Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"У вёсцы часта ўжо і хаваць нябожчыкаў няма каму"


Валянцін Жданко
Валянцін Жданко

Новая перадача сэрыі "Паштовая скрынка 111". Эфір 2 чэрвеня 2010 году


Беларуская вёска, якая яшчэ ня так даўно была апірышчам нацыянальнай мовы, культуры, народнай маралі — імкліва вымірае. Зарастаюць быльнягом і кустоўем колішнія сады і гароды, у збуцьвелых хатах не загараюцца вечарамі вокны, ня будзяць ранішнюю цішыню галасы пеўняў. І лісты, якія мы атрымліваем ад сваіх вясковых слухачоў, усё часьцей на тэмы невясёлыя, сумныя.

Наш даўні сябар Кастусь Сырэль з Ушачаў, з допісу якога пачну сёньняшнюю размову, разважаючы на тэму дэмаграфічнай сытуацыі ў сваім раёне, піша:

"Сустрэў нядаўна свайго знаёмага, які працуе ў камбінаце бытавога абслугоўваньня. Ён паведаміў, што апошнім часам усё часьцей даводзіцца выяжджаць на пахаваньні ў раён — разы два на тыдзень. Раней такога не было. Я ўдакладніў інфармацыю зь іншых крыніц — насамрэч, гэта так. Справа ў тым, што на сяле часта ўжо і хаваць няма каму, да такой ступені вымерла вёска. Насельніцтва ж у асноўным сканцэнтравана ў нешматлікіх аграгарадках.

На пачатку тыдня да нас у кватэру завіталі доктар і мэдычная сястра. Пацікавіліся станам здароўя — маім і жонкі, памералі ціск, далі некалькі парадаў. Я падумаў: "З чаго б гэта такі візыт, такая ўвага?" Празь дзень дазнаюся: аказваецца, у раёне за 1 квартал бягучага году сьмяротнасьць на 20% перавысіла паказчык 1-га кварталу 2009-га году. Вось мэдыкі і занепакоіліся — якая прычына? І насамрэч, на пачатку 2010 году вельмі многа памірала людзей, асабліва маладых, ва ўзросьце 30—50 год, — гэта было заўважна. На мой погляд, прычыны тут сацыяльныя — стрэсы, няпэўнасьць будучыні, нізкія заробкі і зьвязанае з гэтым дрэннае харчаваньне. Ну і, канечне, злоўжываньне алькаголем, прычым вельмі нізкай якасьці. Сьпіс гэты можна прадоўжыць"
.

Я б яшчэ ў гэтай сувязі згадаў пра нядаўнюю кампанію масавага закрыцьця вясковых фэльчарска-акушэрскіх пунктаў ды амбуляторыяў. Нерэнтабэльна, маўляў, трымаць фэльчара ці мэдсястру ў акрузе, дзе ўсе вёскі — малалюдныя. Заадно паадмянялі і аўтобусныя маршруты ў аддаленыя паселішчы — таксама дзеля эканоміі. І як цяпер тым старым дабрацца да райцэнтру, знайсьці там раённую паліклініку, адстаяць у даўжэзнай чарзе, а потым вярнуцца дахаты? Гэтых людзей, па сутнасьці, пазбавілі даступнай мэдыцыны. І нават калі ўжо ў самым скрайнім выпадку бабулька наважваецца выклікаць хуткую дапамогу — гарантый таго, што гэтая дапамога сапраўды будзе хуткай, што ў бабулькі не запатрабуюць бэнзіну, каб заправіць машыну, што не адмовяцца ехаць, спаслаўшыся на бездарожжа, — няма ніякіх.

У лісьце Кастуся Сырэля — ня толькі сумныя навіны. Слухач падзяліўся і тым, што радуе сэрца. (яшчэ адна цытата зь ліста):

"Мне ўдалося атрымаць у сваім дэндрарыі на лецішчы ўсходы сасны Культэра (Pinus coulteri, Big-Cone Pine). Дэндрарый у нас з жонкай немаленькі — 15 сотак, каля 50 відаў дрэў і кустарнікаў, у тым ліку і экзатычных.

Сасна Культэра — дрэва рэдкае нават на сваёй радзіме, у гарах Каліфорніі і Паўночнай Мэксыкі. Яно было ідэнтыфікавана толькі ў 1831 годзе доктарам Культэрам. Магчыма, у Беларусі гэта адзіныя асобнікі! Дзясяткі два семак я прывёз паўтара года таму з Каліфорніі — зь вялікай цяжкасьцю разадраў знойдзеную ў гарах Сьера-Нэвада неверагодна моцную шышку памерам з галаву дарослага чалавека і вагой 2,5 кіляграма, да таго ж узброеную вострымі шыпамі.

Першая спроба атрымаць усходы скончылася няўдачай, няўжо гэтым разам пашчасьціць? Спадзяюся, што дрэва вытрымае наш клімат — у гарах, дзе яно расьце, зусім ня тропікі"
.

Посьпехаў у вашых займальных батанічных досьледах, спадар Кастусь. Болей бы нашым вёскам такіх цікаўных няўрымсьлівых людзей. Напэўна, зусім па-іншаму тады выглядала б беларуская правінцыя.

Пра мінулыя і будучыя выбары, пра тое, ці варта ўдзельнічаць у прэзыдэнцкай кампаніі, якая мае распачацца неўзабаве, разважае ў сваім лісьце на "Свабоду" Мікалай Волчык зь вёскі Зіновічы Пружанскага раёну. Ён піша:

"Удзел у такіх выбарах бессэнсоўны. Уладныя структуры бессаромна ігнаруюць волю выбаршчыка, яго канстытуцыйнае права выбару. Раней у сваіх допісах я ўласнае меркаваньне наконт гэтага пазначаў так: пануе татальная фальсыфікацыя. (А я быў назіральнікам з '94-га году). Яшчэ адна прычына — ірацыянальнае мысьленьне. Плюс — ідэалягічная апрацоўка з боку дзяржаўных СМІ. Апазыцыя абвешана ўсялякімі адмоўнымі ярлыкамі... Сыстэма выбараў так адпрацавана, што нішто і ніхто не зварухне асновы гэтай сыстэмы. А таталітарная сыстэма спараджае дыктатуру. Вось тут і галоўная для нас праблема: няма грамадзянскай супольнасьці".

Сьцьвярджэньне пра тое, што "ніхто і нішто не зварухне асновы гэтай сыстэмы", — спрэчнае, спадар Мікалай. Дваццаць год таму мы былі сьведкамі, як менавіта гэтая адладжаная за дзесяцігодзьдзі так званай "сацыялістычнай дэмакратыі" сыстэма фальшаваньняў і "псэўдавыбараў" скаланулася і фактычна развалілася. Ва ўсіх краінах Усходняй Эўропы, дзе яна дзейнічала, яе шматкроць асудзілі і высьмеялі. Адзінае выключэньне — Беларусь. Тэарэтыкі і практыкі савецкай выбарчай сыстэмы тут нядоўга заставаліся бяз працы: адразу пасьля '94-га году яны зноў былі запатрабаваныя і сёньня працягваюць традыцыі савецкіх выбарчых кампаній, пры якіх, як усе ня раз пераканаліся, няважна, хто як галасуе...

Перадвыбарчыя шанцы апазыцыі цікавяць нашага слухача Васіля Завадзкага зь Менску. Разважаючы пра яе цяперашнія магчымасьці, ён піша:

"Вельмі зьдзіўляе мяне наша апазыцыя. Навошта столькі мікраскапічных партый, пра якія ніхто ня ведае і якія нічога ня могуць? Набраліся б нашы апазыцыянэры розуму і пакінулі няхай дзьве, але магутныя партыі. Дапусьцім, хай бы гэта былі БНФ і партыя Паўла Севярынца. Зрэшты, у партыі Севярынца няма рэгістрацыі. Ну, няхай тады будзе партыя Лябедзькі. Я ведаю гэтыя партыі, і сярод маіх знаёмых пра іх ведаюць.

Інакш кажучы, толку з такой апазыцыі, якую мы сёньня маем, ня будзе. Вось нядаўна прайшлі выбары ў мясцовыя саветы. Заканадаўства нібыта новае, а шаблён — стары. Гэтым самым улады толькі пусьцілі пыл у вочы замежным назіральнікам"
.

Пусьціць пыл у вочы ўлады, можа, і хацелі, ды толькі ці атрымалася ў іх гэта? Заходняя супольнасьць даўно выпрацавала крытэрыі, паводле якіх ацэньваецца ступень дэмакратычнасьці выбарчых кампаній. Касмэтычныя зьмены выбарчага заканадаўства тут не дапамогуць. Дый што могуць даць тыя зьмены, калі апазыцыя па-ранейшаму не дапушчана ў выбарчыя камісіі, калі падлік галасоў працягвае цалкам кантраляваць улада?

Мы працягваем атрымліваць лісты ад тых нашых даўніх слухачоў, якія выказваюцца наконт праграмаў "Свабоды", даюць свае ацэнкі, робяць заўвагі, зьвяртаюцца ў рэдакцыю з прапановамі і просьбамі. Далей у праграме — некалькі такіх допісаў.

Нам піша Міхал Сантаровіч-Чыкун зь Дзяржынску (былога Койданава):

"Наогул, перадачы Свабоды мне падабаюцца, асабліва інфармацыйныя — за актуальнасьць, своечасовасьць, даступныя тлумачэньні падзеяў. Адзіная заўвага: трэба больш рупліва ставіцца да роднага слова, якое гучыць у эфіры. Вось сёлета на Вялікдзень прагучала віншаваньне кіраўніка грэка-каталікоў замежжа Аляксандра Надсана — паважанага мной сьвятара, цікавага чалавека, вучонага. Ён ужыў у сваёй прамове слова "бомж" — гаворачы пра бяздомных на лёнданскіх вуліцах. Адкуль такая недарэчнасьць? Зь якога слоўніка, зь якой мовы, зь якога астрожнага вымаўленьня выплыла гэта слова? Сьвяточны настрой у мяне быў надоўга сапсаваны. Я мяркую, рэдакцыя павінна была тактоўна прапанаваць спадару Надсану ўжыць да гэтага выпадку ёмкае беларускае слова "туляга" (ці "туляка").

Ня думаю, спадар Міхал, што варта дакараць айца Надсана за гэтае слова, якое сёньня шырока ўжываецца беларусамі ў жывой паўсядзённай гаворцы. Падыдзіце да бліжэйшай крамы і спытайцеся ў выпадковых мінакоў, дзе тут мясцовыя бамжы зьбіраюцца. Вам кожны пакажа. А калі вы спытаеце пра "тулягаў" — які будзе адказ? Можаце праверыць.

"Бомж" — размоўнае слова, якое ўзьнікла з абрэвіятуры, што выкарыстоўвалі ў сваіх пратаколах савецкія міліцыянты, калі размова ішла пра бяздомных, бадзягаў. "Асоба бяз пэўнага месца жыхарства" — так расшыфроўваецца гэта абрэвіятура. За мінулыя дзесяцігодзьдзі слова трывала ўвайшло ў лексыкон жыхароў постсавецкай прасторы.

Аўтар наступнага кароткага ліста — Анастас Семяновіч з Бараўлянаў, што пад Менскам. Ён піша:

"Вялікі дзякуй за вашы галасы, Радыё Свабода, за вашу вельмі цяжкую працу. Абавязкова кожны раз гляджу і "Тыдзень з Радыё Свабода" на тэлеканале Белсат. Родная Беларусь вас не забудзе".

Некалькі слоў падзякі ад Галіны Кавальчук зь Менску:

"Падтрымліваю ўсё, што вы робіце дзеля адраджэньня беларускай мовы. Вельмі падабаюцца барды, якія гучаць па "Свабодзе".

Ліст-прапанова ад нашай даўняй слухачкі Яўгеніі Казловай з Воршы:

"Вы высылаеце сваім актыўным слухачам дыск з запісамі 50-ці беларускіх бардаў. Якая ж гэта гуманітарная падтрымка! Мне нават няёмка!

Наконт прапаноў. Чаму б вам не стварыць караценькую моўную перадачу? Напрыклад, пад назвай "За чысьціню роднага слова".

Дзякуй Богу, што вы ёсьць, дарагія людзі!"


З прапановай зьвяртаецца і Ўладзімер Грыневіч зь вёскі Вішнявец Стаўпецкага раёну. Ён піша:

"Пакажыце ў сваёй праграме на Белсаце, як Лукашэнка адпачываў у Вэнэсуэле і Бразіліі, як катаўся на ролікавых каньках навыперадкі з сынком Колем, які ганяў на ровары... Потым у трусах раздаваў аўтографы. Няхай беларусы ўбачаць, куды ідуць народныя грошы, чаму падвышаюцца цэны на ўсё, і асабліва на лекі. А дабаўкі да пэнсіі мы, відаць, і не дачакаемся".

І на заканчэньне — яшчэ адзін кароткі ліст. Нам піша Ліна Масанкова зь Менску:

"Няма слоў, каб выказаць вам, свабодаўцы, падзяку за чарговы ваш падарунак — дыск "Барды Свабоды". Гэта здорава! У наш такі дзікаваты і негуманны час — і раптам бескарысьлівасьць".

Дзякуй і вам, нашы шаноўныя слухачы, наведнікі сайту, гледачы тэлепраграмы "Тыдзень са Свабодай", якія знайшлі час для ліста ў рэдакцыю. З вамі быў Валянцін Жданко. Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, паштовая скрынка 111.

Праграма "Паштовая скрынка 111" выходзіць у эфір кожную сераду.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG