Рашэньне аб стварэньні камісіі дасягнутае падчас сустрэчы ў Кіеве 25 лютага міністра замежных спраў Польшчы Радаслава Сікорскага з кіраўніком Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам. На пачатку сакавіка ў Будапэшце міністры замежных спраў Беларусі і Польшчы Сяргей Мартынаў і Радаслаў Сікорскі назвалі кіраўнікоў дэлегацый з абодвух бакоў: гэта ўпаўнаважаны ў справах рэлігій і нацыянальнасьцяў Леанід Гуляка і намесьнік міністра замежных спраў Анджэй Крэмэр. Тады ж было паведамлена, што першае пасяджэньне, праўдападобна, адбудзецца 9 сакавіка.
У беларускім МЗС сытуацыю не камэнтуюць. Намесьнік упаўнаважанага ў справах рэлігій і нацыянальнасьцяў Уладзімер Ламека сказаў, што чуў пра пасяджэньне гэтай камісіі з мэдыяў. Але ці пойдзе на саступкі афіцыйны Менск і ці зарэгіструе ён саюз пад кіраўніцтвам Анжалікі Борыс?
“Якія ўлады, каму саступаць, што? Калі за ёй такія сілы будуць, якія будуць прэтэндаваць на саюз, то найперш будзе глядзець Міністэрства юстыцыі і ўсе іншыя. Пакуль тое, што ёсьць, дык я ведаю, што за ёй вельмі мала людзей, якія сталі катэгарычна ў апазыцыю ўсёй польскай супольнасьці, якая ёсьць на Беларусі. Час пакажа, як усё будзе, і да якіх рахункаў прыйдзе тая камісія, якая створана”.
Намесьнік кіраўніка афіцыйнага Саюзу Мечыслаў Лысы чакае ад камісіі “аб'ектыўнага зрэзу сытуацыі”:
“Іншыя грамадзкія арганізацыі, магчыма, нацыянальнага кшталту, таксама павінны выказацца, як ім бачыцца сытуацыя збоку. Але я ня думаю, што камісія павінна працаваць так, як працавала тыдзень таму. Камісія прыехала – я чытаю: сустрэліся ад палякаў з Андрэем Пачобутам, з Собаль і ўсё. Што гэта за праца такая? Дык Андрэй Пачобут бывае за мяжой, толькі што з прэзыдэнтам сустракаўся. Прыехалі сюды ў Беларусь, дык пагаварыце з тымі, хто невыязны».
Актывіст неафіцыйнага Саюзу палякаў Анджэй Пачобут спадзяецца, што вынікам працы камісіі будзе легалізацыя дзейнасьці Саюзу палякаў, і што Дамы польскія пачнуць займацца культурна-асьветніцкай працай, а не камэрцыяй.
”Што да атмасфэры, у якой давядзецца працаваць камісіі, то дзеяньні беларускага боку ня сьведчаць пра гатоўнасьць Аляксандра Лукашэнкі выканаць свае абяцаньні. Цяпер на тэрыторыі краіны адбываецца вялікая прапагандысцкая акцыя, складаюцца сьпісы палякаў, якія працуюць на дзяржаўных прадпрыемствах і ўстановах. І іх супрацоўнікі ідэалягічных аддзелаў прымушаюць падпісваць ліст да ўраду Польшчы. Там наогул усё ў гэтым лісьце хлусьня. Але ўсіх гэтых людзей прымушаюць пісаць, што Дамы польскія дзейнічаюць. Маўляў, праблемы з маёмасьцю няма, і ўлады такім чынам адразу перакрэсьліваюць вось гэтае пытаньне».