Спадар Рамнёў хадайнічаў, каб віцебскага праваабаронцу Паўла Левінава дапусьцілі да ўдзелу ў працэсе ў якасьці ягонага грамадзкага прадстаўніка. Але судзьдзя Сьвятлана Мартынава адмовіла ў гэтым, пазбавіўшы заснавальніка "Витебского курьера" магчымасьці атрымаць юрыдычную параду.
Абласны суд у выніку пацьвердзіў, што рашэньне Горацкага райсуду было слушным, і 11-га траўня Віктар Рамнёў цалкам законна аштрафаваны на 1 мільён 400 тысяч рублёў, або 40 базавых велічынь.
Заснавальніка недзяржаўнай газэты, якая распаўсюджваецца на Віцебшчыне, але зарэгістравана ў Смаленску як расейскае пэрыядычнае выданьне, абвінавацілі ў незаконным распаўсюдзе "Витебского курьера". Яго машыну затрымалі позна ўвечары 7-га красавіка недалёка ад беларуска-расейскай мяжы, калі ён вёз 10 тысяч асобнікаў газэты са Смаленскай друкарні. Перавозка, паводле заканадаўства, ужо лічыцца распаўсюдам, а прэтэнзіі з боку міліцыі палягаюць у тым, што выданьне нібыта мусіць мець на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь нейкі асобны дазвол.
Паводле праваабаронцы Паўла Левінава, такого дазволу ня мае большасьць расейскіх друкаваных выданьняў, накшталт часопісу "Лиза"ды газэты "Спид-Инфо". Але яны бесьперашкодна распаўсюджваюцца нават у дзяржаўных шапіках, тым часам як за перавозку "Витебского курьера" штрафуюць і канфіскоўваюць газэту цэлымі накладамі.
Наклады незалежнага выданьня ў колькасьці 10 тысяч паасобнікаў канфіскоўвалі двойчы, а сума штрафаў, накладзеных на Віктара Рамнёва, складае ўжо 108 базавых велічынь, або 3 мільёны 780 тысяч.