Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адстаўка Саўчанкі дае надзею Аўтуховічу і Асіпенку?


Мікалай Аўтуховіч і Ўладзімер Асіпенка
Мікалай Аўтуховіч і Ўладзімер Асіпенка

Як адаб’ецца адстаўка старшыні гарадзенскага аблвыканкаму Ўладзімера Саўчанкі на справе Аўтуховіча-Асіпенкі?


Як вядома, прадпрымальніка з Ваўкавыску Мікалая Аўтуховіча і ягонага знаёмага, былога вайскоўца Ўладзімера Асіпенку абвінавачваюць у падрыхтоўцы тэракту супраць былога кіраўніка гарадзенскай вэртыкалі Ўладзімера Саўчанкі.

Адвакат Аўтуховіча Павал Сапелка мяркуе, што пасьля адстаўкі Саўчанкі можна было б дамагчыся накіраваньня справы на разгляд у Гарадзенскі абласны суд:

“Бліжэй да месца верагодных падзей, бліжэй да асноўных сьведак. І ў такім разе, калі мы не пагодзімся з прысудам, можна будзе яго абскардзіць у вышэйшай судовай інстанцыі”.

Дачка абвінавачанага Ўладзімера Асіпенкі Людміла ня бачыць наўпроставай сувязі адстаўкі Саўчанкі з гэтай справай:

“Мне дакладна вядома, што падчас сьледзтва Ўладзімера Саўчанку дапытвалі і ён заявіў, што ня мае прэтэнзій да майго таты. Але, магчыма, я ня шмат ведаю. У прыватнасьці, таго, як пачыналася гэтая справа. Магчыма, што гэтая адстаўка прывядзе і да развалу справы. Мы зараз гатовыя хапацца за любую надзею”, — сказала Людміла Асіпенка.

Абвінавачаньне ў падрыхтоўцы тэракту супроць Уладзімера Саўчанкі і намесьніка міністра падаткаў і збораў Віктара Камянко ўзьнікла восеньню 2009 году, больш як праз паўгода пасьля таго, як Мікалая Аўтуховіча і Ўладзімера Асіпенку арыштавалі. Аўтуховіч і Асіпенка не прызнаюць сябе вінаватымі і заяўляюць, што ў адкрытым працэсе іх невінаватасьць будзе відавочнай.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG