Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На сцэне Купалаўскага тэатру – новы спэктакль Пінігіна


Сёньня ўвечары на вялікай сцэне Нацыянальнага акадэмічнага тэатру імя Янкі Купалы адбыўся прэм’ерны прагляд спэктаклю “Translations” (“Пераклады”) паводле п’есы ірляндзкага драматурга Браяна Фрыла ў пастаноўцы мастацкага кіраўніка тэатру Мікалая Пінігіна.


Гэта спэктакль пра падзеі ў Ірляндыі ў XIX стагодзьдзі. У цэнтры – жыхары невялічкай вёскі Бэйле Бэг у сваім уласным сьвеце: з сваёй гаспадаркаю, сваёй школаю і сваёй высокай культураю. Яны размаўляюць па-ірляндзку, а таксама ведаюць старажытныя мовы: грэцкую і лаціну. І не гавораць ні слова па-ангельску. Па-ангельску яны хутка мусяць загаварыць, таму што ў іхную ціхую зялёную Ірляндыю прыходзяць ангельскія калянізатары. Калянізатары перапісваюць на свой лад назвы ірляндзкіх мястэчак, адчыняюць новую школу, у якой навучаньне вядзецца па-ангельску, і хутка сутыкаюцца з той праблемаю, што ірляндцы ня хочуць вучыць ангельскую мову і ня хочуць разумець новых гаспадароў.

З аднаго боку, гэта п'еса пра тое, як адбывалася калянізацыя Ірляндыі Англіяй. З другога боку, у п'есе ёсьць яшчэ й лірычны матыў: ірляндзкая дзяўчына пакахала ангельскага жаўнера, але яны не разумеюць таго, што кажуць адно аднаму, і з гэтага ў іх узьнікаюць праблемы.

Спэктакль дзьвюхмоўны: ірляндзка-ангельскі варыянт перакладзены на беларускую дзьвюхмоўную рэчаіснасьць. Акторы, якія выконваюць ролю ірляндцаў, размаўляюць па-беларуску, а тыя, што граюць ангельскіх жаўнераў, ангельскіх калянізатараў, размаўляюць па-расейску. Тыя ж жыхары Ірляндыі, якія імкнуцца загаварыць з ангельцамі ўжо на іх мове, гавораць трасянкаю. Гэта выклікае вельмі ажыўленую рэакцыю публікі: пазнаюцца адразу беларускія рэаліі.

Можна сказаць, што ў гісторыі нацыянальнага тэатру ўпершыню ўзьнята тэма білінгвізму ў сучаснай беларускай дзяржаве. Усё гэта вельмі весела пададзена, спэктакль пастаўлены зь вялікімі рэжысэрскімі знаходкамі.

У пастаноўцы занятае сузор'е актораў Купалаўскага тэатру. Разам з заслужанымі артыстамі Беларусі Сяргеем Краўчанкам, Віктарам Манаевым, Аляксандрам Падабедам у спэктаклі граюць маладзейшыя акторы Сяргей Рудзеня, Аляксандар Казела, Ганна Хітрык, Сьвятлана Анікей, Сьвятлана Зелянкоўская, Валянціна Гарцуева і іншыя.

Для шырокай публікі прэм'ера новага спэктаклю адбудзецца ў найбліжэйшыя сераду, чацьвер і пятніцу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG