СЛУХАЦЬ:
Берасьцейшчына
Спачатку дбаюць пра калгас, потым — пра калгасьнікаў
У вялікай вёсцы Дзівін на Берасьцейшчыне напярэдадні жніва збанкрутавала прадпрыемства, якое аказвала паслугі насельніцтву. Яно мела назву “Дзівінскае” і існавала пры тутэйшым сельсавеце. Супрацоўніца сельвыканкаму спадарыня Галіна паведаміла, што мэханізатары не змаглі сёлета адрамантаваць два састарэлыя камбайны “Ніва”. “Былі праблемы і ў аплаце працы”, — цьвердзіць сельсаветчыца:
“Наша прадпрыемства развалілася. Усё. Ну, а калгас, які цяпер пераўтвораны ў СПК, дапаможа насельніцтву толькі пасьля таго, як абмалоціць свае палеткі”.
Сытуацыя ў Дзівіне — тыповая для рэгіёну. Два гады таму калгасы Берасьцейшчыны перадалі сельсаветам 60 зношаных камбайнаў. Сёлета няма зьвестак, што да жніва падрыхтаваны хаця б адзін з гэтых камбайнаў.
Гомельшчына
Людзям на жніве дапамагаюць у апошнюю чаргу
Спадарыня Вольга з гомельскай вёскі Вялікая Крушынаўка паведаміла, што мясцовы саўгас “Ціхінічы” малаціць збажыну на сотках пакуль не пачынае.
“Дажджы далі, дык палеткі ўсе грузкія. Саўгаснае ім трэба ўбраць, а пасьля людзям. Людзям — у апошнюю чаргу”.
Да сельгаспрадпрыемства “Ціхінічы” належыць і вёска Валокі, дзе жывуць цяпер толькі пэнсіянэры. Спадарыня Кацярына таксама цьвердзіць, што саўгас найперш дбае пра сваё жніво:
“Дваццаць пяць сотак сеем пшаніцы. Жыта тут ня сеюць, а ў асноўным ячмень і пшаніцу. Нам саўгас потым малоціць. „Ціхінічы“ даюць камбайн. Вось яны ўбяруць сваё — самае асноўнае сваё, а потым ужо нашае. Ідзе камбайн і саўгасны працаўнік, і — за грошы, канечне — па парадку ўсім малоціць”.
Сёлета палешукі больш спадзяюцца на лес, чым на свае гароды
Вясковая кабета Натальля з СПК “Азяраны” кажа, што сёлета шмат у каго зь вяскоўцаў збожжавыя культуры падмоклі, але асабліва пацярпела бульба.
Палешукі цяпер мусяць спадзявацца больш на лес, чым на поле.
“Лес выручае. Летам добра — ягады здадуць, грыбы. І сабе насушаць. У краме чарніцы прымалі. Выгадна: на 3 тысячы за кіляграм. А цяпер, кажуць, яны па 4 тысячы 500 рублёў. Тут, у Азяранах, ужо не прымаюць, а ў іншых вёсках — кажуць, што так. Трэба ж неяк выжываць!”
Магілёўшчына
Стыхія зьнішчыла траціну збажыны на сотках
На Магілёўшчыне прыватныя гаспадаркі сёлета не разьлічваюць на дзяржаўную дапамогу.
Ад залевы ў ліпені найбольш пацярпелі прыватныя гаспадаркі Магілёўскага й Чавускага раёнаў. Стыхія зьнішчыла тут да траціны ўраджаю зерневых ды гародніны.
“Усё ляжыць на зямлі. Пайшла ў ніжні слой трава. Практычна тут у мяне ўсё стаяла ў вадзе й цяпер стаіць. Камбайн гразьне. Цягаем яго. Бульба таксама, дзесяць гектараў, пацярпела. Шмат вымыла. Яна цяпер наверсе й зелянее”, — канстатуе кіраўнік фэрмэрскай гаспадаркі з Чавускага раёну Анатоль.
Фэрмэр не зьвяртаўся па дапамогу да дзяржавы й не зьбіраецца гэтага рабіць наагул. “Спадзяюся толькі на сябе й сваіх работнікаў”, — кажа ён. Пытаньне: “Чаму не зьвяртаўся?” засталося без адказу.
На дапамогу дзяржавы не разьлічваюць і пацярпелыя ад залевы простыя вяскоўцы:
Бульбу капаць ня будзем. Цыбулю і часнык ужо выкінулі.
У Пуцькаўскім сельскім савеце паведамілі, што пацярпелым ад стыхіі будзе дапамагаць толькі дзяржстрах, але пры ўмове, што гаспадарка застрахаваная. Іншай дапамогі вяскоўцам ня будзе.
Некаторыя вёскі раёну дагэтуль змагаюцца з наступствамі залевы. Гаворыць супрацоўніца сельскагаспадарчага каапэратыву “Калгас “Антонаўскі”:
Вада сышла, і рыба зь ёй, у зялёны гай.
Паводле суразмоўніцы, страты калгасу ад стыхіі вымяраюцца не адной сотняй мільёнаў рублёў. У калгасе спадзяюцца, што ім дапаможа дзяржава.
У Чавускім прадстаўніцтве дзяржстраху цяпер разглядаюць каля ста шасьцідзесяці заяў на атрыманьне страховак.
“Мы ўжо загружаныя, што просім сваіх кліентаў пачакаць крыху. У дадзенай сытуацыі кліенты атрымліваюць пяцьдзясят працэнтаў ад страты. Хто мае добраахвотнае страхаваньне, то яны атрымаюць сто працэнтаў кампэнсацыі стратаў”, — паведаміў супрацоўнік прадстаўніцтва.
Суразмоўца запэўнівае, што фэрмэры па кампэнсацыю не зьвярталіся.
Паводле афіцыйнай інфармацыі, у дзяржаўных сельгаспрадпрыемствах Магілёўскага раёну ўжо сьпісана 369 гектараў гародніны. Пра кампэнсацыю стратаў афіцыйныя крыніцы не паведамляюць.
Даведка “Свабоды”
Паводле існуючай дзяржаўнай праграмы разьвіцьця й падтрымкі асабістай падсобнай гаспадаркі грамадзянаў на 2006-2010 гады прадугледжвалася, што сярэдні намалот збожжа на сотках дасягне 800 тысяч тон. Летась не атрымалі і 500 тысяч тон. Сёлета прагнозы яшчэ больш сьціплыя.