Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто дапаможа беспрытульным у маразы?


Дзесяць бяздомных памерлі ад пераахаладжэньня ад пачатку году ў Менску пры тым, што ў менскім Доме начнога побыту заставаліся вольныя месцы. Як можна дапамагчы выжыць у суровую зіму людзям, якія ня маюць даху над галавой?

Мароз гэтай зімой уразіў ня толькі беларусаў. А бяздомныя ёсьць паўсюль. У Нямеччыне, напрыклад, ад пачатку году замерзьлі 13 беспрытульных. Ва ўкраінскім Харкаве ва ўсіх раёнах гораду адкрытыя пункты раздачы гарачай ежы для беспрытульных людзей. Адначасова для іх зьбіраюць гуманітарную дапамогу — цёплыя рэчы — і плянуюць паставіць адмысловыя палаткі. Займаюцца гэтымі пытаньнямі Міністэрства надзвычайных сытуацый і Дэпартамэнт аховы здароўя і сацыяльных пытаньняў.

У Менску практычна ўсіх ахвяраў знайшлі, калі яны ляжалі на вуліцы ў моцны мароз. Сярод памерлых — адна жанчына. Пра гэта паведаміў старшы памочнік пракурора Менску Сяргей Балаш.

Хто ў нашай краіне апякуецца лёсам бяздомных людзей у лютыя маразы — незразумела. У прэс-службе Міністэрства надзвычайных сытуацый майму пытаньню зьдзівіліся:

«У нас рэагаваньне на надзвычайныя сытуацыі: апэратыўная абстаноўка, пажары... Я магу сказаць, што няма нейкіх парываў труб катастрафічных, гарады не замярзаюць, у такім ключы... Але што тычыцца людзей, якія замярзаюць, — гэта не да нас пытаньне».

У Міністэрстве сацыяльнай абароны таксама лічаць, што лёс бяздомных у маразы — ня іх сфэра дзейнасьці:

Мы адзінае, што для беспрытульных робім — як у маразы, так і без маразоў, — гэта дамы начнога побыту.
«Мы адзінае, што для беспрытульных робім — як у маразы, так і без маразоў, — гэта дамы начнога побыту. Яны ёсьць у Менску і ў Горадні. Там іх адмыюць, накормяць, дапамогуць пашпарты зрабіць».

Згаданы дом начнога побыту на вуліцы Ваўпшасава ў Менску тым часам чакае тых, каму патрэбны дах над галавой. Разьлічаны ён на 92 чалавекі. Кожную зіму наведнікаў становіцца болей:

«Звычайна ўзімку колькасьць людзей, што зьвяртаюцца, павялічваецца. Іншая справа, што ня ўсе вяртаюцца да нас, атрымаўшы накіраваньне на мэдкамісію. Таму што, каб пасяліцца, чалавек павінен прайсьці мэдагляд. На дадзены момант у прытулку засталося 6 вольных месцаў».

Яшчэ ў Менску існуе Дом міласэрнасьці. Пераначаваць там нельга, але можна разьлічваць на іншую дапамогу:

«Гэта можа быць вопратка і ежа. Калі да нас зьвяртаецца бяздомны, мы выклікаем адмыслоўцу, што займаецца гэтай тэмай, ён размаўляе з чалавекам, разьбіраецца ў праблеме і накіроўвае яго».

Быць асьцярожным у моцныя маразы трэба ўсім, папярэджваюць мэдыкі. На станцыі «Хуткай дапамогі» нам распавялі пра асноўныя меры перасьцярогі ў выпадку абмарожаньняў.

«У любым выпадку павінна быць паступовае саграваньне сухім цяплом. Ні ў якім разе ня трэба прымаць гарачую ванну, нельга ўжываць алькаголь, ён узмацняе адмоўныя наступствы пераахаладжэньня. Зьняць зь сябе халодную вопратку, надзець цёплыя рэчы, унутр — цёплы чай».

Круглыя суткі працуе траўмапункт пры станцыі хуткай дапамогі на Кіжаватава, 58. І з апёкамі, і з абмарожаньнямі трэба зьвяртацца туды.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG