў Вене, хапіла матэрыялаў расьсьледаваньня, якое праводзяць беларускія праваахоўныя органы.

28 кастрычніка экспэрты плянуюць сустрэцца з патэнцыйным кандыдатам на прэзыдэнта, лідэрам кампаніі "Эўрапейская Беларусь" Андрэем Саньнікавым, у камандзе якога Алег Бябенін быў адной з ключавых постацяў.

Эксгумацыі, хутчэй за ўсё, ня будзе, паведамілі ў Генпракуратуры.

Чакаецца, што эўрапейскія экспэрты пакінуць Менск 29 кастрычніка.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG