Вось і сёлета 2 траўня а 14-й гадзіне дзясяткі тысяч людзей у розных кутках сьвету зьбіраліся невялікімі групкамі, каб цягам трох хвілінаў дружна парагатаць. Геляталёгія ўпершыню заявіла пра сябе 60 гадоў таму, калі амэрыканскі псыхіятар Уільям Фрай (William Fry), праглядаючы нейкую камэдыю, узяў сам у сябе аналіз крыві. Дасьледаваньне прывяло яго да высновы, што сьмех стымулюе імунную сыстэму.
Пазьней пытаньнямі ўзьдзеяньня сьмеху на арганізм чалавека заняліся біёлягі, эндакрынолягі, псыхолягі, імунолягі. Зь іхніх дасьледаваньняў вынікала, што ў некаторых выпадках гумар можа ўзьдзейнічаць на кровазварот, зьмяншэньне выкіду гармонаў стрэсу. Сур’ёзныя доказы пазытыўнага ўплыву сьмеху на людзей, якія маюць цяжкія захворваньні, зьявіліся ў выніку дасьледаваньняў, праведзеных у Стэнфардзкім унівэрсытэце, што ў Каліфорніі. Група навукоўцаў на чале з псыхаімунолягам Лі Бэркам назірала за 20 пацыентамі, хворымі на дыябэт другога тыпу. Гэтыя людзі, акрамя традыцыйнага лекаваньня, штодня ў экспэрымэнтальных мэтах глядзелі паўгадзінныя камэдыі. У гэтых “кантрольных” пацыентаў назіралася зьніжэньне ціску, а таксама ўзроўняў цукру і так званага дрэннага халестэрыну ў крыві.
З тым, што гумар можа істотна ўплываць на пазытыўную дынаміку разьвіцьця дыябэту другога тыпу, згодныя і нямецкія адмыслоўцы — эндакрынолягі з Бохумскай клінікі. Яны, аднак, падкрэсьліваюць, што сьмехатэрапія ня можа замяняць сабою іншыя віды лекаваньня — яна толькі дадатак да іх.
Паводле рэкамэндацыі псыхіятраў з вышэйшай мэдычнай школы ў Гановэры, гумар усё часьцей выкарыстоўваецца ў мэтах тэрапіі ў дзіцячых аддзяленьнях шпіталяў. Палаты з маленькімі пацыентамі, асабліва ў анкалягічных цэнтрах, часта наведваюць клоўны. “Гэта найлепшы спосаб, каб адцягнуць увагу пацыентаў ад фізычных пакутаў”, — кажа доктар псыхіятрыі Пэтэр Гарліп.
Цікавыя дадзеныя былі агучаныя на адным зь нядаўніх кангрэсаў Міжнароднага таварыства па вывучэньні сьмеху ў Бірмінгеме. Паводле гелятолягаў, у сьмяшлівых пацыентаў, якія пакутуюць на рак, працэнт выздараўленьня вышэйшы. Таксама вясёлыя людзі на 40% меней рызыкуюць захварэць на сэрца. Гелятолягі таксама раяць праводзіць падобную тэрапію сярод пацыентаў, якія маюць пульманалягічныя захворваньні. “Лёгкія трэба высьмейваць да канца”, раяць адмыслоўцы. Бо сьмех — гэта найперш дыхальная гімнастыка, якая мае свой санскрыцкі назоў: хасья-ёга.