Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Арцём Дубскі ў Магілёўскай калёніі змагаецца за туалетную паперу


Чаму адвакату Аўтуховіча Вярхоўны суд забараніў капіяваць дакумэнты справы? 1 лютага ў Першамайскім судзе Менска пачнецца новы працэс па справе прадпрымальніка Андрэя Бандарэнкі. Маладафронтавец Арцём Дубскі ў калёніі сабраў подпісы вязьняў, якія просяць палепшыць для іх бытавыя умовы.

Павал Сапелка кажа, што намесьнік старшыні Вярхоўнага суду адмовіў яму ў капіяваньні некаторых матэрыялаў справы Мікалая Аўтуховіча, якога абараняе адвакат. Калі пачнецца працэс па справе Аўтуховіча-Асіпенкі і якім будзе склад судовай калегіі, адвакату невядома. Між тым 28 студзеня міністар унутраных спраў Анатоль Куляшоў ужо заявіў, што справу будуць разглядаць ў Вярхоўным судзе і працэс будзе адкрытым. Вось як адвакат Павал Сапелка пракамэнтаваў такую заяву:

Павал Сапелка
«Кожны раз, калі я чую, як які-небудзь супрацоўнік міністэрства ўнутраных спраў ці пракуратуры пачынае камэнтаваць справу і казаць пра пэрспэктывы разьвіцьця крымінальнай справы, я пытаюся: адкуль яны гэта ведаюць? Яшчэ ж працэс не пачаўся, у якім фармаце ён пройдзе, невядома. Так, ужо справа прынятая да вытворчасьці ў Вярхоўным судзе, такім чынам будзе разглядацца там. Але будзе працэс адкрытым ці закрытым, яшчэ ж невядома».

1 лютага ў Першамайскім судзе Менску пачнецца новы працэс над прадпрымальнікам Андрэем Бандарэнкам. Справу гэтым разам будзе разглядаць судзьдзя Тацяна Равінская. Першы працэс над Андрэем Бандарэнкам летась у кастрычніку вёў Леанід Ярмоленкаў, які прызнаў прадпрымальніка вінаватым у крадзяжы грашовых сродкаў і асудзіў на 7 гадоў зьняволеньня з канфіскацыяй маёмасьці. Гэты прысуд 15 сьнежня быў адменены Менскім гарадзкім судом, Андрэя Бандарэнку з Бабруйскай калёніі вярнулі ў Менск і зьмясьцілі ў Менскі сьледчы ізалятар. Адвакат Зьміцер Лаеўскі бачыўся з Андрэем Бандарэнкам 29 студзеня. Паводле адваката, падабаронны пачуваецца добра і рыхтуецца да працэсу. Пра яго вынік адвакат сказаў.

Зьміцер Лаеўскі
«Сыходзячы са зьместу пастановы суду касацыйнай інстанцыі спадзяваньні безумоўна ёсьць, але ўсё будзе залежаць ад шэрага чыньнікаў. Таму даць пэўны прагноз немагчыма».

Актывіста Маладога фронту Арцёма Дубскага днямі выклікалі ў адміністрацыю магілёўскай калёніі на размову. Прычыны — ліст вязьняў, якія просяць адміністрацыю даць магчымасьць ім мець у карыстаньні больш тэлефонных картак, мыла, мыючых сродкаў і нават туалетнай паперы. Аказваецца, подпісы пад лістом зьбіраў Арцём Дубскі і таму менавіта яго выклікалі на размову да турэмнага начальства. Размова, відаць, мела станоўчы вынік, паколькі ў чарговым лісьце дамоў Арцём напісаў маці, каб прывезла на спатканьне больш бытавых рэчаў, у тым ліку і туалетнай паперы.

«Прыйдзецца везьці рулёнаў 10 туалетнай паперы. Сьмешна, а што рабіць, трэба ж сына забясьпечыць».
Мікалай Аўтуховіч, Уладзімер Асіпенка
Андрэй Бандарэнка
Арцём Дубскі
Прадпрымальнік Мікалай Аўтуховіч і былы вайсковец Уладзімер Асіпенка сваёй віны не прызнаюць і кажуць, што іх перасьледуюць за антыкарупцыйную дзейнасьць. Абодва знаходзяцца пад вартай з 8 лютага 2009 году. Іх абвінавачваюць ў падрыхтоўцы тэракту супроць высокапастаўленых дзяржаўных чыноўнікаў і ў падпале дома міліцыянта.

Прадпрымальнік Андрэй Бандарэнка сваёй віны не прызнае і тлумачыць перасьлед палітычнымі прычынамі, у прыватнасьці, помстай за ўдзел у парлямэнцкіх выбарах 2008 году.

Актывіст «Маладога фронту» Арцём Дубскі пакараны годам калёніі за парушэньне адбыцьця ранейшага пакараньня, якое атрымаў за дзеяньні падчас несанкцыянаванага мітынгу у абарону прадпрымальнікаў у пачатку 2008 году. Арцёма Дубскага трымаюць ў Магілёўскай калёніі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG