Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сяргей Скрабец працаваў таксістам і грузчыкам, а хоча ўзначаліць гарсавет


Былы дэпутат Палаты прадстаўнікоў і палітвязень, а цяпер беспрацоўны Сяргей Скрабец заявіў, што хоча ўзначаліць Менскі гарадзкі савет дэпутатаў.



– Мы зьвярнуліся да наведнікаў нашага сайту з просьбай задаць яму пытаньні. Спадар Валошка з Зэмбіну піша: “Няўжо Вы, васпане, усур'ёз лічыце, што Вас нехта туды пусьціць? Ці гэта пэрформанс у стылі Ліпковіча?


– Па-першае, трэба, каб мяне зарэгістравалі кандыдатам, я вельмі спадзяюся на гэта, але мой досьвед сьведчыць, што мяне нават могуць не зарэгістраваць кандыдатам, не гаворачы аб тым, што ўдзельнічаць у выбарах і перамагчы...

– А для чаго вы тады заявілі пра такі намер?

– Бо я лічу, што трэба змагацца за гэта, і што трэба нешта мяняць у Менскім гарсавеце, бо там людзі сьпяць у шапку, а не працуюць.

– Вы падалі дакумэнты на рэгістрацыю ў якасьці прэтэндэнта на дэпутацкі мандат у Лагойскай выбарчай акрузе № 44. Тут разам з вамі за права стаць дэпутатам паспрачаюцца яшчэ чатыры прэтэндэнты. Вы маеце пэўны досьвед, калі балятаваліся на дэпутата Палаты прадстаўнікоў і перамаглі. Ці тыя выбары, як лічыце, праходзілі з парушэньнямі? Ці тады вы перамаглі, бо не мелі апазыцыйнай рэпутацыі?


– Гэта было ў 2000-м годзе, калі я балятаваўся па Лідзкай акрузе, і гэта быў апошні год, калі сапраўды лічылі галасы. Я перамог у прадстаўніка ад улады, і вельмі сам быў зьдзіўлены гэтаму. А што дапамагло – не ведаю. Можа, Бог дапамог.

– Пытаньне ад наведніцы сайту Свабоды Аксаны Новікавай: “Даўно пра вас нічога не было чуваць, ваша эмацыйнасьць заўсёды мяне ўражвала. Калі хочаце ўзначаліць гарсавет, то вы яго ўзначаліце, толькі пазьней”. Што вы адкажаце Аксане Новікавай?


– Дзякуй за падтрымку, я лічу што трэба змагацца, будзе гэта пазьней ці раней – пакажа час. А на сёньняшні дзень я падаў дакумэнты і спадзяюся, што ў мяне такая магчымасць будзе, каб выбаршчыкі маглі мець альтэрнатыву, а ня толькі прызначанага ўладай дэпутата гарсавету.

– А калі атрымаецца, як прадказвае Аксана Новікава, ўзначаліць гарсавет, то што будзеце там рабіць? Што мяняць?

– Там усю сыстэму трэба мяняць. Па-першае, трэба каб прыйшлі людзі, якія неабыякава ставяцца да жыцьця і да тых людзей, якія іх абіраюць. Па-другое, там шмат пытаньняў, якія датычацца нашага жыцьця ў Менску, гэта і падатковая сыстэма, і сыстэма забесьпячэньня, сыстэма ЖКГ, пытаньняў шмат. Калі я працаваў дэпутатам па Лідзкай акрузе, то кожны пасьля кожнага прыёму мне даводзілася ісьці да мясцовай улады, але там цяжка было нешта вырашыць. Бо ў нас мясцовыя саветы маюць мала паўнамоцтваў. Таму ў першую чаргу трэба даць паўнамоцтвы дэпутатам мясцовых саветаў, каб яны мелі ўплыў на наша жыцьцё.

– Цяпер праходзіць судовы працэс над Мікалаем Аўтуховічам і Уладзімерам Асіпенкам. Аўтуховіч летась трымаў вельмі працяглую галадоўку пратэсту і вы тады вельмі актыўна заклікалі да салідарнасьці зь вязьнем. Вы самі неаднаразова трымалі галадоўку пратэсту. Нядаўна на Кубе загінуў палітвязень пасьля 3-месячнай галадоўкі пратэсту. Як вы лічыце ўсё ж, палітычная галадоўка можа быць эфэктыўным сродкам?

– Вельмі цяжка адказваць, наколькі яна эфэктыўная ў нашых умовах, але зь іншага боку ў нас няма альтэрнатывы для барацьбы з тым, што зараз адбываецца. Бо невінаватыя людзі садзяцца за краты і не маюць мэтадаў каб сябе абараніць, уся юрыдычная сістэма мае рэпрэсіўны характар. Так што гэта вымушаны захад.

– Раскажыце, калі ласка, чаму вы ня можаце ўладкавацца пра працу пасьля турмы, што вам кажуць, калі адмаўляюць?


– Аргумэнтаў шмат. Мне, напрыклад, казалі, калі я хацеў уладкавацца на МАЗ ці МТЗ майстрам у ліцейку, што пачну вучыць рабочых, не туды іх завяду. Адмаўлялі ў працы і на ўсялякі выпадак, бо народ запалоханы, асабліва служба бясьпекі, лічаць, што за мною сочаць спэцслужбы, то навошта на сябе наклікаць бяду.

– І колькі вы ўжо без працы?

– З 2004 года. Сёмы год пайшоў. Я падпрацоўваю то грузчыкам, то таксістам, то ў лазьні, вельмі шмат прафэсіяў асвоіў, але не магу ўтрымацца на адным месцы.

– На якім месцы вы сябе бачылі б у будучыні, на якой пасадзе?

– Калі будуць патрэбныя мае веды, то на любой пасадзе. Мне непатрэбныя нейкія там вярхі. Я не тое, што стаміўся змагацца, але надакучыла гэта, шчыра кажучы. Калі б я атрымаў якое спакойнае месца, то вельмі быў бы задаволены, каб толькі не чапалі. Бо за мной па-ранейшаму бегаюць судовыя выканаўцы, у суды выклікаюць, такое жыцьцё стамляе. Хацелася б спакайней жыць.

– А калі будзеце на чале гарсавету, пазьней, як сказала Аксана Новікава, то тады ня будзе спакойна?

– Але гэта іншы неспакой, бо будзе магчымасьць рэальна дапамагаць людзям, што мяне заўсёды прываблівала.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG