Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Упершыню выйшла “Анталёгія паэзіі і прозы Аршаншчыны”


На прэзэнтацыі выступае Кастусь Севярынец.
На прэзэнтацыі выступае Кастусь Севярынец.

Зборнік, выдадзены да 60-х угодкаў аршанскага літаратурнага аб’яднаньня «Дняпроўскія галасы», быў прэзэнтаваны ў музэі Ўладзімера Караткевіча.

Кнігу, у якую ўвайшлі творы 87 аўтараў, адкрывае прадмова журналіста і літаратара Фёдара Кулакова, які кіраваў літаратурным аб’яднаньнем у 1968-1977 гадах. Ён згадвае, што аб’яднаньне мясцовых літаратараў здаўна дзейнічала пры аршанскай «раёнцы», якая раней насіла назву «Ленінскі прызыў», а потым «Аршанская газета».

Першая літаратурная старонка зьявілася ў газэце ў 1949-м годзе, а ў 1950-м быў створаны першы літаратурны гурток, якім кіраваў Леанід Высоцкі. У 1950-60-я гады тагачасныя аршанскія літаратары Ўладзімер Караткевіч і Ўладзімер Корбан, Янка Сіпакоў і Нэля Тулупава толькі заявілі пра сябе, а пазьней гэтыя імёны сталі вядомыя па ўсёй Беларусі.

Вокладка зборніка.
Менавіта з твораў гэтых аўтараў пачынаецца першая «Анталёгія паэзіі і прозы Аршаншчыны». Вершы і апавяданьні аршанскіх літаратараў старэйшага пакаленьня дапамагалі зьбіраць супрацоўнікі музэю Ўладзімера Караткевіча, у прыватнасьці Вольга Пашковіч. Частка твораў належыць зусім маладым аўтарам — наведнікам гуртку «Школа паэзіі «Лотас», якім кіруе мясцовая паэтка Марыя Дзьмітранок. Маладзейшыя аўтары збольшага пішуць па-расейску, творчасьць больш сталых — найчасьцей беларускамоўная.

Усіх аршанскіх літаратараў супрацоўнікі музэю Ўладзімера Караткевіча запрасілі на прэзэнтацыю. Сярод выступоўцаў былі вядомы бард Андрэй Мельнікаў, паэт Кастусь Севярынец, які некалі працаваў журналістам на Аршаншчыне, тутэйшая паэтка, актывістка Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі БНФ Яўгенія Казлова, а таксама Лілія Радомская, стваральніца першай экспазыцыі, прысьвечанай Уладзімеру Караткевічу, якая месьцілася ў сярэдняй школе № 3 яшчэ да таго, як быў створаны цяперашні музэй.

Калі ідэя сабраць анталёгію толькі нарадзілася, грошы на яе абяцаў выдзеліць аддзел культуры Аршанскага гарвыканкаму. Але неўзабаве высьветлілася, што дзяржаўная ўстанова ня ў стане знайсьці сродкаў на кнігу, і яе выдавалі ў тым ліку і на дабрачынныя ахвяраваньні музэйнага комплексу «Гісторыя і культура Аршаншчыны», шэрагу навучальных устаноў, бібліятэк, рэдакцыі «Аршанскай газеты», прадпрымальнікаў і проста неабыякавых да мастацкага слова людзей.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG