Цыганкоў: Які галоўныя падзеі году вызначыў Лукашэнка, якія ўрокі ён для сябе зрабіў? Як беларускі прэзыдэнт рэагаваў на эканамічны крызіс, на зьмены ў замежнай палітыцы Беларусі?
Лукашэнка просіць Бога вярнуць дакрызісныя часы
Падгол: Прэсавая канфэрэнцыя паказала, што Лукашэнка ці не ўпершыню быў цалкам не падрыхтаваным да пытаньняў. Нават калі яму іх прынесьлі загадзя — як сказаў Лукашэнка, ён да 4 раніцы думаў, а што за ўрокі прынёс гэты год. Гэта паказвае, што ў ягоным атачэньні абсалютна не крытычная атмасфэра, адны хваласьпевы. Бо ўрокі — гэта трэба крытычна паглядзець на сваю дзейнасьць, а ён ніяк ня можа гэта рабіць.
Урэшце Лукашэнка адзначыў тры моманты — перакос у бок Расеі і неразуменьне заходняй палітыкі, тое, што мадэрнізацыя рабілася хуткімі тэмпамі і тое, што ён народ на руках насіў. Я б нават злучыў тут урокі і ўражаньні. І Лукашэнка кажа, што ён да ўсяго звыклы і ў яго нават уражаньняў няма. А потым кажа, што самае галоўнае ўражаньне — гэта эканамічны крызіс. І калі дзяўчына пытаецца, а што б вы папрасілі, які падарунак сябе хочаце, то Лукашэнка кажа, што папрасіў бы Бога, каб вярнуліся дакрызісныя часы. Вось дзе была кульмінацыя!
Цыганкоў: Я б падтрымаў уражаньні Уладзімера Падгола. Мне таксама падалося, што не было ў Лукашэнкі традыцыйнай энэргіі, драйву, ён выглядаў даволі млявым, стомленым.
Гучалі «правільныя» тэзісы, якія далей перакрэсьліваліся
Класкоўскі: Я б тут зрабіў рэмарку. Гэта ня проста пэрсанальныя якасьці Лукашэнкі, перапады настрою — гэта з-за адсутнасьці палітычнай канкурэнцыі. Я параўноўваю, як нядаўна выступаў Дзьмітры Мядзьведзеў. Гадзіна 20 хвілін, ляканічна, дынамічна. Бо там дыюмвірат, унутры якога ёсьць канкурэнцыя.
Адсутнасьць палітычнай канкурэнцыі размагнічвае, робіць нават харызматычнага Лукашэнку некрытычным да сябе. Адсюль — адсутнасьць драйву, дынамікі, яўна зацягнуты фармат.
Па сутнасьці. Відаць, усё ж быў нейкі канспэкт, і прагучалі «правільныя» тэзы пра ўрокі году, зь якімі цяжка спрачацца. Напрыклад, выснова, што ў свой час надта ляглі на адно, усходняе крыло. Усё слушна, але гэта тэза перакрэсьліваецца, бо ўсё адно трэба будаваць гэты мутны Мытны зьвяз — дазвольце такі калямбур. Праўда, можа зь яго давядзецца яшчэ і ўцякаць. А вось з Эўропай трэба «сурова нахмурыць бровы» і казаць, што мы ня можам ахвяраваць прынцыпамі. То бок перакрэсьліваюцца ў пэўнай ступені магчымасьці супрацы з Эўропай.
Ці іншы тэзіс — трэба было хутчэй мадэрнізавацца. Залатыя словы. Але што мы чуем потым? Што рашучага варыянту рэформаў ня будзе, бо народ да гэтага не гатовы. Дык ні ў якай краіне народ ня будзе выступаць за рэзкія рэформы — заўжды на гэта патрабуецца палітычная воля. А палітычнай волі няма — ці, дакладней, воля ёсьць да іншага — захаваць уладу. І вядома, у год выбараў рызыкоўна ладзіць нейкія рэформы.
Ну і нарэшце, залатыя словы, што трэба пачувацца адной сям’ёй, ня тузацца, не хапацца за грудкі і гэтак далей. Але праходзіць колькі хвілінаў, і на адрас палітычнай апазыцыі льецца проста лаянка. Так што і гэта слушная тэза перакрэсьліваецца.
Так што на прэсавай канфэрэнцыі гаварыліся нібыта правільныя словы, але потым гучалі фармулёўкі, пасьля якіх разумееш, што рэальная палітыка ідзе ўразрэз з гэтымі прыгожымі развагамі.
Цыганкоў: Мне падалося даволі паказальным, што ці не ўпершыню за некалькі апошніх публічных выступаў Аляксандар Лукашэнка ніяк асабліва не зачапіў кіраўнікоў Расеі. Хаця спакусьлівая тэма для гэтага была, калі гаварылася пра цану на нафту і газ, што паўсюль яна таньнее, але толькі для Беларусі расьце. Бо ў нас толькі адзін пастаўшчык, які і навязвае такую цану — пры гэтым Лукашэнка нават не вымаўляў слова «Расея». Чым можна патлумачыць такую асьцярожнасьць і вымушаную стрыманасьць Лукашэнкі?
«Нават на Новы год ён будзе сядзець ля пульту кіраваньня»
Падгол: Уся гэтая прэс-канфэрэнцыя была гіганцкай стартавай пляцоўкай на прэзыдэнцкія выбары. Лукашэнка тут гуляўся з электаратам, як хацеў. Зноў паўтораная тэза, што я на руках нясу народ, што ўсё, што ён ня робіць, гэта дзеля народу. Нават на Новы год ён будзе сядзець ля пульту кіраваньня — вы куляйце сваю чарку, а я буду сачыць, каб нічога не адбылося.
Адсюль і стаўленьне да кіраўніцтва Расеі. Прозьвішчы ён ня ўзгадваў, але ўльтыматум там быў — па Мытным хаўрусе. Калі спыталі, ці можа быць небясьпека ад гэтага ўтварэньня, то Лукашэнка адказаў — ну канечне, калі нас будуць «душыць, страляць», то мы выйдзем з гэтага Мытнага хаўрусу. Тое ж самае было сказана пра кошты на газ, калі ён казаў, што змагаемся за 10 даляраў.
Але яму цяпер ня трэба асабліва дражніць крамлёўцаў, бо па сутнасьці толькі яны будуць прызнаваць вынікі прэзыдэнцкіх выбараў. Відаць ужо, што Эўропа ня будзе прызнаваць гэтыя выбары, бо Лукашэнка даўно ў той бок кінуў, што ніякай лібэралізацыі і дэмакратызацыі ня будзе. Таму ў яго адзіны спадзеў на легітымізацыю ягоных выбараў толькі ўладальнікамі Крамля.
Таму і напружвацца дзеля гэтай «валтузьні» асабліва і ня варта.
Цыганкоў: Калі працягнуць
Для Лукашэнкі абарона сувэрэнітэту і абароны асабістай улады — тоесныя паняцьці.
Класкоўскі: Па-першае, цалкам зразумела, што дзейны лідэр пойдзе на выбары. Цікава гучаў пасаж, што на ўсіх узроўнях патрэбна абнаўленьне кадраў, ратацыя, сьвежыя сілы. Але відавочна, што самы высокі начальнік на сябе гэта не распаўсюджвае. І нават яшчэ ў болей палемічнай форме прагучала ў кантэксьце абароны сувэрэнітэту — маўляў, ня дзеля таго вы мне далі ўладу, каб я яе камусьці аддаваў, у краіне, а тым болей за межамі. Гэта характэрнае выказваньне, якое яшчэ раз пацьвярджае думку, што для Лукашэнкі абарона сувэрэнітэту і абароны асабістай улады — тоесныя паняцьці.
Што да абрысаў будучай прэзыдэнцкай кампаніі, то прагучала красамоўная фраза пра тое, што, маўляў, цяпер ўжо няма патрэбы неяк адміністрацыйна ўзьдзейнічаць, змагацца за ўладу. Гэта канстатацыя таго што мэханізм элегантных перамог сапраўды адладжаны — вэртыкаль працуе як трэба, палітычнае поле выпалена, моцных канкурэнтаў няма. Таму і напружвацца дзеля гэтай «валтузьні» асабліва і ня варта.
Тым болей што ўсё ж трэба неяк і перад Эўропай трымаць твар, захоўваць межы прыстойнасьці, каб не псаваць стасункі. Бо адчувалася, што з Расеяй вельмі цяжка і напружана ўсё складваецца насуперак інтэграцыйнай рыторыцы.
Таму я думаю, што ўлады не плянуюць на выбарах нейкай вялікай брутальнасьці. Вядома, тут усё вельмі непрадказальна, бо могуць спрацаваць «хапальныя» інстынкты. Але пакуль выглядае, што намер такі — трошкі падкруціць гайкі, каб усе баяліся. Калі падсумоўваць, то ў уладаў ёсьць намер правесьці выбарчую кампанію паводле сваёй звыклай схемы.
Выбірайце, «абы не было вайны»?
Падгол: Вельмі цікава, што падчас прэсавай канфэрэнцыі Лукашэнка канстатаваў два ідэалягічныя прынцыпы будучых прэзыдэнцкіх выбараў. Першае — выбары пройдуць пасьпяхова, калі ўзровень жыцьця ня зьнізіцца. Гэта самы галоўны чыньнік — не дэмакратызацыя ці лібэралізацыя, а ўзровень жыцьця.
І другое, ён кажа — я ў вузкім коле сказаў, што галоўнае — каб не было вайны ў выніку крызісу. Такім чынам, гэтая старая ідэялягема — «абы не было вайны» — можа стаць асноўнай падчас прэзыдэнцкай кампаніі.