Эфір 16 лютага.
Аляксей Знаткевіч: Тое, што паездка Сяргея Мартынава адбываецца адразу пасьля паездкі ў Польшчу, а польска-беларускія адносіны пагоршыліся праз канфлікт вакол Саюзу палякаў Беларусі, на Вашую думку, ці сьведчыць гэта пра тое, што Іран можа стаць для Беларусі нейкай альтэрнатыўнай пляцоўкай, магчыма, таксама альтэрнатыўнай крыніцай крэдытаў, якія апошнімі гадамі давалі Беларусі заходнія краіны і Расея?
Сяргей Богдан: Іран ніколі ня зможа стаць альтэрнатывай заходняга вэктару ў беларускай вонкавай палітыцы, безумоўна, але Іран заўсёды будзе мець свой адпаведны сэгмэнт у гэтай палітыцы. Што датычыць больш канкрэтных рэчаў, якія, магчыма, мы маглі падтрымаць з Ірану... Нягледзячы на тое, што існуе палітычная воля да супрацоўніцтва з боку кіраўніцтва абедзьвюх краінаў, аднак гэтая палітычная воля яшчэ недастатковая, бо неабходная экспэртная база, інфраструктура, матэрыяльныя сродкі і ў гэтым рэчышчы тут пэрспэктывы выглядаюць ня самым лепшым чынам. Асабліва калі паглядзець на тое, што мы мелі апошнім часам.
Калі канкрэтна казаць пра крэдытаваньне, якое зьяўляецца бадай што самым вострым пытаньнем для беларускага кіраўніцтва, то, вядома, ў Ірана ёсьць вельмі вялікія грошы ад нафты. Але такія ж самыя там і выдаткі дзяржавы на падтрыманьне ляяльнасьці грамадзянаў, на ўтрыманьне вялізарнага дзяржаўнага апарату. Таму, гледзячы па гісторыі ранейшых стасункаў і гледзячы на цяперашнюю фінансава-эканамічную сфытуацыю Іране ў тым ліку, я проста ня бачу прычынаў, чаму можна сапраўды спадзявацца на атрыманьне крэдыту...