Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апазыцыя імкнецца ў выбарчыя камісіі


Сёньня скончыўся яшчэ адзін прамежкавы этап выбарчай кампаніі — вылучэньне кандыдатаў у склад акруговых выбарчых камісіяў. Такое права мелі палітычныя партыі, грамадзкія арганізацыі, працоўныя калектывы, а таксама паасобныя грамадзяне — праз збор подпісаў. У наступны панядзелак, 8-га лютага, акруговыя камісіі павінны быць сфармаваныя цалкам.

Ці выкарыстоўвае беларуская апазыцыя магчымасьць уключыць сваіх прадстаўнікоў у акруговыя камісіі ў рэгіёнах? Пытаньне дасьледавалі карэспандэнты «Свабоды».

МАГІЛЁЎШЧЫНА


Апазыцыя мае зьвесткі, што ўлада загадзя вызначыла 98% складу акруговых камісій


На Магілёўшчыне апазыцыйныя палітычныя партыі ў склад акруговых выбарчых камісіяў вылучылі 22 сваіх прадстаўнікоў.

Найбольш вылучэнцаў у незарэгістраванай Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі — 11. БНФ і «Справядлівы сьвет» вылучылі па чатыры прэтэндэнты. Трох вылучыла абласная арганізацыя Аб’яднанай грамадзянскай партыі.

Таісія Кабанчук
Лідэр Беларускіх хрысьціянскіх дэмакратаў на Магілёўшчыне Тасія Кабанчук кажа, што кожны з патэнцыйных кандыдатаў на дэпутацтва ў мясцовых саветах ад партыі імкнецца мець свайго прадстаўніка ў акруговай камісіі:

«Дзевяць чалавек у Бабруйску вылучаем ад БХД шляхам збору подпісаў. Калі ўлучаць дваіх, і тое за шчасьце. У нас такія зьвесткі ёсьць, што 98 працэнтаў ужо прызначаныя ў камісіі, а толькі два працэнты пакінутыя астатнім, хто зьбіраецца гуляць на гэтым полі», — зазначае Таісія Кабанчук.

Беларускія «хадэкі» на Магілёўшчыне заяўляюць пра гатоўнасьць вылучыць на дэпутацтва да пяцідзесяці сваіх кандыдатаў. Пакуль знайшлося тры дзясяткі ахвотных.

Абласная арганізацыя Беларускай партыі левых «Справядлівы сьвет» вылучыла ў акруговыя камісіі чатырох сваіх прадстаўнікоў. Двое зь іх маюць досьвед працы ў выбарчых камісіях.

«Гэта рэпэтыцыя хлусьні перад прэзыдэнцкімі выбарамі»


Валер Беразіенка
Старшыня «Справядлівага сьвету» ў рэгіёне Валер Беразіенка: «Двое з тых, якія маюць досьвед, у свой час не падпісалі пратаколаў. Ну, можа, у Бабруйску двое хлопцаў пройдуць? Гэтыя выбары — ашуканства. Яны праводзяць рэпэтыцыю перад прэзыдэнцкімі выбарамі. Правяраюць новы закон, як яго можна абысьці. Яны баяцца апазыцыі як полымя».

Траіх прадстаўнікоў вылучыла на Магілёўшчыне Аб’яднаная грамадзянская партыя. Дваіх — у гарадзкія акруговыя камісіі і аднаго — у сельскую. У кіраўніка абласной арганізацыі Ўладзімера Шанцава пытаюся, ці гэта тая колькасьць, якую можа выставіць партыя ў рэгіёне.

«У людзей ахвота зьнікае ўдзельнічаць з-за таго, што так сябе паводзіць улада. Сьпісы звычайна ўжо надрукаваныя, кандыдатуры не абмяркоўваюцца. Прагаласавалі — як у самыя лепшыя застойныя часы. Некалькі чалавек ад апазыцыі яны выбарачна зацьвердзяць. Я ня думаю, што ўлада рызыкуе. Усё адбываецца на выбарчым участку, мы ж разумеем гэта».

У сфармаваных на Магілёўшчыне тэрытарыяльных камісіях ніводнага апазыцыянэра няма. Палітычныя партыі і няўрадавыя арганізацыя вылучалі туды дзевяць сваіх прадстаўнікоў. Няма апазыцыянэраў і ў абласной камісіі. Туды апазыцыя вылучала траіх прадстаўнікоў. Прадстаўнікі ж праўладнай партыі камуністаў, БРСМ, «Белай Русі» ёсьць у кожнай з камісіяў.

ГОМЕЛЬШЧЫНА


У камісіі — дзьвюма калёнамі


У Жлобінскім раёне сфармаваныя 4 акругі па выбарах дэпутатаў аблсавету.

Валер Рыбчанка
Раённы кіраўнік партыі левых «Справядлівы сьвет» Валер Рыбчанка паведаміў, што разам з АГП левыя накіравалі сваіх вылучэнцаў ва ўсе чатыры акруговыя камісіі.

Апроч таго, у дзьве акруговыя камісіі асобна вылучыла сваіх прадстаўнікоў мясцовая суполка руху «За свабоду». Пра гэта паведаміў мясцовы каардынатар Пятро Кузьняцоў:

«Мы сапраўды хочам працаваць калі не на палітычную, то на электаральную перамогу. У Гомельскай вобласьці рух „За свабоду“ мог бы ісьці адной калёнай з АДС, і адпачатку так і плянавалася. Але АДС акцэнтуюць сваю ўвагу якраз на працы з уладамі, на працы, якая завастраецца на камісіях. У нас крыху іншы падыход, таму ў нас розныя стратэгіі й розныя калёны».

На Гомельшчыне дэмакратычныя сілы вылучылі 63 сваіх прадстаўнікоў у акруговыя выбарчыя камісіі па выбарах дэпутатаў аблсавету. Зь іх 27 — ад Беларускай партыі левых «Справядлівы сьвет», 24 — ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі, 10 — ад руху «За свабоду». Апошнія вылучаліся ў камісіі выключна праз збор подпісаў. Гэткі ж шлях абралі й прадстаўнікі БНФ і «Народнай грамады».

ГАРАДЗЕНШЧЫНА


У Партыі БНФ у рэгіёне — свае амбіцыйныя мэты


На Гарадзеншчыне мясцовыя арганізацыі Партыі БНФ ігнаруюць далучэньне да працы акруговых камісій.

Кіраўнік абласной арганізацыі БНФ Сяргей Мальчык тлумачыць гэта стратэгіяй партыі на цяперашніх выбарах: маўляў, такое рашэньне прымалася на Сойме БНФ.

Са слоў Сяргея Мальчыка, іх партыя асноўныя сілы скіруе на тое, каб вылучыць кандыдатаў у раённыя Саветы і адпаведна — ва ўчастковыя камісіі.

«Няма спадзеву на гэтыя камісіі»


Іван Шэга
Старшыня раённай арганізацыі БНФ у Слоніме Іван Шэга кажа, што трэба сканцэнтраваць сілы ў адным кірунку, каб атрымаць канкрэтны вынік:

«Немагчыма там вынікаў дабіцца, бо ва ўлады там у руках усе рычагі. Там вельмі шмат камісій, і, зразумела, ніхто туды ня пусьціць столькі нашых людзей, а іх усе трэба кантраляваць. А вось на ўчастках, калі нашы людзі туды ўвойдуць, можна рэальна правесьці нармальныя выбары».

Сябра партыі БНФ Алесь Дзергачоў са Смаргоні таксама падтрымлівае падобную тактыку і спасылаецца на досьвед мінулых выбараў:

Алесь Дзергачоў
«Спадзеву на гэтыя камісіі ніякага няма. Мы лічым, што этап рэгістрацыі можна прайсьці і з гэтымі камісіямі, а вось падлік галасоў — вось што найважней скантраляваць... Праўда, практыка паказвае, што ўлада можа не пусьціць і ў гэтыя, і ўва ўчастковыя камісіі нашых сябраў. У іх жа перадузятыя адносіны да апазыцыйных партый».

Партыя левых: «Галоўнае — скарыстаць выбары для прапаганды»


Ад партыі «Справядлівы сьвет» у акруговыя камісіі вылучылі 10 сябраў: у Слоніме, Наваградку, Лідзе, Ваўкавыску, Луньне — па адным і пяць — па Горадні.

Анатоль Іванчанка, кіраўнік абласной арганізацыі, асаблівых ілюзій адносна вынікаў выбараў ня мае, але лічыць, што галоўнае — скарыстаць выбары для прапаганды ідэй сваёй партыі:

«Прапаганда нашай партыі — галоўная задача, каб людзі даведаліся, што існуе такая партыя. Мы вялікіх мэтаў ня ставім, бо ведаем, што нас туды не прапусьцяць, а ўлётачкі раскінем і іншае праагітуем, каб нашу партыю пазнавалі».

АГП прэтэндуе на месцы ў 6-ці камісіях


Таксама на Гарадзеншчыне сваіх прадстаўнікоў у акруговыя выбарчыя камісіі вылучылі Аб’яднаная грамадзянская партыя і рух «За свабоду».

Прадстаўнік АГП трапіў, як вядома, у Гарадзенскую абласную тэрытарыяльную камісію. Гэта выклікала надзею, што нехта з партыйцаў зможа трапіць і ў акруговыя выбарчыя камісіі. Кіраўнік абласной арганізацыі АГП Юры Істомін патлумачыў, што ў акруговыя камісіі вылучаны шэсьць сябраў партыі:

Юры Істомін
«Мы вылучылі сваіх людзей у тыя выбарчыя камісіі, дзе будуць балятавацца нашы кандыдаты ў абласны Савет — у Ваўкавыску ў адной з акругаў, два чалавекі ў Горадні, адзін у Шчучынскім раёне — у Астрынскай акрузе, і таксама два чалавекі ў Астравецкім раёне — па Жупранскай акрузе і па Астравецкай».

Якія спадзяваньні мае АГП адносна сваіх вылучэнцаў у акруговыя камісіі?

Істомін: «Я думаю, што тэндэнцыя захаваецца, як у тэрытарыяльных камісіях. І ёсьць спадзяваньні, што нашы людзі трапяць у акруговыя і будуць кантраляваць, што датычыць падліку вынікаў, а таксама скаргаў, якія на працягу кампаніі будуць пададзены ў камісію».

Рух «За свабоду» спадзяецца на палітычную спагаду з боку ўладаў


Рэгіянальны каардынатар руху «За свабоду» на Гарадзеншчыне Алесь Зарэмбюк паведаміў, што ў Мастоўскім раёне дзьве акругі па выбарах дэпутатаў абласнога савету — Мастоўская № 42 і Дубненская № 43:

Алесь Зарэмбюк
«Мы ўлічылі досьвед вылучэньня сябраў руху „За свабоду“ ў Гарадзенскую тэрытарыяльную выбарчую камісію, куды мы падалі чатырнаццаць заяваў шляхам збору подпісаў. Ніводзін зь іх не патрапіў. Прычыны мы ня ведаем, чакаем адказу з аблвыканкаму. Вырашылі цяпер у такой колькасьці не падаваць, бо ўсё роўна няма сэнсу».

Калі будзе прынята палітычнае рашэньне з боку ўлады, то кагосьці зь сябраў руху ўключаць у камісію, мяркуе Алесь Зарэмбюк.

Зарэмбюк: «Зараз мы падалі кандыдатуры двух прадстаўнікоў нашага руху ў Мастоўскую выбарчую акруговую, а таксама двух прадстаўнікоў — у Дубненскую акруговую камісію. У рэгіёне нашы прадстаўнікі хочуць ісьці на мясцовыя выбары ў Мастах, у Бярозаўцы, у Слоніме, Горадні і, магчыма, у Зэльве».

ВІЦЕБШЧЫНА


У Віцебску сфармуюць камісіі ўжо заўтра


Віцебскія прыхільнікі Беларускага незалежніцкага блёку зьбіраюцца вылучыць да 30 кандыдатаў у дэпутаты мясцовых саветаў.

Хрыстафор Жаляпаў
Сытуацыю тлумачыць каардынатар руху «За свабоду» па Віцебскай вобласьці Хрыстафор Жаляпаў:

«У тых акругах, дзе будуць балятавацца нашы кандыдаты, а гэта ад 20 да 30 акругаў, прыкладна ў 20 мы паспрабуем вылучыць сваіх прадстаўнікоў у акруговыя камісіі. Ёсьць два шляхі вылучэньня — ад зарэгістраванай арганізацыі і шляхам збору подпісаў».

Віцебскі актывіст, экс-палітвязень Сяргей Парсюкевіч, ужо спрабаваў вылучыцца ў абласную выбарчую камісію. Але безвынікова. Яго не пусьцілі нават на працэдуру фармаваньня выбаркаму, бо ён вылучаўся шляхам збору подпісаў, а на пасяджэньне запрашалі толькі абласных партыйных кіраўнікоў.

Сяргей Парсюкевіч зьмяняе тактыку


Цяпер спадар Парсюкевіч хоча трапіць хаця б у акруговую камісію, і для гэтага ён абраў іншы шлях:

Сяргей Парсюкевіч
«Цяпер вырашыў пайсьці ад арганізацыі „Грамадзкае самакіраваньне“ — ёсьць такая арганізацыя, яна зарэгістраваная, усё законна. Так хаця б даведаюся пра прычыны, калі мне адмовяць. А можа, і траплю, усялякае ж бывае, праўда? Тады пагляджу, ці будуць фальсыфікаваць выбары. Хаця... наўрад ці ўсё-ткі мяне туды ўключаць — хапае ж БРСМаўцаў, чальцоў праўладных прафсаюзаў, вэтэранаў...»

Нягледзячы на канкурэнцыю з прадстаўнікамі праўладных структураў, у палову з 60 сфармаваных на Віцебшчыне акругаў хацелі б трапіць прадстаўнікі партыі «Справядлівы сьвет». Пра гэта паведаміў старшыня абласной партыйнай арганізацыі Мікалай Селівашка, якога, дарэчы, усё-ткі ўключылі ў склад абласной выбачай камісіі:

«Заўтра ўжо пасяджэньне аблвыканкаму па зацьвярджэньні камісій, і мы вылучылі 30 чалавек. І сёньня ўжо тых, хто працуе, выклікала кіраўніцтва — маўляў, ці выходзь з партыі, ці застанесься бяз працы. Я пакуль прозьвішчы называць ня буду — баюся, такая інфармацыя пашкодзіць, а людзям жа працаваць трэба!»

Мікалай Селівашка каардынуе працу па выбарах у віцебскай кааліцыі АДС. Але ён кажа, што ня ведае, ці вылучалі кагосьці іншыя структуры. На мінулым пасяджэньні 1-га лютага пра гатоўнасьць вылучыць прадстаўнікоў у акруговыя выбарчыя камісіі не казалі з пэўнасьцю ні кіраўніцтва АГП, ні актывісты сацыял-дэмакратычнай партыі «Грамада».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG