Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Па загадзе прэзыдэнта стартавала жніво


Паводле распараджэньня Аляксандра Лукашэнкі ва ўсіх рэгіёнах Беларусі да 20 ліпеня павінна пачацца жніво. Аднымі зь першых выконваць загад пачалі на Берасьцейшчыне. Кіраўнік мясцовай вэртыкалі Канстанцін Сумар абяцаў Лукашэнку сёлета сабраць на палетках вобласьці рэкордны ўраджай — 1,5 мільёна тон збожжа. Аднак на гэты конт у саміх сялян ёсьць сумневы.

Паводле старшыні Берасьцейскага аблвыканкама Канстанціна Сумара, у суткі ў вобласьці плянуюць намалочваць і прасушваць 70 тысяч тон збожжа. Паводле ягоных словаў, тэхніка і людзі да гэтая гатовыя. Кантроль ажыцьцяўляе ўся вэртыкаль. Галоўным кантралёрам на жніве абяцаў быць сам Лукашэнка.

На месцах выконваюць распараджэньне высокага начальства. Але без асаблівага энтузіязму. Галоўны аграном калектыўнага сельгаспрадпрыемства «Маладая гвардыя» зь вёскі Чарнаўцы Берасьцейскага раёну кажа, што спадзявацца на добры ўраджай і на збор у паўтара мільёна тон зерня надзвычай складана. Халодная і сьнежная зіма, халодная вясна і дажджлівы пачатак лета неспрыяльна адбіліся на ўсходах:

«Мяркую, што зьбіраць у суткі каля 70 тысяч тон зерня па вобласьці яшчэ магчыма. Але ў цэлым сабраць ураджай у паўтара мільёна тон — гэта даволі гучна сказана».

Шмат што ў гаспадарках залежыць ня толькі ад надвор’я, забесьпячэньня, але і ад людзей, кажа аграном:

«Калі нармальны калектыў, вось як на гэтай сушылцы, то і пытаньняў няма. Трэба — і да ночы будуць працаваць. Але ёсьць і такія, у адносінах да якіх шмат пытаньняў і праблем…»

Былы энэргетык калгасу з Івацэвіцкага раёну перакананы, што праца сельскагаспадарчых каапэратываў часта выглядае не зусім арганізаванай:
Калі зламаўся рухавік, добра, калі ёсьць магчымасьць зьняць яго зь іншага непатрэбнага агрэгата і паставіць на месца зламанага.


«Да мінусаў варта аднесьці слабое забесьпячэньне неабходнымі камплектуючымі, тэхнікай, палівам. Так, напрыклад, калі зламаўся рухавік, добра, калі ёсьць магчымасьць зьняць яго зь іншага непатрэбнага агрэгата і паставіць на месца зламанага. На хуткі рамонт разьлічваць не прыходзіцца. Часам не хапае паліва, машын. Гэта вельмі моцна зьніжае тэмпы працы».

Пачынаюць жніво і фэрмэры. Праўда, не паводле загаду вэртыкалі, а згодна са сваім досьведам.

Фэрмэр са Столінскага раёну Аляксей мяркуе, што калгасы проста вычарпалі сябе. Агучаныя пляны па колькасьці сабранага збожжа, прыватныя ўласьнікі выканалі б і без загадаў, кантролю, дадатковых шматмільярдных уліваньняў. На сельскай гаспадарцы павінен працаваць уласнік, а не калгасьнік, перакананы спадар Аляксей:

«Гэта проста страшная сыстэма, ад яе трэба тэрмінова пазбаўляцца, бо мы станем жабракамі ў сваёй краіне. У калгасе нікому нічога не цікава. Старшыня калгасу дбае толькі пра тое, каб застацца ва ўладзе, але яму не цікавы вынік працы, гэта не ягонае».


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG