Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апошні танец перад вайной


Добрая фатаграфія – штотыднёвае эсэ пра выбраныя творы беларускага і сусьветнага фотамастацтва.


Гэты здымак зьняты летам у Менску перад самай вайной. І называецца ён “Рабочыя фабрыкі імя Крупскай у выхадны дзень на масоўцы ў лесе”. Так напісана на прыклеенай да фота анатацыі. Але нават калі б ня ведаў, у якім часе зьнята гэтае фота, яно ўсё адно прыцягвае ўвагу. Тут ёсьць адчуваньне нейкага наканаванага і трывожнага чаканьня. Такое ўражаньне, што людзі на фота нібы здагадваюцца, што іх чакае штосьці небывалае і нядобрае, што таго, што ёсьць, – ня будзе. Неўсьвядомлена яны танцуюць, як апошні раз, – засяроджана і сур’ёзна, нібы выконваюць абавязковае дзеяньне, якога потым ужо не паўтораць.

Гэта першае ўражаньне. Калі ж даведваесься, што гэта танцы напярэдадні вайны, – усе неакрэсьленыя адчуваньні ўраз канкрэтызуюцца і павялічваюцца шматкроць, а душа пачынае шчымець, асабліва ў тых, хто памятае той далёкі сьвет.

40–50-я гады зьнешне былі аднолькавыя, як і перад вайной. Людзі гэтак жа апраналіся, гэтак жа танцавалі, толькі пасьля вайны больш было весялосьці і меней трывогі.

Гэтае просьценькае фота зьнята вельмі хораша ў кантравым сьвятле мяккай оптыкай, напоўненае сонцам і летнім днём. Якасьць адбітка аматарская, невысокая (па спэцыфічным “завале” ў ценях выглядае, што тут увогуле нават рэпрадукцыя). Але сьветлае і шчымлівае ўражаньне ад гэтай імпрэсіяністычнай фатаграфіі не малее з-за слабога адбітка.

Такія фатаграфіі, як “Апошні танец перад вайной”, пацьвярджаюць меркаваньне аб існаваньні калектыўнай аўры людзей і цэлага грамадзтва. Знаходзячыся ўнутры грамадзтва, мы ўспрымаем яе (аўру) непасрэдна, і самы яе падтрымліваем (зьяўляемся яе часткай). Мінае час, зьмяняюцца абставіны жыцьця, вырастаюць новыя людзі, і толькі старыя фатаграфіі дыхаюць сваім часам, прыцягваюць да сябе думкі і зрок пакаленьняў.

Як бы там ні было, але на здымку, які мы тут аглядаем, ёсьць прадчуваньне вайны. Гэта галоўнае і агульнае эмацыйнае ўражаньне, якое (як і кожная фатаграфія такога роду) схіляе да мэдытацыі, да доўгага глядзеньня, да перажываньня даўно спыненага імгненьня.

(Фатаграфія невядомага аўтара зьмешчана ў вольным Сеціве для агляду.)
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG