Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апазыцыя сустрэлася зь Сікорскім у Варшаве


Радаслаў Сікорскі
Радаслаў Сікорскі
Дэлегацыя беларускай апазыцыі, у складзе якой лідэр руху «За свабоду» Аляксандар Мілінкевіч, старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч, лідэры АГП — Анатоль Лябедзька і «Справядлівага сьвету» — Сяргей Калякін, экс-старшыня Вярхоўнага Савету Беларусі Станіслаў Шушкевіч, лідэр «Маладога фронту» Зьміцер Дашкевіч, палітык Алесь Міхалевіч, сустаршыня аргкамітэту дзеля стварэньня БХД Віталь Рымашэўскі сустрэлася сёньня ў Варшаве зь міністрам замежных спраў Польшчы Радаславам Сікорскім.

Міністар Сікорскі падзяліўся ўражаньнямі ад сваіх сустрэчаў з кіраўніком Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам і міністрам замежных спраў Беларусі Сяргеем Мартынавым. Сябра дэлегацыі Алесь Міхалевіч кажа:

Алесь Міхалевіч
«Ён распавёў пра сустрэчу з Лукашэнкам, напрыклад, пра тое, як Лукашэнка ў тэрмінах „мае палякі“ тлумачыў сваё стаўленьне да асобаў польскай нацыянальнасьці. Таксама ён перадаў Лукашэнку прывітаньне ад Марэка Бэлькі, які зьяўляецца адным з кіраўнікоў у МВФ, адказным за Беларусь. Такім чынам, наколькі мы зразумелі, спадар Сікорскі спрабаваў падкрэсьліць Лукашэнку, што ад палітычных паводзінаў таксама ў значнай ступені залежыць выдзяленьне фінансавых сродкаў праз МВФ»,

Спадар Сікорскі адзначыў, што Польшча гатовая займацца вырашэньнем праблемаў Беларусі, быць яе прамоўтэрам у Эўразьвязе. Але дзеля гэтага павінны быць крокі ў адказ з боку афіцыйнага Менску. Радаслаў Сікорскі цікавіўся разьвіцьцём сытуацыі ў Беларусі.

«Напрыклад, ён сказаў пра тое, што ён як прадстаўнік Польшчы ўздымаў пытаньне Беларусі на сустрэчы кіраўнікоў міністэрстваў замежных спраў Эўразьвязу і што стасункі ЭЗ зь Беларусьсю могуць быць далей перагледжаныя. І гэта залежыць ад вынікаў мясцовых выбараў. Эўропа і Польшча вельмі пільна сочаць за мясцовымі выбарамі».

Анатоль Лябедзька
Паводле Анатоля Лябедзькі, міністар Сікорскі адзначыў, што падчас мінулагодняй сустрэчы з дэлегацыяй апазыцыі былі вялікія спадзяваньні, але яны ня спраўдзіліся. Але ён застаецца прыхільнікам працягу дыялёгу і камунікацый ня толькі з уладай, але і з апазыцыяй.

Паводле Анатоля Лябедзькі, сябры дэлегацыі выказалі рознае стаўленьне да цяперашняй палітыкі Эўразьвязу адносна афіцыйнага Менску.

«Хтосьці хваліў Эўразьвяз, я належу да тых, хто выказаў крытычны погляд. Мэты і задачы, якія ставіць ЭЗ у сваёй новай палітыцы, мы вітаем. Але разам з тым мы мусім канстатаваць, што нічога не зьмянілася пасьля нашай апошняй сустрэчы. Я мінулы раз перадаваў Сікорскаму „дарожную мапу“, тое, што, на наш погляд, трэба рабіць. І я зноў перадаў той жа самы варыянт. Толькі адзінае зазначыў, што калі Брусэль і асобныя краіны ўсё ж рабілі стаўку на супрацоўніцтва з уладамі, то сёньня ёсьць значна больш падстаў, каб вярнуцца да гэтага дакумэнту, які быў падрыхтаваны намі яшчэ год таму, і спрабаваць яго рэалізаваць на практыцы. Сёньня цікавасьць да гэтай „дарожнай мапы“ значна большая, чым было год таму. Я думаю, што міністар успрыняў гэта дастаткова сур’ёзна. Ён адрэагаваў адразу на тое, што ў нас на сёньня значна ўзрасьлі рэпрэсіі, а мажлівасьцяў змагацца з гэтымі рэпрэсіямі стала менш».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG