Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Доктар Google


Мала што здольна раздражніць лекара больш, чым пацыент, які сам лепей ведае, на што ён хворы (на ўсё) і вучыць мэдыкаў, як яго лячыць.

21-е стагодзьдзе дало ў рукі іпахондрыкаў новы магутны інструмэнт для давядзеньня лекараў да “ручкі”– інтэрнэт. Наступствы гэтага можна прасачыць на прыкладзе адной з найбольш далучанай да сусьветнай сеткі краінаў – Злучаных Штатах.

Паводле дасьледаваньня праведзенага кампаніяй Майкрасофт, 8 зь 10 амэрыканцаў шукалі ў інтэрнэце даведкі па хваробах. Перанасычанасьць сеціва інфармацыяй пра здароўе дае ўдзячную глебу для ператварэньня занепакоенасьці аб самаадчуваньні ў параною. Гэтая зьява ўжо атрымала ўласнае, пакуль неафіцыйнае слоўнікавае азначэньне “кібэрхондрыя”.

Вывучэньне візытаў у лякарні паказвае, што каля 13% пацыентаў прыходзяць да лекара зь неіснуючымі хваробамі. Чвэрць зь іх скардзіцца на сымптомы, якія ня маюць навуковага тлумачэньня. Раней у такіх візыцёраў не было іншага выбару, акрамя як паслухаць кваліфікаванай парады “кінуць дурное”. Зусім іншая карціна ўзьнікла са зьяўленьнем “доктара Гугла”.

Перавагі новых магчымасьцяў інфармаваньня ў мэдычнай сфэры часьцяком засланяюцца тыповымі вэбавымі недахопамі. Ва ўмовах жорсткай канкурэнцыі за рэйтынг у пашукавіках, сайты маюць тэндэнцыю разнастаіць свой кантэнт жывапіснымі эпітэтамі і мэтафарамі, нярэдка перабольшваючы рэальныя пагрозы, а то і выдумляючы новыя.

Лідэрамі пашуковых сыстэмаў у выніку становяцца майстры гучных загалоўкаў і ўмельцы найбольш цікава і хвалююча падаць праблему і яе сапраўднае ці ўяўнае вырашэньне. Няцяжка здагадацца, што сур’ёзныя рэсурсы маюць на гэтым полі першапачатковую нявыгаду перад паляўнічымі на сэнсацыі. Для інтэрнэт-карыстальнікаў, аднак, першае месца ў “гугле” часта пераважае ня толькі сухі жаргон прафэсійных тэкстаў, але і наўпроставыя рэкамэндацыі кваліфікаваных дактароў.

Такім чынам, магчымасьці, якія адкрывае для мэдыцыны інтэрнэт, вымагае ад абодвух бакоў непараўнальна большай адказнасьці. Лекары павінны ўмець кваліфікавана і пераканаўча адказаць на пытаньні “падкаванага” пацыента. Што тычыцца саміх кіберхондрыкаў, то крытычнасьць да прачытаных вэбавых тэкстаў і павага да часу мэдычнага пэрсаналу становяцца ўмовай фізычнага і псыхалягічнага здароўя як іх саміх, так і тых, хто іх лекуе.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG