На паседжаньні 10 сакавіка была задаволеная просьба Мікалая Аўтуховіча аб дадатковым вывучэньні матэрыялаў справы. Як паведаміў “Свабодзе” адвакат Павел Сапелка, праблема была ня толькі ў вывучэньні дакумэнтаў. Вось што сказаў адвакат Сапелка вечарам 15 сакавіка:
“Застаецца пытаньне, ці дазволяць нам зрабіць копіі. Дакумэнты вывучаць далі, але важным было й тое, ці дазволяць зрабіць копіі. Каб можна было дакладна цытаваць на працэсе, каб можна было пракантраляваць, ці ня зьніклі з матэрыялаў справы пэўныя дакумэнты або ці ня ўнесеныя ў іх праўкі. Пакуль капіяваць яшчэ не дазволілі”.
На маё пытаньне, каго са сьведкаў можна будзе пачуць на сёньняшнім паседжаньні, адвакат Павел Сапелка паведаміў, што да апытаньня сьведкаў сёньня можа й не дайсьці:
Яшчэ пракурор не абнародаваў абвінавачаньня...
“Яшчэ не апытаны абвінавачаныя, таму пра выкліканьне кагосьці са сьведкаў казаць зарана. Яшчэ пракурор не абнародаваў абвінавачаньня. Так што яшчэ працы і працы. Але ўсё ж у аўторак будзе цікава, бо, відаць, будуць выступаць абвінавачаныя”.
Прадстаўнікі грамадзкасьці зьбіраюцца прыйсьці на працэс у Вярхоўны суд, як і ў першы дзень слуханьняў справы. У прыватнасьці, пра такія пляны паведамілі прадстаўнікі руху вэтэранаў Аўганістану Алег Воўчак і Аляксандар Камароўскі. Нагадаю, Мікалай Аўтуховіч таксама былы аўганец, мае за вайну ў Аўганістане баявыя ўзнагароды.
Што да прадстаўніцтва мэдыяў, то сытуацыя такая. На першае паседжаньне былі дапушчаныя толькі 20 журналістаў. У асноўным гэта былі прадстаўнікі дзяржаўных СМІ. А сьпіс нібыта быў складзены яшчэ ў першай палове 9-га сакавіка, амаль за дзень да працэсу. Калі ў дзень пачатку працэсу журналісты паспрабавалі прайсьці ў судовую залю як звычайныя грамадзяне па пашпарце, некаторым адмовілі. У прыватнасьці, гэтак павялі сябе з карэспандэнтам “Свабоды”.
“У залі можа не хапіць месцаў”, – сказаў тады памочнік старшыні суду Аляксандар Рудэнка, які й адказваў за акрэдытацыю. Што будзе сёньня, невядома. Але яшчэ 11 сакавіка, на наступны дзень пасьля першага судовага дня, Аляксандар Рудэнка сказаў карэспандэнту “Свабоды”, што ў сьпіс акрэдытаваных журналістаў новыя прозьвішчы ўносіцца ня будуць, хаця да аднаўленьня працэсу было яшчэ 5 дзён.
Жыхароў Ваўкавыску Мікалая Аўтуховіча, Уладзімера Асіпенку і Аляксандра Ларына абвінавачваюць у шэрагу злачынстваў, сярод якіх самае сур’ёзнае – рыхтаваньне да тэрарыстычнага акту. Максымальнае пакараньне за гэтае злачынства – пажыцьцёвае зьняволеньне або сьмяротная кара. А былога міліцыянта з Горадні Міхаіла Казлова, які калісьці правяраў фірму Аўтуховіча “Ніка-транс” і, паводле сьледзтва, ведаў пра тое, што рыхтуецца тэракт супроць высокапастаўленых гарадзенскіх чыноўнікаў, вінавацяць у тым, што ён не зрабіў дзеяньняў, каб прадухіліць злачынства.