Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шарамет: “Лукашэнка мае моцна нэрвавацца, назіраючы за лёсам Лужкова”


Прычыны адстаўкі мэра Масквы Юрыя Лужкова і наступствы гэтага рашэньня для Расеі і беларуска-расейскіх адносінаў камэнтуе аглядальнік расейскай газэты “Коммерсант” Павал Шарамет.

Дракахруст: Як адстаўка Лужкова адаб’ецца на беларуска-расейскіх, у прыватнасьці, на беларуска-маскоўскіх адносінах? Расейская сталіца і Беларусь маюць велізарны гандлёвы абарот, Лужкоў заўсёды быў палітычным саюзьнікам Аляксандра Лукашэнкі. А што будзе цяпер?

Шарамет: Непасрэднай сувязі паміж інфармацыйнай вайной з Лукашэнкам і адстаўкай мэра Масквы я ня бачу. Ёсьць, зразумела, зьнешняя сувязь, паколькі канфлікты Крамля зь Менскам і маскоўскай мэрыяй суправаджаліся моцнымі інфармацыйнымі атакамі. Але з Лукашэнкам разьбіраюцца па адным пляне, з Лужковым разабраліся па іншым.

Што да наступстваў, то да сур'ёзных эканамічных наступстваў гэта не прывядзе, эканамічныя стасункі паміж Беларусьсю і Масквой разьвіваюцца самастойна, мытны саюз дазваляе беларускім прадпрыемствам свабодна гандляваць сваёй прадукцыяй. У маскоўскіх гастраномах прадаецца нават хлеб. Галоўныя наступствы будуць палягаць у сфэры палітыкі. Зразумела, з адстаўкай маскоўскага мэра Лукашэнка страціў сур'ёзнага палітычнага лабіста ў Расеі, якім быў для яго Юры Лужкоў. Пазыцыі Лукашэнкі сярод расейскіх губэрнатараў робяцца больш слабымі.

Дракахруст: А ў якой ступені палітычна абумоўленым быў гандаль паміж Беларусьсю і Масквой, наколькі ён быў абумоўлены добрай воляй і палітычнымі разьлікамі Юрыя Лужкова?

Шарамет: Нягледзячы на тое, што палітычныя звычаі Масквы вельмі нагадваюць палітычныя звычаі ў Беларусі, усё ж у Расеі не такая таталітарная сыстэма, як у Беларусі, эканоміка менш завязаная на палітыку, калі мы гаворым пра простыя эканамічныя схемы, а не пра нафту ці газ. Нават паралельна з эканамічнай вайной з Лукашэнкам эканамічныя праекты Беларусі ў расейскіх рэгіёнах ня згортваліся.
У першую чаргу ўсіх цікавіць прыбытак і эканамічная эфэктыўнасьць, ніхто на шкоду сабе беларускімі таварамі ў Расеі гандляваць ня будзе. Можна казаць толькі, што Лужкоў даваў беларускім таваравытворцам рэжым спрыяньня, у прыватнасьці, шляхам правядзеньня бясконцых кірмашоў, у закупах харчаваньня. Але маштабы гэтых прэфэрэнцый, якія Масква давала Беларусі, не былі такімі глябальнымі, што са зьменай улады ў Маскве ўсё гэта абрынецца. Як куплялі бульбу, так і будуць купляць. Але калі ізраільская бульба будзе таньнейшая, будуць купляць ізраільскую.

Дракахруст: Якія наступствы для Расеі будзе мець адстаўка Лужкова? Як гэта паўплывае на ступень самастойнасьці расейскіх рэгіёнаў? Як сьведчыць пра стасункі ўнутры тандэма Мядзьведзеў-Пуцін?

Шарамет: Тое, што Лужкова адправілі ў адстаўку з такой жорсткай фармулёўкай – гэта падзеньне апошняга бастыёна расейскага сэпаратызму. Гэта азначае, што прэзыдэнт Мядзьведзеў ня будзе мірыцца з роляй "хлопчыка для біцьця" і ў некаторых канфліктах будзе ісьці да канца. Гэта кепскі сыгнал для Лукашэнкі, які дазваляў сабе дзёрзкія і грубыя выказваньні на адрас расейскага прэзыдэнта. Гісторыя з Лужковым яшчэ раз пацьвярджае, што ў расейскім тандэме прэм'ер-прэзыдэнт няма невырашальных супярэчнасьцяў. Калі б яны былі, Лужкоў мог бы пратрымацца значна даўжэй.

Паказьнікам стане, каго прызначаць наступнікам Лужкова. Калі гэта будзе чалавек Пуціна, то імавернасьць яго вяртаньня ў крэсла прэзыдэнта робіцца вельмі высокай. Калі гэта будзе чалавек, арыентаваны на Мядзьведзева, то будзе зразумела, што цяперашні прэзыдэнт захавае сваю пасаду.

Але ў любым выпадку прэзыдэнт Лукашэнка мусіць моцна нэрвавацца, назіраючы за лёсам свайго сябра і палітычнага саюзьніка Юрыя Лужкова.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG