Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксею Марачкіну 70 гадоў


Аляксей Марачкін ў сваёй майстэрні.
Аляксей Марачкін ў сваёй майстэрні.

30 сакавіка сьвяткуе сваё сямідзесяцігодзьдзе Аляксей Марачкін. Жывапісец, грамадзкі дзеяч, кіраўнік суполкі мастакоў “Пагоня” і пэдагог адзначае гэты дзень адкрыцьцём пэрсанальнай выставы ў Полацкай мастацкай галерэі. Напярэдадні ад’езду ў старажытную сталіцу Аляксей Марачкін адказаў на пытаньні нашай карэспандэнткі Валянціны Аксак.


Карэспандэнтка: “Вы нарадзіліся на Магілёўшчыне ў далёкай вёсцы Папоўшчына Чэрыкаўскага раёну. Калі ў вясковага хлопчыка ўзьнікла мара стаць мастаком?”

Аляксей Марачкін: “Я адчуў цягу да мастацтва тады, калі бацька вярнуўся з вайны і прывёз з сабой шмат паштовак. Як пазьней ужо я здагадаўся – гэта былі рэпрадукцыі карцін з Дрэздэнскай галерэі. Разглядваньне іх, мабыць, і праявіла ў мяне цікавасьць да мастацтва. А можа і нешта іншае. Я ўспамінаю, што ў дзяцінстве я дужа любіў глядзець на марозныя вокны, на ўзоры на іх, зробленыя прыродай. Мяне яны дужа вабілі і я цёплым пальцам абводзіў гэтыя ўзоры”.

Карэспандэнтка: “А калі мастак Аляксей Марачкін адчуў сябе менавіта беларускім мастаком?”

Марачкін: “Я не задумваўся, што вось я беларускі, румынскі, польскі ці нейкі іншы мастак, калі быў зусім маладым. Але я закончыў беларускую школу зь беларускай мовай навучаньня і ў мяне быў выдатны пэдагог выкладчык беларускай мовы і літаратуры Пётр Рыгоравіч Плісікаў. Ён пасеяў ува мне любоў да беларушчыны. Усьведамленьне таго, што я – усё-ткі беларускі мастак, прыйшло тады, калі я пачаў вывучаць спадчыну Язэпа Драздовіча. А мо нават і трошкі раней, калі я пасьля заканчэньня школы пазнаёміўся з мастаком Лявонам Баразной. Ён меў на мяне найвялікшы ўплыў у пляне сьвядомасьці і беларушчыны”.

Карэспандэнтка: “А чым адрозьніваюцца гэтыя паняткі – “мастак” і “беларускі мастак?”

Марачкін: “Калі думаеш пра Беларусь, калі думаеш пра лёс Бацькаўшчыны, яе будучыню і калі вывучаеш яе мінуўшчыну, то ўжо можаш не задумвацца, як ты малюеш і што малюеш. Яно само па сабе атрымліваецца. А вось калі гэтага зерня няма, то як ты ні старайся быць беларускім, такім ня будзеш. Таму можна жыць і не ў Беларусі, але калі ў душы ў цябе ёсьць тое, пра што я сказаў, яно будзе і на палатне”.

Карэспандэнтка: “А як вы ацэньваеце сёньняшні стан беларускага мастацтва?”

Марачкін: “Стан беларускага мастацтва і наогул беларускай культуры я лічу катастрафічным. Дзяржава не цікавіцца мастацтвам, а калі цікавіцца, то толькі глянцавым бокам, мастацтвам блішчастым, тым, якое лашчыць вока нашай бюракратыі ад культуры. А займацца праблемамі па-сапраўднаму, ствараць нешта яна ня хоча. Скажам, той жа музэй сучаснага мастацтва. Некалькі гадоў таму быў праект будаўніцтва будынка для яго, але тыя пляны згасьлі. Нашы лепшыя мастакі, артысты, рэжысэры не запатрабаваныя як сьлед. Таму я і кажу, што сытуацыя катастрафічная, хаця патэнцыял у нас велізарнейшы. Я лічу, што ў нас і сёньня шмат мастакоў адораных, таленавітых і нават геніяльных, але не запатрабаваных дзяржавай”.

Карэспандэнтка:
“На адкрыцьці сваіх выставаў вы заўсёды рыхтуеце гледачам нейкі сюрпрыз. А што чакае публіку на адкрыцьці вашай выставы з нагоды сямідзесяцігодзьдзя?”

Марачкін: “Я адкрываю сёньня сваю юбілейную выставу ў Полацкай мастацкай галерэі. Я здаўна кантактую з гэтай галерэяй, ня раз праводзіў там свае выставы, але ўлічваючы, што гэта дзяржаўная ўстанова, творы нонканфармізму туды ня трапілі. Яны цяпер знаходзяцца за мяжой, у Амэрыцы, але лінія нонканфармізму ў маіх творах працягваецца і я нешта зь іх пакажу. Запрашаю ўсіх, калі ёсьць магчымасьць, прыехаць сёньня ў Полацк і паглядзець. Будзе сустрэча з самім аўтарам”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG