Паводле Каваленкі, які 7-га студзеня вывесіў бел-чырвона-белы сьцяг на галоўнай ёлцы Віцебску, з матэрыялаў сьледзтва яму стала вядома, што абвінавачванні супраць яго перакваліфікаваныя.
Сяргей Каваленка кажа, што цяпер яго абвінавачваюць у парушэнні часткі першай артыкула 339 (наўмысныя дзеяньні, якія груба парушаюць грамадзкі парадак і дэманструюць відавочную непавагу да грамадзтва, і суправаджаюцца прымяненнем гвалту або пагрозай яго прымяненьня або знішчэньнем ці пашкоджаньнем чужой маёмасці або адрозніваюцца па сваім змесце выключным цынізмам (хуліганства).
Пакараньне паводле гэтага артыкулу — да трох гадоў пазбаўлення волі. А таксама актывіста вінавацяць паводле артыкулу 363 Крымінальнага кодэксу (супраціў супрацоўніку органаў унутраных спраў або іншай асобе, якая ахоўвае грамадзкі парадак). За гэта Сяргею Каваленку можа пагражаць пазбаўленьне волі на тэрмін ад двух ці да пяці гадоў.
У гэтыя хвіліны Сяргей Каваленка праходзіць псыхіятрычную экспэртызу ў Віцебскім псыханэўралягічным шпіталі, якую прызначыла сьледчая ў ягонай справе.