Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Казулін: Няўжо былы рэктар будзе лаяцца матам?


6 траўня. Затрыманьне Аляксандра Казуліна
6 траўня. Затрыманьне Аляксандра Казуліна

12 траўня ў судзе Ленінскага раёну Менску будуць судзіць за дробнае хуліганства былога кандыдата на прэзыдэнта Аляксандра Казуліна, моладзевых актывістаў Міколу Дземідзенку і Ўладзя Яроменку, а таксама прадпрымальніка Аляксандра Макаева. Іх затрымалі адразу пасьля суду над Мікалаем Аўтуховічам, Уладзімерам Асіпенкам і Міхаілам Казловым. .

Суд пачнецца сёньня аб 11 гадзіне ў Ленінскім судзе Менску. Абвінавачаных будуць судзіць за дробнае хуліганства. Яны нібыта лаяліся матам на міліцыянтаў у адказ на іх законныя заўвагі.

Нагадаю, затрыманьні адбыліся пасьля 17-ай гадзіны 6-га траўня, каля працэс над Аўтуховічам ды іншымі ўжо скончыўся і людзі, якія назіралі за працэсам, разыходзіліся. Большасьць з назіральнікаў адзін за адным ішлі па вуліцы Леніна ў бок праспэкту Незалежнасьці.

Любому нармальнаму чалавеку зразумела, што прафэсар, былы рэктар, ня будзе лаяцца матам на вуліцы. Гэта ўсё ж такі перабор, якім улады падкрэсьліваюць яшчэ раз, што для іх закону не існуе
"Прайшлі Мастацкі музэй, дайшлі да вуліцы Карла Маркса. На сьветлафоры гарэў чырвоны, толькі загарэўся зялёны і я зрабіў крок на пераход, як падлятае аўтобус, выскокваюць міліцыянты са спэцназу і хапаюць мяне, а потым тых, хто быў побач", -- згадвае падзеі былы кандыдат на прэзыдэнта Аляксандар Казулін. Як потым будзе пазначана ў міліцэйскім пратаколе, Аляксандар Казулін таксама нібыта нецэнзурна лаяўся. Напамін пра гэты пратакол выклікае ў палітыка сьмех.

"Любому нармальнаму чалавеку зразумела, што прафэсар, былы рэктар, ня будзе лаяцца матам на вуліцы. Гэта ўсё ж такі перабор, якім улады падкрэсьліваюць яшчэ раз, што для іх закону не існуе".

Падчас працэсу каля будынку Вярхоўнага суду некалькі дзесяткаў людзей чакалі абвяшчэньня прысуду з партрэтамі Мікалая Аўтуховіча. Яны сьпявалі пад вокнамі суду гімн "Магутны Божа" ды іншыя песьні і міліцыянты іх не чапалі. Адразу пасьля суду каля праступак людзі скандзіравалі "Свабоду!". Міліцыянт праз мэгафон папярэдзіў людзей, што яны нібыта парушаюць парадак і могуць быць затрыманыя. Пасьля гэтага людзі разышліся. Аляксаедр Казулін згадвае, што даў у гэты час некалькі інтэрвію, у акцыі не ўдзельнічаў, пасьля чаго пайшоў на мэтро. Тое, што затрыманьні адбыліся за сто мэтраў ад суду палітык назваў "баязьлівасьцю ўлады, якая пабаялася стварыць для замежных тэлеапэратараў карцінку арыштаў на фоне суду".

11 траўня ўвечары адвакат Тамара Сідарэнка паведала ў менскім сьледчым ізалятары свайго падабароннага Ўладзімера Асіпенку. Паводле адваката, спадар Асіпенка адзначыў вялікую ролю грамадзкай падтрымкі ў тым, што ўлады не адважыліся зрабіць з Мікалая Аўтуховіча і яго "тэрарыстаў", як спачатку плянавалася.

"Ён лічыць, што ўдалося гэта прадухіліць у вялікай ступені дзякуючы моцнай грамадзкай падтрымцы і ўвазе. Ён гэта вельмі цэніць і прасіў перадаць усім сваю ўдзячнасьць".

Паводле Тамары Сідарэнкі, яшчэ не вырашылі, ці падаваць скаргу на прысуд – гэта ў тым ліку будзе вырашацца пасьля таго, як ім перададуць копію прысуду.

Дарэчы, копію прысуду не атрымаў дагэтуль і Мікалай Аўтуховіч. Між тым ён, паводле адваката Паўла Сапелкі, ужо заявіў, што падасьць скаргу на прысуд.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG