Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Андрэй Саньнікаў дзеліцца плянамі на прэзыдэнцкія выбары


Калі Андрэй Саньнікаў пераможа на прэзыдэнцкіх выбарах 2011 году, ён мяркуе правесьці “рэфармаваньне ўсёй палітычнай і эканамічнай сыстэмы Беларусі”.

Пра гэта Саньнікаў заявіў, адказваючы на пытаньні беларускіх блогераў.

Саньнікаў, які ў 1995—1996 гадах займаў пасаду намесьніка міністра замежных спраў, а зараз — лідэр грамадзянскай кампаніі “Эўрапейская Беларусь”, кажа, што ў ягоную каманду ўваходзяць прафэсіяналы.

У часе прэзыдэнцкай кампаніі палітык будзе спадзявацца “на сябе, сям'ю, аднадумцаў, сяброў, аднаклясьнікаў ... На беларусаў”.

Стратэгічная мэта кампаніі Саньнікава — “пабудова нармальнай дзяржавы, уступленьне Беларусі ў Эўразьвяз, забесьпячэньне эўрапейскага ўзроўню жыцьця ў самыя кароткія тэрміны, а не ў далёкай пэрспэктыве”.

Сваёй асноўнай задачай палітык бачыць “аднаўленьне прынцыпу падзелу ўладаў, аднаўленьне дзейснага парлямэнту і забесьпячэньне незалежнасьці судоў”. “Безь вяртаньня незалежнай прэсы, яе ўплыву і кантролю за дзейнасьцю дзяржавы пабудаваць свабоднае грамадзтва немагчыма”, — перакананы ён.

У дачыненьні да Расеі Саньнікаў мае намер праводзіць “моцную палітыку, зыходзячы з нацыянальных інтарэсаў пры ўліку інтарэсаў суседзяў”. “Нам вельмі патрэбная Расея, гэтаксама як і мы патрэбныя Расеі. Гэта стварае базу для плённых адносінаў, а не для дробных канфліктаў, якія мы сёньня назіраем”, — заявіў палітык.

Саньнікаў таксама лічыць неабходным рэфармаваць сілавыя структуры.

“Пра армію — асобная размова. Яна ўжо значна скарочана. Трэба будзе сур'ёзна прапрацаваць пытаньне аб яе функцыях, а затым ужо вызначаць аптымальную колькасьць”, — кажа Саньнікаў. — “Міліцыя, а асабліва яе спэцыяльныя падразьдзяленьні будуць скарочаныя і пастаўленыя на службу народу, а не злачынным групоўкам. Навошта нам, напрыклад, некалькі брыгадаў спэцназу ўнутраных войскаў? Мы будзем рухацца ў Эўропу, і бескантрольная міліцыя саступіць месца эўрапейскай паліцыі, якая кантралюецца грамадзтвам”.

На думку палітыка, трэба “даць людзям свабоду жыць, працаваць, займацца бізнэсам”. “Вызваліць і заахвоціць прыватную ініцыятыву. Прыцягнуць у Беларусь лідэраў сусьветнай эканомікі. Стаць значнай часткай магутнага эўрапейскага эканамічнага цэнтру”, — заявіў Саньнікаў.

Акрамя Андрэя Саньнікава, пра свой намер балятавацца на пасаду прэзыдэнта публічна заявілі старшыня Лібэральна-дэмакратычнай партыі Сяргей Гайдукевіч, лідэр Эўрапейскай кааліцыі Мікола Статкевіч, адзін з кіраўнікоў аргкамітэту дзеля стварэньня партыі “Беларуская хрысьціянская дэмакратыя” Віталь Рымашэўскі і намесьнік старшыні грамадзкага аб'яднаньня “БНФ “Адраджэньне” Алесь Міхалевіч, нагадвае БелаПАН.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG