Як толькі маладыя людзі сталі з партрэтамі Мікалая Аўтуховіча і Ўладзімера Асіпенкі, да іх адразу падбеглі спэцназаўцы ў цывільным і форме. Яны паклікалі міліцыянта з гукаўзмацняльнікам, але ён пасьпеў толькі сказаць «мы вас папярэджваем, што акцыя несанкцыянаваная, будуць ужытыя меры». Тут адразу пад’ехаў адзін аўтобус, за ім другі, маладыя людзі селі на брук, але іх кожнага схапілі па два-тры спэцназаўцы і зацягнулі ў аўтобусы.
Затрыманыя — прадстаўнікі «Маладога фронту», кампаніі «Эўрапейская Беларусь», «Маладая Беларусь». Сярод іх шмат дзяўчат.
Некаторыя паплечнікі затрыманых не пасьпелі далучыцца да ланцугу, і цяпер высьвятляюць, дзе іх сябры. Паводле папярэдніх зьвестак, затрыманых павезьлі ў міліцыю Цэнтральнага раёну Менску. Невядома, ці на іх складуць пратаколы або перапішуць прозьвішчы і адпусьцяць. Калі людзей затрымаюць больш як на тры гадзіны, то заўтра іх чакае суд.
У міліцыі Цэнтральнага раёну Менску знаходзяцца лідэр руху «Маладая Беларусь» Артур Фінькевіч з паплечнікамі Паўлам Пракаповічам, Андрэем Кузьмінскім, лідэр моладзі БНФ Андрусь Крэчка, актывісты «Маладога фронту» Людвіся Атакулава, Мікола Дземідзенка, лідэр кампаніі «Эўрапейская Беларусь» Яўген Афнагель з паплечнікамі Палінай Кур’яновіч, Максімам Вінярскім ды іншыя.
19:30 Усіх удзельнікаў акцыі салідарнасьці з Мікалаем Аўтуховічам і Ўладзімерам Асіпенкам трымаюць у актавай залі і высьвятляюць асобы. Трымаць іх на законных падставах міліцыянты маюць права да 9 вечара. Пасьля гэта стане вядома, адпусьцяць актывістаў на волю ці складуць пратаколы, абвінаваціўшы ва ўдзеле ў несанкцыянаванай акцыі, і адвязуць да суду ў турму на Акрэсьціна.
20:30 Па 20-й гадзіне ўсіх затрыманых адпусьцілі. Тых, хто трапіў у міліцыю ўпершыню, павялі на працэдуру дактыляскапіі, а таксама сфатаграфавалі і зрабілі відэа як падазраваных у крымінальным злачынстве.