Паводле іншых абвінавачаньняў лётчыкам пагражае зьняволеньне да 10 гадоў.
12 сьнежня 2009 году самалёт затрымала тайская паліцыя, калі ён прызямліўся ў Бангкоку на дазапраўку рэйсам з Паўночнай Карэі на Ўкраіну. У дакумэнтах было пазначана, што груз гэта “мэханізмы для бурэньня сьвідравін”.
Але падчас ператрусу знайшлі 35 тон зброі, у тым ліку мабільныя ракетныя комплексы, ракеты зямля-паветра і 12 кантэйнэраў з боепрыпасамі.
Пілёты экіпажу казалі, што нічога ня ведалі пра сапраўдны склад грузу.
У складзе экіпажу адзін грамадзянін Беларусі і трое – Казахстану.
Камандзір самалёту Ільяс Ісакаў патлумачыў 25 сьнежня, што груз павінны былі даставіць у кіеўскі аэрапорт “Барыспаль”, а наконт таго, што зь ім зьбіраліся далей рабіць яго ўладальнікі пілётам было невядома.
Ісакаў удакладніў пры гэтым, што экіпаж наняла ўкраінская фірма “Авіятэк”, якая зафрахтавала самалёт у грузінскай кампаніі Air West Georgia.