Працягваем нашу экспазыцыю краявідаў у фатаграфіі і размову пра прыроду. Творчую фатаграфію можна ўмоўна падзяліць на тры вялікія групы: пэйзаж, партрэт, жанр (плюс розныя падгрупы). Прытым, заўважце, “пэйзажыстаў”, аматараў здымаць прыроду і краявіды – безьліч, але твораў фатаграфіі тут ня так і шмат.
У краявідзе важна ня толькі адлюстраваць хараство формы вечнага і зьменлівага быцьця, але галоўнае – выявіць у ім дух хараства, Боскую прысутнасьць. Гэта можна зрабіць толькі праз вока і душу мастака-фатографа (гэта значыць празь сябе). Але дух Божы існуе сам, незалежна ад нас. Дзе тады тая мяжа, дзе шлях, які дазваляе адчуць сэнс, злучыцца з духам прыроды і выявіць яе запаветны зьмест?
Трэба ўлічыць яшчэ чыньнік пазнавальнасьці прыроды. Напрыклад, беларусу на Беларусі ўсюды добра. На бацькаўшчыне ён не задумваецца над прыродным асяродзьдзем, якое яго атачае. Усё як бы існуе само сабой. Але на Зямлі існуе шмат месцаў (і ў сэнсе характару прыроды, і візуальнага кшталту) абсалютна неверагодных, непадобных і экзатычных, і, што істотна, – цалкам чужых для нашага ўспрыняцьця. Мы, быццам унутры фантастычнага кіно. Чужая прырода сама па сабе, а мы як бы самі па сабе.
Не магу пазбавіцца ўражаньня, што ў Амэрыцы мне нават неба здаецца чужым. І толькі калі ўбачыш і адчуеш у нябёсах нешта вельмі знаёмае, як на Беларусі, амаль няўлоўнае, тады зьяўляецца лучнасьць. Магчыма, у гэтым ёсьць зьмест – лучнасьць праз знаёмы вобраз (пазнаньне праз аналёгію). Але дзе той першасны ўнівэрсальны шлях адчуваньня прыроды й Тварца, ці існуе ён незалежна ад вопыту?
Мы можам адказаць больш-менш абгрунтавана на гэтае эстэтычна-філязофскае пытаньне, спасылаючыся на шматлікія прыклады ў мастацтве фатаграфіі. Але здымак, які я прапаную і які мы тут сузіраем, магчыма, можа зьбянтэжыць нашу стройную мастацкую сыстэму поглядаў і (магчыма) адначасна дапаможа глыбей зразумець фатаграфію.
Маю толькі просьбу. Уважліва ўгледзьмася ў гэтае фота і адкажам сабе на пытаньні. Якія адчуваньні яно ў нас выклікае? Што яно дае нам для душы і розуму? І ці дае ўвогуле? Ці падабаецца яно нам? Ці хочацца глядзець на яго доўга і шмат разоў? Будзем абсалютна шчырыя.
На гэтым спынімся і не чытайма далей. Тут сэнс. Не сапсуйма яго. Калі разгледзім і адкажам сабе на пытаньні, тады працягнем чытаньне.
* * *
Калі я паказваў гэты краявід людзям, адчувальным на мастацтва і эмацыйна ўражлівым, яны казалі, што фатаграфія ім увогуле не падабаецца і ня вельмі зацікавіла; неяк усё пуста, мёртва і нежыцьцёва.
Тады я, хвіліну пачакаўшы, казаў ім, што гэта не Зямля, гэта не зямны пэйзаж. Гэта краявід іншай плянэты Сонечнай сыстэмы. Гэта Марс. Гэта паверхня і далягляд Марса, зьняты амэрыканцамі праз сыстэму адлеглага кіраваньня фатакамэрай міжплянэтнага касьмічнага апарата, пасаджанага на Марс (апошняя пасадка – 2008 г.).
Калі гэта гледачом было ўсьвядомлена, чалавек звычайна перажываў нешта накшталт шоку і пачынаў прагна глядзець на фатаграфію, ня могучы адарваць погляд. Яна прыцягвала яго, як магніт.
Цяпер адкажам сабе на пытаньні, якія я паставіў у пачатку. Што перамянілася і чаму?
