Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасол Гайсёнак: Падобная рэзалюцыя ня будзе спрыяць вырашэньню праблемы польскай меншасьці


Віктар Гайсёнак
Віктар Гайсёнак

Дэпутат Эўрапарлямэнту ад Польшчы Марэк-Генрык Мігальскі, які пасьлядоўна крытыкуе Варшаву і Брусэль за недастатковую патрабавальнасьць да Менску ў пытаньні павагі да правоў чалавека, атрымаў адмысловы ліст ад беларускага амбасадара ў Варшаве Віктара Гайсёнка.

У гэтым лісьце, які польскі палітык выставіў на сваёй інтэрнэт-старонцы, кіраўнік беларускай дыпляматычнай місіі ў Польшчы выказвае трывогу з нагоды прыняцьця Эўрапарлямэнтам рэзалюцыі па Беларусі.

Сп. Гайсёнак піша, што гэты дакумэнт «ня будзе добрым крокам» на фоне працы групы экспэртаў па вырашэньні праблемаў польскай нацыянальнай меншасьці ў Беларусі, пра стварэньне якой дамовіліся ў Кіеве беларускі прэзыдэнт Лукашэнка і польскі міністар Сікорскі. Ня будзе гэта станоўчым знакам і на фоне сталага польска-беларускага і беларуска-эўрапейскага дыялёгу. Гайсёнак выказаў перакананьне, што прынятая рэзалюцыя, «незалежна ад яе зьместу, не паўплывае на працу групы станоўча і ня будзе спрыяць вырашэньню праблемы польскай меншасьці ў Беларусі».

«Мы спадзяемся, што, клапоцячыся пра дабро для палякаў на Беларусі, вы ўстрымаецеся ад прыняцьця пасьпешлівых рашэньняў і пры разглядзе беларускага пытаньня ў Эўрапейскім парлямэнце будзеце карыстацца аб’ектыўнымі зьвесткамі ў гэтай справе, беручы за аснову інтарэсы беларускіх грамадзян, у тым ліку польскага паходжаньня, і двухбаковых адносін нашых дзяржаў», — напісаў у сваім лісьце да эўрапарлямэнтара Марэка-Генрыка Мігальскага беларускі амбасадар у Варшаве Віктар Гайсёнак.

Паводле Мігальскага, нягледзячы на тое, што ў апошніх радках ліста ён убачыў завуаляваную пагрозу, гэта ніякім чынам не паўплывае на яго стаўленьне да сытуацыі з правамі польскай меншасьці ў Беларусі. Людзі польскага паходжаньня сталі сапраўднымі закладнікамі рэжыму Лукашэнкі, лічыць эўрадэпутат.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG