Тэлеграм-канал былога прэзыдэнта Сырыі Башара Асада апублікаваў ягоную першую пасьля ўцёкаў заяву.
У публікацыі гаворыцца, што Асад заставаўся ў Дамаску да раніцы 8 сьнежня, а па меры прасоўваньня паўстанцаў углыб гораду ён перабраўся на расейскую авіябазу Хмеймім. Адтуль увечары 8 сьнежня ён вылецеў у Маскву.
У заяве таксама адзначаецца, што ніводнага разу за час падзей, якія адбываюцца ў Сырыі на фоне наступу антыўрадавых груповак, Асад нібыта не разглядаў магчымасьць сыходу ў адстаўку і ўцёкаў з краіны. Такая ж заява на афіцыйнай старонцы Асада ў Фэйсбуку была выдаленая.
10 сьнежня стала вядома, што часовым прэм’ер-міністрам пераходнага ўраду Сырыі пасьля зьвяржэньня рэжыму Башара Асада прызначаны Мухамад аль-Башыр. Пра гэта ён сам заявіў у тэлезвароце, паведамляюць Al Arabia і Reuters.
- Узброеныя групоўкі, апазыцыйныя ўраду Башара Асада, актывізаваліся ў Сырыі 27 лістапада. За некалькі дзён сырыйскія паўстанцы занялі некалькі буйных гарадоў. У ноч на 8 сьнежня паўстанцы абвясьцілі, што сталіца Сырыі Дамаск перайшла пад іх кантроль. Прэзыдэнт Сырыі Башар Асад уцёк з краіны і атрымаў прытулак у Расеі. Лідэры паўстанцаў абяцаюць сфармаваць новы ўрад шляхам выбараў.
- З 2011 году ў Сырыі працягвалася грамадзянская вайна. Расейскія вайскоўцы ўдзельнічалі ў гэтай вайне з 2015 году на баку прэзыдэнта Асада, наносячы бомбавыя ўдары па пазыцыях ягоных праціўнікаў, а таксама ўдзельнічаючы ў наземных апэрацыях, да якіх прыцягвалі таксама наймітаў ПВК «Вагнэр».
Форум