Можна ўспрымаць гэта як гульню, але тут не гульня. Мы робім яшчэ адзін крок у разуменьні прыроды фатаграфіі і прыроды фатаграфічнай сьвядомасьці. Мая рэакцыя аналягічная той (характэрнай для многіх), якую я апісаў у пачатку тэмы, гаворачы пра фота “фройляйн”, што жыла сто гадоў таму. Мэдытацыя. Не адводжу погляду. Мне здаецца, што я пранікаю ў той час, а вочы асобы, што жыла даўно, з таго часу глядзяць у маю душу.
Тут ёсьць два аспэкты душэўнай (псыхалягічнай) калізіі: чыньнік часу (мінула 100 гадоў, таго сьвету і асобы няма) і чыньнік спыненага імгненьня (вось яно такое было (ёсьць); вось яна такая была (ёсьць)). Пазбавіцца ілюзіі “ёсьць” – немагчыма. Яна пануе над рацыё, і душа шчыміць.
Такое амаль аўтаматычна адбываецца пры ўспрыняцьці аддаленай часам фатаграфіі і практычна адсутнічае пры сузіраньні аддаленага часам жывапісу, графікі, скульптуры, іншага выяўленчага мастацтва.
Пры сузіраньні панарамы Марса адбываецца амаль што тое ж самае. Мэдытацыя. Немагчыма адарваць погляду. Здаецца, пранікаеш туды праз рамкі кадру ў гэты цагельнага колеру, гліністы (як нам падаецца, хоць рэальна – жалезісты) сьвет; здаецца, ты ўжо там, у тым далёкім таемным краявідзе, які стаў прысутным і блізкім, ты нібы там, пад тым шэра-жоўта-ружовым небам у россыпах камянёў. І душа трымціць.
Адзначу, што мастакі нарабілі шмат марсіянскіх малюнкаў і вельмі рэалістычных карцін, намалявалі нават пасадку “Фэнікса” на марсіянскай паверхні; карціна скрупулёзна выштукавана, як фатаграфія. Але ўсё гэтае маляваньне і пісаньне не кранае нас зусім. І толькі ад фатаграфіяў ўзбуджаецца душа.
Каб зразумець гэта рацыянальна, трэба ўспомніць, што катэгорыі часу і прасторы ўзаемазьвязаныя паміж сабой (па прыродзе гэта адна існасьць) і ў фізычным сьвеце залежаць ад хуткасьці, мерай якой зьяўляецца хуткасьць сьвятла. Большай хуткасьці, чым рух сьвятла, у фізычным сьвеце не існуе. (Калі б такое было ці сталася, то прастора і час адносна гэтай хуткасьці сталі б рухацца ў адваротным кірунку, як кінастужка, адкручаная назад, фізычны сьвет перастаў бы існаваць, узьнік бы іншы сьвет зь іншай прасторай і часам. Але гэта так, школьнае ўдакладненьне.).
Тым часам тэарэтычна (тут прадоўжу сваю дэгрэсію) хуткасьць, большая за рух сьвятла, можа быць пры ўмове, што яна ня будзе ўзаемадзейнічаць з фізычнай прасторай і часам і (адпаведна) ня будзе фіксавацца органамі нашых пачуцьцяў. Гэта значыць, могуць быць іншая прастора і час (паралельная, іманэнтная і т.п.).
Правобразам такой магчымасьці зьяўляюцца нашыя ўяўленьні і думкі, якія настолькі хуткія, што гаварыць аб хуткасьці можна толькі ўмоўна. Яны ня тое, што рухаюцца, яны ўзьнікаюць, як віртуальная субстанцыя, для якой фізычная прастора і час ня маюць значэньня.
І цяпер вернемся да фатаграфіі, да яе магчымасьці спыніць імгненьне часу (недасягальнай рэальнасьці) і адлюстраваць збліжаную (недасягальную) прастору сьвету. Апошнюю пазыцыю адкрылі і праілюстравалі якраз здымкі – напачатку Месяца, а цяпер – Марса. 50 гадоў таму пра такую якасьць фатаграфіі не здагадваліся (хоць яна існавала, бо, паўтараю, час і прастора субстанцыянальна павязаныя).
Дзякуючы фатаграфіі чалавек, гэтак жа, як праз паціну часу сузірае імгненьне мінулага часу, – гэтак ён стаў бачыць цяпер візію іншага сьвету церазь непераадольную прастору. І гэта спараджае ў яго той катарсісны стан трымценьня душы, гэта значыць – эмацыйнае перажываньне ад бачаньня імгненьня далёкай рэальнасьці ў непераадольнасьці часу і эмацыйнае перажываньне ад бачаньня далёкага сьвету ў непераадольнай прасторы.
Прырода такога стану (шчымленьня, трымценьня) можа быць (як мне падаецца) у віртуальным выхадзе нашых думак (душы) за межы фізычнай прасторы-часу ў момант сузіраньня (успрыняцьця) “памежнай” прастора-часавай фатаграфіі, паколькі апрыёры (як мы мяркуем) нашыя думкі і ўяўленьні валодаюць “хуткасьцю”, набліжанай да стану бясконцасьці (усюдыіснасьці) і існуюць у дзьвюх рэальнасьцях – фізычнай і іманэнтнай (віртуальнай). Памежны стан паміж гэтымі рэальнасьцямі, калі іманэнтны стан выяўляе гатовасьць (толькі гатовасьць) перайсьці ў фізычны (гэта значыць перамяніць фізычную рэальнасьць) – гэтая гатовасьць выклікае рэзананс – узбуджэньне пачуцьцяў. На мой погляд, на падобнай зьяве грунтуецца і прырода катарсісу. Але на гэтым спынімся.
Цяпер адкажам на галоўнае пытаньне фатаграфіі: чаму “фройляйн” з XIX стагодзьдзя нас хвалюе і выклікае вострыя перажываньні непераадольнасьці часу? Чаму фатаграфія паверхні нябачнага Марса нас зачароўвае і трымае душу, як магніт, а жывапісная карціна гэтай паверхні нас не праймае зусім?
Гэта зьвязана з нашым усьведамленьнем адэкватнасьці адлюстраванага вобразу, якое забясьпечвае фатаграфія – і ніякае іншае мастацтва, і ніякі іншы спосаб мастацтва.
Гэта якраз (ужо на ўзроўні падсьвядомасьці) выклікае найбольшы давер да таго, што адлюстравана на фатаграфіі, спараджае адпаведныя ілюзіі, псыхалягічныя пачуцьці і эстэтычныя перажываньні.
Тут (у адэкватнасьці) ёсьць вельмі важнае, сутнаснае палажэньне фотамастацтва.
Памятаю, у маладосьці я асвоіў усе магчымыя спэцыяльныя тэхнікі фатаграфіі (ізагелію, барэльеф, псэўдасалярызацыю, кантрасную графіку, розныя прыёмы накладак, каляжаў, дынамічнага аптычнага фокусу і г. д., практыкаваўся нават у “абстрактнай” фатаграфіі). Але потым хутка зразумеў, што ўсё гэта пабочнае. Яно само па сабе можа быць, ёсьць і існуе, але стаіць убаку ад сутнасьці і ад генэральнай дарогі мастацкай фатаграфіі. Вялікага тут ня зробіш і не дасягнеш. Гэта, як піктарэалізм – чужы шлях у фатаграфіі, які ўрэшце заводзіць у бочны тупік.
Вялікая фатаграфія заўсёды будзе (і мусіць) базавацца на гэтай фатаграфічнай адэкватнасьці сьвету гэтак жа, як усё вялікае мастацтва – на вобразе і эстэтыцы.
Магчымасьці фатаграфіі, як бачым, увесь час адкрываюцца разам з разьвіцьцём тэхнічнага прагрэсу. Крок у космас стаўся і крокам у самараскрыцьці фатаграфіі. Але грунт фатаграфіі, яе родавая сутнасьць – гэта адлюстраваньне адэкватнага сьвету (рэчаіснасьці, вобразу). Яе фэнамэнальныя ў сувязі з гэтым дачыненьні ў прасторы і часе застануцца заўсёды, як бы хто ні хацеў ад іх адысьці.