Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Людміла Асіпенка: Усе знаёмыя таты адмовіліся везьці нас у суд — баяцца


Мікалай Аўтуховіч і Ўладзімер Асіпенка.
Мікалай Аўтуховіч і Ўладзімер Асіпенка.

Людміла Асіпенка, дачка Ўладзімера Асіпенкі, якога 10 сакавіка разам зь Мікалаем Аўтуховічам пачнуць судзіць ў Вярхоўным судзе паводле абвінавачаньня ў падпале будынкаў і падрыхтоўкі да тэракту, зьбіраецца прыехаць на працэс разам з маці ды іншымі сваякамі. Пры гэтым дзяўчына не выключае, што у суд яна можа ня трапіць.

Людміла Асіпенка: «Тое, што цяпер суд кажа, што працэс будзе адкрытым, гэта нічога не азначае. Бо заўтра раніцай яны могуць прыняць іншае рашэньне і папрасіць нас усіх з судовай залі. У гэтым я фактычна не сумняваюся. Інакш яны б не хавалі гэтак шмат у гэтай справе, калі б ўсё было там чыста. Мяркую, там шмат чаго такога, што яны ад нас усіх захочуць схаваць. Канечне, мы паедзем, але ня ўпэўненая, што патрапім».

Карэспандэнт: «А хто ад вашай сям’і прыедзе?»

Людміла Асіпенка: «Я, мама, цётка, мой муж. Па магчымасьці ўсёй сям’ёй зьбіраемся прыехаць».

Карэспандэнт: «Якія апошнія зьвесткі пра вашага тату?»

Людміла Асіпенка: «Некалькі апошніх тыдняў ішла падрыхтоўка да працэсу, таму асаблівых навінаў не было».

Карэспандэнт: «Судьдзя Цяцюхін два тыдні таму не дазволіў вам сустрэцца з татам. Ці рабілі вы яшчэ спробы дамагчыся спатканьня?»

Людміла Асіпенка
Людміла Асіпенка: «Не, у адказе судзьдзі было сказана, што ўжо немагчыма спатканьне, цяпер толькі пасьля прысуду, таму мы і не спрабавалі».

Карэспандэнт: «Людміла, а ў вас у Ваўкавыску ведаюць пра тое, што пачнецца такі працэс? Можа, мясцовы друк пра гэта напісаў?»

Людміла Асіпенка: «У газэтах пра гэта я ня бачыла, але, наколькі мне вядома, там шмат сьведак, болей за 40, яны амаль усе з Ваўкавыску. Таму нават празь іх інфармацыя распаўсюдзілася, што працэс заўтра пачнецца».

Карэспандэнт: «Што людзі кажуць пра гэты працэс, пра справу?»

Людміла Асіпенка: «Да гэтага часу ня вераць, што такое ўвогуле магчыма, хаця столькі ўжо часу мінула. Шмат тых, хто спачувае, спадзяюцца на лепшае і падтрымліваюць маральна. Але, мяркую, ёсьць і тыя, якія злараднічаюць. У прыватнасьці, відаць, уся падатковая інспэкцыя нашага раёну, дзе тата працаваў. Адтуль, дарэчы, і некаторыя сьведкі. Тата быў адзіным з гэтай установы, хто падтрымаў Аўтуховіча. Ён нават у інтэрнэце зьмясьціў адкрыты ліст, у якім даказваў невінаватасьць Аўтуховіча і казаў пра карупцыю ў падатковай».

Карэспандэнт: «Як вы мяркуеце, чаму ніхто з былых сяброў вашага таты яго не падтрымаў?»

Людміла Асіпенка
: «Там усе запалоханыя. Вось мама прасіла некаторых знаёмых бізнэсоўцаў адвесьці нас ў Менск на суд, дык адмовіліся. Кажуць, што іх запалохалі праверкамі. Баяцца увогуле з намі кантактаваць. Можа, ня ўсе, але ёсьць і такія. Асноўнае кола знаёмых таты было сярод бізнэсоўцаў, прадпрымальнікаў. А для іх, для іх бізнэсу ўсе кантакты з намі небясьпечныя».

Карэспандэнт: «А былыя калегі з падатковай службы, як яны ставяцца?»

Людміла Асіпенка: «Ну, гэтых запалохваць ня трэба. Яны самі супраць таты. Чаму? Мне так падаецца, што калі б хто быў за тату, ён бы там ужо не працаваў. Бо начальнікам інспэкцыі застаўся той жа чалавек, ён супраць таты даваў паказаньні. Таму ня думаю, што хтось зь сяброў таты там бы застаўся».

Карэспандэнт: «Як здароўе вашага таты?»

Людміла Асіпенка: «Ведаю, што скардзіўся турэмшчыкам на вочы, прасіў, каб яму паставілі дакладны дыягназ, якія яму зараз патрэбныя акуляры, але ў ізалятары адмовіліся. Сказалі, што не аказваюць такіх паслугаў. Яшчэ праблема такая, што вельмі крышацца зубы. Як і ў Аўтуховіча».

Прадпрымальнік з Ваўкавыску Мікалай Аўтуховіч і былы вайсковец, былы супрацоўнік падатковай інспэкцыі раёну Ўладзімер Асіпенка былі арыштаваныя 8 лютага 2009 году. Сваёй віны ў падпале будынкаў і падрыхтоўцы да тэракту супраць высокапастаўленых чыноўнікаў Аўтуховіч і Асіпенка не прызнаюць і тлумачаць перасьлед помстай за іх антыкарупцыйную дзейнасьць. 10 сакавіка ў Вярхоўным судзе пачнецца суд над Мікалаем Аўтуховічам і Ўладзімерам Асіпенкам, якіх шмат хто ў Беларусі лічыць ахвярамі палітычнага рэжыму.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG